Информационная встреча «Мир без насилия» с учащимися миорских школ прошла в ТЦСОН

 Пастаянныя насмешкі, недарэчныя жарты, крыўдныя каментарыі, плёткі ў адрас чалавека – усё гэта праяўленні булінгу. З падобнымі сітуацыямі так ці інакш сутыкаўся кожны, перажываючы страх, віну, сорам, бездапаможнасць, нянавісць, адчай. Булінг можа адняць у чалавека жаданне жыць, яго наступствы часам адгукаюцца праз шмат гадоў. Пра траўлю і спосабы ёй супрацьстаяць гутарылі з вучнямі міёрскіх школ у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Інфармацыйная сустрэча «Свет без гвалту» праходзіла падчас рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «Дом без гвалту».

 

Свет без гвалту пачынаецца з асобнага дома, адзначыла вядучая Валянціна Пундзіс. Выхаванне ў свядомасці міралюбнасці і негвалтоўнасці важна пачынаць з малых гадоў. У прыклад прывяла мультфільм «Смешарики», у якім героі жывуць у свеце без гвалту і зла, а сутыкаючыся з маральна-грамадскімі праблемамі, знаходзяць пазітыўнае выйсце. Прыгадалі фільм «Чучело», зняты ў 1983 годзе, які не страчвае актуальнасці ў наш час. Агрэсія ў падлеткавым асяродку набывае новыя маштабы: ахвярам булінгу часам не проста аб’яўляюць байкот, а нават даводзяць іх да суіцыду.

 
Удзельнікам сустрэчы распавялі пра разнавіднасці булінгу, сярод якіх самая небяспечная – кібербулінг. Простымі словамі, траўля ў інтэрнэце. Праз сацыяльныя сеткі ці электронную пошту. У адрас ахвяры дасылаюць негатыўныя паведамленні і каментарыі, узламваюць яе акаўнты, распаўсюджваюць плёткі. Складаецца ўражанне, што крыўдзіцелі паўсюль, нават дома, і ад іх няма куды схавацца. Гэта можа мець цяжкія наступствы.

 
Булінг – сумная гісторыя з трыма групамі ўдзельнікаў. Ахвяры, агрэсары і назіральнікі. Першым уласцівы пачуццё- васць, трывожнасць, фізічная слабасць, нізкая самаацэнка, у іх мала сацыяльнай падтрымкі, сяброў. Ахвярамі булінгу часта становяцца дзеці, што маюць цяжкасці ў навучанні, хранічныя захворванні, асабліва якія ўплываюць на знешнасць. Агрэсараў адрознівае высокі эмацыянальны інтэлект. Добра распазнаюць чужыя эмоцыі і псіхічныя станы, паспяхова маніпуліруюць. Асноўныя матывы – патрэба ўлады і пачуццё задавальнення ад учынення шкоды іншым. Вызначальную ролю іграюць назіральнікі. Іх далучэнне да траўлі – для агрэсара ўзнагарода, спроба падтрымаць ахвяру – сігнал стоп.

 
Страх насмешак і праследаванняў часта перашкаджае ахвяры расказаць пра сваю праблему і паспрабаваць яе вырашыць. Між тым насіць гэта ў сабе нельга, абавязкова трэба звяртацца па дапамогу. Звярнулі ўвагу старшакласнікаў на фразы, якія нельга гаварыць ахвяры булінгу, жадаючы ёй дапамагчы. У тым ліку выразы «Ты сам вінаваты», «Шукай прычыну ў сабе», «Будзь мацней і дай здачы», «Не скардзіся», «Ты павінен справіцца сам». Да прыкладу, парады тыпу «Не звяртай увагі», «Ігнаруй крыўдзіцеля, і ён перастане» фарміруюць няправільнае ўяўленне. Падлетак зробіць вывад: мне дрэнна, але я павінен маўчаць і рабіць выгляд, што ўсё ў парадку. У выпадку булінгу гэта не заўсёды спрацоўвае. Крыўдзіцель выбраў сабе аб’ект траўлі і, не атрымаўшы жаданага выніку, можа звярнуцца да яшчэ больш жорсткіх спосабаў.

 
Лепш сказаць так: «Малайчына, што расказаў мне пра гэта, дзякуй». І звярнуцца па дапамогу да дарослых. Пра адказнасць за супрацьпраўныя ўчынкі нагадала школьнікам старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Святлана Хаданёнак.
Загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Ала Федарэц падкрэсліла, што кожны чалавек – унікальная асоба. У нечым ён непаўторны і па-за ўсялякай канкурэнцыі. Кожны з нас заслугоўвае добрых адносін.

 
Правялі з дзецьмі псіхалагічныя практыкаванні, падчас якіх яны правяралі на сабе дзеянне пазітыўных і негатыўных установак, вучыліся правільна рэагаваць на непрыемныя сітуацыі і адстойваць асабістыя граніцы. На памяць усе атрымалі буклеты «Не – гвалту над дзецьмі» ад Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

  

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота для ілюстрацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.