На сцэне раённага Дома культуры – выхаванцы і педагогі дзіцячай школы мастацтваў. У глядзельнай зале – вучні-пачаткоўцы са школ райцэнтра. Іх запрасілі на канцэрт паслухаць жывую музыку, палюбавацца гармоніяй танца, убачыць на свае вочы, чаму вучаць у творчай установе.
– Ой, а вось мая работа!
– А гэта мая!
Радаваліся дзеці, убачыўшы сваю творчасць сярод прадстаўленых на выставе ў фае маляванак, пано з саломкі, нацюрмортаў і іншых работ выхаванцаў аддзялення выяўленчага мастацтва. Разгледзеўшы цікавыя малюнкі і вырабы, юныя школьнікі спяшаліся ў глядзельную залу, дзе сустрэча з прыгожым прадоўжылася гукамі музыкі.
Вядучыя канцэрта – педагог Яўгенія Шук і вучань Раман Шокель – расказвалі гледачам пра аддзяленні школы мастацтваў і навыкі, якія атрымліваюць тут выхаванцы. Юныя музыканты працягвалі расповяды ігрой на розных інструментах. Аляксандра Сыч – на акардэоне, Павел Лаздоўскі і Мікіта Тарноўскі – на балалайцы, Аляксандр Шамёнак – на электрагітары, Анастасія Кунцэвіч – на фартэпіяна, Варвара Мацур – на скрыпцы. Больш за дваццаць нумароў значылася ў канцэртнай праграме. Танцавалі выхаванцы харэаграфічнага аддзялення, спяваў дзіцячы вакальны ансамбль «На біс!», іграў ансамбль настаўнікаў «InSound». Вучні выступалі сольна і разам са сваімі педагогамі. Нумары некаторых артыстаў доўжыліся не больш за хвіліну, аднак былі цікавымі для гледачоў і асабліва запамінальнымі для тых выканаўцаў, якія выходзілі на сцэну ўпершыню.
Адчуць сябе ў ролі музыкантаў прапанавалі дзецям з глядзельнай залы. Запрасілі на сцэну траіх смельчакоў, уручылі ім баян, балалайку і маракас. Аркестр заіграў вясёлую мелодыю, а новаспечаныя артысты, як маглі, падтрымлівалі рытм. Як заўважылі вядучыя, каб выйсці на сцэну і выступіць з нумарам, трэба доўга і шмат працаваць. Аднак у працэсе навучання дзеці спазнаюць радасць творчасці, вучацца бачыць прыгожае ў звычайным. Юных гледачоў педагогі і выхаванцы запрашалі прыходзіць не толькі на канцэрты, але і на заняткі. Верагодна, кагосьці прапанова зацікавіць.
Чым ПРЫЦЯГВАЕ школа мастацтваў вучняў
Аляксандра Забароўская:
– Я вучылася ў другім класе, калі да нас прыйшла педагог са школы мастацтваў Тамара Яўгенаўна Валчок і прапанавала запісацца на заняткі. Мне было цікава, як людзі іграюць на скрыпцы, таму выбрала гэты інструмент. Сем гадоў Тамара Яўгенаўна са мной займаецца. Люблю іграць розныя творы, падабаецца выступаць з аркестрам, дзе мы выконваем розныя пазітыўныя п’есы, якія ўздымаюць настрой. У школе мастацтваў пашырыла свой кругагляд. На ўроках музычнай літаратуры даведалася пра вядомых кампазітараў, на занятках сальфеджыа навучылася будаваць трытоны, характэрныя інтэрвалы, паслядоўнасць акордаў і так далей.
Анастасія Каськевіч:
– У школу мастацтваў мяне запісалі бацькі. Вядома, спачатку спыталі, ці будзе мне цікава вучыцца іграць на акардэоне. Сёлета я выпускніца. Добра асвоіла інструмент. Падчас заняткаў даведвалася шмат новага і цікавага. Гэта паспрыяла самаразвіццю і пазнанню сябе.
Анастасія Шпартко:
– З дзяцінства я была вельмі цікаўнай, таму не прамінула магчымасці навучыцца іграць на скрыпцы. Мая мама думала, што мне гэта надакучыць праз год і я перастану займацца. Сёлета заканчваю школу мастацтваў і ганаруся гэтым. Ёсць думкі вучыцца музыцы далей. Удзячна педагогу Тамары Яўгенаўне Валчок. Яна дапамагла раскрыць мой талент, падтрымлівала ў складаныя моманты.
Вельмі падабаецца іграць у аркестры, выступаць на мерапрыемствах і святах. На словах не перадаць хваляванне, якое адчуваеш перад выхадам на сцэну. Асабліва калі іграеш галоўную партыю перад вялікай колькасцю гледачоў, а твой акампаніятар наводдаль ад цябе. Разам з тым гэта дапамагае развіваць упэўненасць і з часам пачынаеш адчуваць сябе на сцэне як дома. Падчас вучобы ў школе я шмат чаго пераадолела, былі вясёлыя і сумныя моманты. І ўсё гэта каштоўны вопыт, які будзе папаўняцца.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.