Авторизация
 

Малады урач акушэр-гінеколаг Міёрскай ЦРБ Марыя СЕВЕРЫНА: "Тут шмат магчымасцяў для прафесійнага станаўлення"

 Сёлета медыцынскі штат цэнтральнай раённай бальніцы папоўніўся шасцю маладымі дактарамі. На Міёршчыну прыехалі працаваць чатыры ўрачы агульнай практыкі, хірург і акушэр-гінеколаг. Цяпер насельніцтва раёна абслугоўваюць 66 дактароў, 32 з якіх – да 31 года.

 

Урач акушэр-гінеколаг Марыя СЕВЕРЫНА вядзе прыём у міёрскай паліклініцы з 2 жніўня. Першае працоўнае месца радуе маладога спецыяліста прыемнымі зносінамі з пацыентамі, добразычлівасцю і падтрымкай калектыву, шырокімі магчымасцямі для прафесійнага развіцця.

 

Першыя ўражанні пазітыўныя і непадманлівыя

– Да такога доктара, як вы, Марыя, хочацца прыходзіць на прыём, – заўважаю сваёй субяседніцы.
Прыемная ў зносінах, усмешлівая і добразычлівая дзяўчына адразу выклікае прыхільнасць да сябе. Існуе меркаванне, што ўрач – сам лякарства. Ёсць у гэтым свая праўда. Напэўна, добрая энергетыка Марыі Северыной таксама дапамагае яе пацыенткам.

 
– Баялася такой сітуацыі: «Адчыняюцца дзверы ў кабінет, пацыентка глядзіць на мяне і прамаўляе: «А, маладая, лепш я ў другі раз прыйду». Думала, мяне не ўспрымуць усур’ёз як наведвальніцы, так і калегі, – прызнаецца Марыя. – Перажыванні, якія зведала, едучы на працу ў Міёры, аказаліся дарэмнымі. Тут ёсць усё, што трэба маладому спецыялісту для прафесійнага росту. Прыемна здзівіла новая бальніца з сучасным абсталяваннем. Калектыў сустрэў гасцінна і цёпла, кіраўніцтва падтрымлівае маё імкненне вучыцца і развівацца ў прафесіі. Прыносіць задавальненне работа з пацыенткамі, якія прыходзяць на прыём.

 

Вырашыла сустракаць жыццё

У Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт выпускніца Дзісненскай школы паступала па мэтавым накіраванні. Тады яшчэ не думала, у якой спецыяльнасці сябе рэалізуе. Першачарговай была мэта стаць студэнткай і ў будучым займацца справай, што вабіла са школьнай пары.

 
– Цікава было разбірацца ў прычынах захворванняў, вызначаць, чаму яны працякаюць так, а не інакш. Са школьных прадметаў найбольш падабаліся біялогія і хімія. Да таго ж у сям’і шмат медыкаў. Мая маці Алена Іванаўна медсястрой працуе. Тата Валерый Васільевіч марыў, каб я стала ўрачом і верыў, што ў мяне ўсё атрымаецца. Больш за ўсіх радаваўся, калі паступіла на бюджэт. На жаль, у 2017 годзе таты не стала. Аднак яго і мая мара ажыццявілася, – расказвае Марыя. – Пасля пятага курса доўга вызначалася са спецыялізацыяй, бо цікавіла ўсё: і тэрапія, і анестэзіялогія, і акушэрства. У рэшце рэшт вырашыла, што хачу сустракаць новае жыццё.

 
Пасля заканчэння ўніверсітэта Марыя год праходзіла інтэрнатуру ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Маці і дзіця» ў Мінску. Сёлета прыехала па размеркаванні ў Міёрскую ЦРБ.

 

Любімая справа без гадзінных рамак

Рабочы дзень урача акушэра-гінеколага пачынаецца ў 8.00 у паліклініцы і нярэдка завяршаецца познім вечарам у акушэрскім аддзяленні бальніцы. Туды маладога спецыяліста вядзе ўласнае жаданне вучыцца і развівацца ў прафесіі. Таксама Марыю Северыну ставяць у графік экстранных дзяжурстваў па выхадных.

 
– Добрай практыкай для мяне стала інтэрнатура ў РНПЦ «Маці і дзіця». Часта асісціравала на аперацыях. Рада, што ў Міёрах магу далей замацоўваць атрыманыя навыкі, – заўважае субяседніца. – Бываюць складаныя выпадкі і цяжкія дні, пасля якіх вяртаешся дадому вельмі стомленай фізічна, а на душы так радасна ад таго, што змаглі дапамагчы чалавеку.

 
Па словах Марыі, некаторыя яе аднагрупнікі, прыехаўшы на першыя рабочыя месцы, расчараваліся ў абранай спецыялізацыі ці наогул у прафесіі. Яна ж, наадварот, упэўнілася ў правільнасці выбару. Удзячна за падтрымку загадчыку акушэрскага аддзялення Івану Крылову, падкрэслівае багаты вопыт і высокі прафесіяналізм сярэдняга медперсаналу, які дзейнічае аператыўна і зладжана. Канструктыўныя зносіны будуе са сваімі пацыенткамі. Нагадвае ім пра важнасць унутранага настрою, ад якога залежыць эфект лячэння ці працяканне цяжарнасці.

 
– Кожнай жанчыне заўважаю, што перш-наперш трэба ўсё правільна выбудаваць у галаве. Калі падчас цяжарнасці акцэнтаваць увагу на негатыўных момантах, гэта будзе адбівацца на самаадчуванні, – адзначае доктар.

 
Прафесія ўрача не ведае гадзінных рамак, лічыць Марыя Северына. Шмат часу праводзіць за кнігамі па медыцыне. Сабрала і працягвае папаўняць уласную бібліятэку прафесійнай літаратуры. Мастацкія творы таксама падабаюцца, але медыцына ў прыярытэце.

 

Верагодна, тут захочацца застацца

Тэрмін адпрацоўкі ў маладога спецыяліста – пяць гадоў. Дакладных планаў Марыя не будуе, але не выключае, што яны таксама будуць звязаны з Міёрамі.
– Гэта радзіма майго мужа Ягора. Пазнаёміліся, калі я школу скончыла, а мінулым летам ажаніліся. Муж пакуль у Мінску на будаўніцтве заняты, хутка вернецца дадому. Жывём з яго бацькамі. Мне далі пакой у інтэрнаце, плануем туды перабрацца. Марым пра ўласны дом, – расказвае субяседніца. – Мне падабаюцца Міёры. Невялікі гарадок, у якім людзі добразычлівыя і ўсё побач. У сталіцы на работу хвілін сорак дабірацца трэба. Тут цудоўная прырода. Да маёй роднай Дзісны, якую вельмі люблю, паўгадзіны на аўтамабілі. Як малады спецыяліст маю тут шмат магчымасцяў для прафесійнага станаўлення. Верагодна, што захочацца застацца ў Міёрах.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота Кацярыны РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 сентября 2021
Виктор, Герман, Дмитрий, Лев, Николай, Петр, Роман, Сергей, Евдокия, Ия, Карп

Именины 23 сентября 2021
Андрей, Василий, Гавриил, Глеб, Евгений, Иван, Климент, Константин, Николай, Павел, Петр, Татьяна, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта