Авторизация
 

Параўнанне пакаленняў: меркаванне

 Каб даваць ацэнку сучаснаму пакаленню, яго ў некаторай ступені трэба параўнаць з пакаленнем мінулым, сцвярджаў беларускі скульптар Заір Азгур. Не стаўлю за мэту ачарніць сучаснікаў, як і не стаўлю за мэту захапляцца імі. Я толькі хачу паказаць тыя рысы ўнутранага свету, якія мы губляем сёння.

 

Пасля вайны ў нашай глушы (па-іншаму маю малую радзіму не назавеш) – Баркоўшчыне, Фядосаве, Ліпне, Мерзляках і іншых 16 вёсачках і хутарах – пра клуб мы і не марылі. Суботнія танцы ладзілі ў прыватным доме са згоды гаспадароў, узяўшы на сябе абавязак пасля гулянкі ўсё прывесці ў парадак. Арганізатарамі і выканаўцамі мерапрыемства была сама моладзь. Старэйшыя не дапамагалі, ды мы ў гэтым і не мелі патрэбы.

 
Танцы былі па суботах. А як правесці «вольны» час у буднія дні? Я невыпадкова вылучыў слова вольны. Гэта час прыкладна з дзевяці гадзін вечара да апоўначы. Іншага не мелі. Але было вялікае жаданне сустракацца і культурна адпачываць. Старэйшыя хлопцы накіравалі хадакоў да старшыні калгаса Васіля Паршуты. Чалавек ён мясцовы, прымудроны вопытам. Хоць граматы вялікай не меў, але быў тонкім псіхолагам. Наша справа да яго была ў тым, каб вылучыў нам у калгасным лесе матэрыял змайстраваць арэлі. Вядома, бясплатна, бо грошай у нас не было.

 
Просьбу нашу задаволілі. Больш за тое: брыгадзіру паступіла ўказанне даць каня і паспрыяць у дастаўцы матэрыялу. Старшыня разумеў, што сярод нас былі юнакі 15 – 16 гадоў, якія плячо ў плячо штодня з мужыкамі выходзілі на касьбу і стараліся працаваць на роўных. Налічвалі 1, 25 працадня за 30 сотак скошанай травы. Грошай за працадзень не плацілі. Фактычна дармавы будматэрыял быў свайго роду аплатай за нашу працу. Але мы мералі іншай меркай – як прэміяльныя за добрасумленную працу – таму шчыравалі яшчэ больш. Гэта быў стымул нам ад разумнага кіраўніка.

 
Арэлі пабудавалі. З’явілася новая праблема – патрэбны былі шарнірныя злучэнні і акоўка рухаючай рамы, метал. Пайшлі на паклон да каваля Сцяпана Шэнды. Дамовіліся хутка і грунтоўна. Ён у самы бліжэйшы час рыхтуе кавальскія вырабы са свайго матэрыялу, а мы, як толькі калгас дае дзялку сенакосу на карову, дапамагаем яму нарыхтаваць сена. Ніхто нікога не прымушаў прымаць удзел у будоўлі арэляў. Яўка была добраахвотная і настолькі масавая, што не ўсім хапіла працы. Вось такія сацыяльная натура і ўнутраны свет маладога чалавека 70-гадовай даўніны.

 
Былі і іншыя. Але яны не маглі ўтварыць сваё кодла, не маглі ўплываць на маральны стан моладзі, вымушаны былі падпарадкоўвацца ўсе- агульнаму парадку. Гэта дыктатура большасці над адзінокімі адшчапенцамі.

 

Чаму звяртаюся да тых далёкіх падзей? Ці знойдзецца хоць адзін чалавек 85 – 90-гадовага ўзросту на ўсё Сіцькова, Турчына ці Бандарцы, хто памятае гэтыя ці іншыя выпадкі нашай юнацкай пары? Успамінаю таму, што нам ніхто не дапамагаў, а тым больш, ніхто не камандаваў, не навязваў сваю ідэю, не вёў уліку мерапрыемстваў. Мы жылі клопатамі грамадства. Разумелі, што ўвесь дабрабыт – эканамічны, культурны, сацыяльны – залежыць ад нас саміх. Працавалі не пакладаючы рук.

 
Мы ўсе сродкі зараблялі самі, нам нянек не трэба было. На арэлях таксама спаборнічалі, хто разгойдаецца на большую амплітуду. Але месцы не размяркоўвалі. Мы жылі тым жыццём, якое нас задавальняла, зыходзячы з матэрыяльных магчымасцей таго часу. Ніхто нават падумаць не мог пра тое, што за ўдзел у мерапрыемстве павінны ўзнагародзіць, як цяпер. Гэта ўтрыманства.

 
У «Віцебскіх вестках» прачытаў пра пастаўскіх вучняў, што паспяхова выступілі на абласных алімпіядах. Прыгадаў артыкул пяцігадовай даўніны з выдання іншага раёна, у якім распавядалі пра 25 школьнікаў, што атрымалі пяць дыпломаў І ступені, столькі ж другой і трэцяй. Парадаваўся за чужыя поспехі. Між тым школьнікі з Міёрскага раёна апошнім часам у асноўным вызначаюцца на абласных алімпіядах па працоўным навучанні і фізкультуры. Няўжо не знайшлося ніводнага вучня, які б змог годна паспаборнічаць у фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі? Затое якія маем поспехі ў забаўляльных мерапрыемствах! Мы лянуемся пераадольваць цяжкасці, а таму і такія вынікі.

 

Фадзей ШЫМУКОВІЧ.

Фота для ілюстрацыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта