Максим ДУЛИНСКИЙ и Владимир ТОМКО из Чепуковской школы заняли второе место на республиканском этапе конкурса

 Рэспубліканскі этап спаборніцтваў па зімовым шматбор’і «Абаронца Айчыны» штогод праходзіць напрыканцы лютага. Сёлета ўдзельнічалі пяць каманд. Гонар Віцебскай вобласці абаранялі ў тым ліку адзінаццацікласнікі з Чапукоўскай школы Максім ДУЛІНСКІ і Уладзімір ТОМКА. Камандны вынік – другое месца. Такую ж прыступку п’едэстала заняла старэйшая група, у якой выступалі хлопцы. 

 

Вынік каманды вызначаюць дасягненні ўдзельнікаў

– Усяго ў камандзе ад вобласці дзесяць чалавек. Па пяць – у малодшай і старэйшай групах, – тлумачыць Максім Дулінскі (на фота справа). – На рэспубліцы мы выступалі другі год. У мінулым занялі трэцяе каманднае месца, а я стаў трэцім у асабістым заліку.

 
– Удзел у такіх спаборніцтвах – магчымасць паказаць сябе, пазнаёміцца з такім ж захопленымі спортам хлопцамі, паглядзець іншыя гарады. Сёлета шматбор’е праходзіла ў Магілёве, – дапаўняе сябра Уладзімір Томка. – Паспяховыя выступленні даюць стымул развівацца далей.
Зімовае шматбор’е «Абаронца Айчыны» ўключала тры віды спаборніцтваў: бег на лыжах, стральба, падцягванне. Агульнакамандны вынік складалі поспехі кожнага ўдзельніка. Да прыкладу, Уладзімір падцягнуўся 21 раз, Максіму залічылі 23.

 
– Падцягванне судзілі вельмі строга, – заўважае Максім. – Усяго я падцягнуўся 27 разоў, але апошнія чатыры з парушэннямі тэхнікі выканання.

 
У стральбе з магчымых 50 ачкоў Максім выбіў 33, Уладзімір – 36.

 
– Тут хлопцам не вельмі пашанцавала. Відаць, сказалася хваляванне. Дома падчас трэніровак Максім мог і 49 выбіць, – далучаецца да размовы настаўнік фізкультуры Віктар Маскалёў.

 

 Спорт – пуцёўка ў жыццё

Урокі фізкультуры Віктар Уладзіміравіч вядзе ў хлопцаў з пятага класа. Гаворыць, класа да восьмага яны асабліва не вызначаліся, пасля сталі праяўляць да спорту павышаную цікавасць. Удала супалі захопленасць сваёй справай педагога са стажам больш чым у 30 гадоў і жаданне вучняў трэніравацца і дабівацца поспехаў.

 
– Трапіць у абласную каманду і абараняць яе гонар на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў – задача не з простых. І тое, што сярод удзельнікаў двое вучняў звычайнай сельскай школы, значыць шмат, – падкрэслівае настаўнік. – Хлопцы мэтанакіраваныя, займаюцца не толькі на ўроках фізкультуры. Часта заўважаю то аднаго, то другога на вясковых вуліцах на прабежцы.

 
Прыемна педагогу, што яго выхаванцы вырашылі звязаць са спортам будучую прафесію. Максім намераны паступаць на факультэт фізічнага выхавання ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Уладзімір выбраў факультэт фізічнай культуры і спорту Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава.

 
– Спорт – гэта прэстыжна. Ён дае пуцёўку ў жыццё, – упэўнены Уладзімір.

 
Дарэчы, тры гады хлопец займаўся боксам. На заняткі ў спартшколу ў Міёры з Кацілава дабіраўся пешшу ці бегам. Цяпер на гэта часу не хапае, у выпускным класе трэба надаваць больш увагі вучобе і падрыхтоўцы да экзаменаў.

 

Акцэнт на перамогу. Перш-наперш – над сабой

Спорт застаецца ў спісе галоўных спраў адзінаццацікласнікаў. Цяпер рыхтуюцца да шматбор’я «Здароўе», раённы этап якога пройдзе ў канцы сакавіка. Тут таксама давядзецца паспаборнічаць у стральбе і падцягванні, яшчэ чакаюць бег на тры кіламетры, плаванне. Дарэчы, у мінулым годзе на рэспубліцы ў гэтым спаборніцтве сярод сельскіх школ Максім Дулінскі быў трэцім у асабістым заліку.

 
На настойлівасць у дасягненні мэт і перамогу, у тым ліку і над сабой, нацэльвае сваіх выхаванцаў педагог.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.