Лётчык Аляксандр МАМКІН змог пасадзіць ахоплены агнём самалёт і выратаваць эвакуіраваных дзяцей. Ні слова не сказала фашыстам пра сваіх таварышаў Таццяна МАРЫНЕНКА. Мужна змагалася з ворагам партызанская брыгада «Няўлоўныя» пад кіраўніцтвам Міхаіла ПРУДНІКАВА. Імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны нагадалі вучням Дзісненскай школы ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, куды наведаліся 14 красавіка. З трагічнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, гераічнымі старонкамі барацьбы палачан з нямецка-фашысцкімі захопнікамі школьнікі пазнаёміліся ў музеі баявой славы. Расповяды пра падпольную барацьбу, партызанскі рух, баі па абароне і вызваленні горада, пра мужных змагароў, якія штодня рызыкавалі жыццём дзеля перамогі, нікога не пакінулі раўнадушнымі.
Наведалі выставу «Нельзя забыть. Нельзя понять. Нельзя оправдать. Геноцид белорусского народа». Гэта страшная гісторыя пра тое, як на полацкай зямлі фашысты зганялі ў рабства тысячы людзей, праводзілі карныя акцыі, знішчалі вёскі разам з іх жыхарамі.
У музеі-кватэры Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка бліжэй пазнаёміліся з біяграфіяй мужнай жанчыны, кожны дзень жыцця якой пасля ранення стаў раўняцца да подзвігу.
Даведаліся пра гісторыю Кургана Бяссмерця, што быў адкрыты 3 ліпеня 1966 года.
Узвялі яго з попелу і зямлі са спаленых вёсак, брацкіх магіл і палёў баёў. Ёсць тут зямля і з Брэсцкай крэпасці, і з Альшанскіх могілак у Празе, дзе пахаваны савецкія салдаты, і з многіх раёнаў Беларусі.
Па дарозе дадому дзеці дзяліліся ўражаннямі. Разважалі пра тое, што нельга забываць сваю гісторыю. Беларусы павінны ганарыцца гераічным мінулым нашай краіны і быць годнымі памяці яе абаронцаў.
Алена КРАСОЎСКАЯ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.
Фота аўтара.