Апошні месяц навучальнага года дзісненскім школьнікам запомніцца ўдзелам у аўтапрабегу «Дарогамі вайны – дарогамі Перамогі». Дзеці пражылі ўрачыстыя моманты, глыбей асэнсавалі падзеі, што адбываліся на нашай зямлі ў 1941 – 1944 гадах.
Дзісненскі рубеж, дзе ў першыя дні вайны ішлі жорсткія баі. Наш родны горад Дзісна, на чыіх вуліцах калісьці гучалі выбухі і стрэлы. Выступаючы на ўрачыстым мітынгу, старшыня савета дружыны імя Героя Савецкага Саюза М. Кузьміна Арцём Шкялёнак і сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Анастасія Козел ад імя маладога пакалення паабяцалі захоўваць памяць пра вайну. Разам з удзельнікамі мітынгу школьнікі пасадзілі алею Памяці, усклалі кветкі на пліты з імёнамі загінулых салдат.
Далей маршрут пралягаў праз Міёры і вёску Тычкі, дзе ў ліпені 1944-га ў няроўным баі з ворагам праявіў мужнасць і гераізм Віктар Бабічаў, якому было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Па дарозе дадому дзеці абменьваліся ўражаннямі і сышліся ў меркаванні, што падобныя мерапрыемствы ў першую чаргу патрэбны для сучаснай моладзі.
– Адчуваеш сябе адзіным цэлым з усімі, нават незнаёмымі людзьмі, бо нас аб’ядноўваюць агульная памяць і гордасць за свой народ, які выстаяў у страшных бітвах, – гаворыць Саша Глінскі.
– Мерапрыемства вельмі ўразіла мяне і маіх равеснікаў, – дзеліцца Насця Козел. – Да падобных ініцыятыў важна далучаць моладзь: за намі будучае краіны і мы адказныя за тое, якім яно стане.
Падчас аўтапрабегу ў Насці склаліся вершаваныя радкі:
Дорогами войны, дорогами Победы
Сегодня мы прошли, как прадеды и деды.
Они в лихих боях свободу защищали,
Чтоб внуки никогда тех тягот не познали.
Полощет ветер стяги под нашим мирным небом,
И помним мы отвагу принесших нам Победу.
И каждый их потомок, флажком в строю махая,
Быть подвига достойным в день майский обещает.
Словы ўдзячнасці за магчымасць паўдзельнічаць у аўтапрабегу школьнікі выказваюць дырэктару аўтасэрвіса «Дзвіна» Эдуарду Цярэшка і начальніку аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандру Жуку.
Алена КРАСОЎСКАЯ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.
Фота аўтара.