Уладзіслаў Кліпацкі да 9-га класа вучыўся ў СШ №3, а сёння — навучэнец Віцебскага кадэцкага вучылішча, якое знаходзіцца ў Лужасна (з гэтага года Лужаснянская гімназія атрымала новы статус). Уладзіслаў, як і большасць хлопчыкаў, з малых гадоў захапляўся футболам: бегаў на стадыён глядзець як гуляюць старэйшыя, сачыў за спартыўнымі падзеямі па тэлебачанні, з аднагодкамі бавіў час вечарамі на полі з мячом.
У падлеткавым узросце пачаў наведваць секцыю па футболу ў ДЮСШ. Узгадваў, як ездзілі на розныя спаборніцтвы з трэнерам Вячаславам Васільевічам Богушам. Адно з апошніх, якое праходзіла вясной, асабліва запомнілася, бо на вобласці тады занялі другое месца, абыграўшы Лужаснянскую каманду, якая праводзіць сустрэчы з футбалістамі з клуба БАТЭ.
Увогуле, Віцебскае кадэцкае вучылішча мае два накірункі: спартыўны і гуманітарны. Мара паступіць туды не пакідала Уладзіслава амаль два гады. Здаваць «экзамены» ездзіў з сябрам Аляксандрам Пяткевічам яшчэ пасля восьмага класа. Мэтанакіравана хлопцы пайшлі на іспыты гэтым летам, калі атрымалі базавую адукацыю.
Амаль два тыдні праходзілі здачы розных нарматываў, віцебская медкамісія праверыла здароўе хлопцаў. У пачатку жніўня патэлефанаваў адзін з выкладчыкаў вучылішча і паведаміў радасную навіну, што яны залічаны. Выпрабаванні прайшлі паспяхова, і мара Аляксандра і Уладзіслава збылася, цяпер вучацца ў адной групе. Ва ўрачыстай абстаноўцы 1 верасня адбылося пасвячэнне ў кадэты. Святар іх благаславіў на няпросты шлях навукі.
— Вучыцца цікава, два разы на дзень праводзяцца спартыўныя трэніроўкі, асвойваем і агульнаадукацыйныя прадметы. Распарадак дня падобны на армейскі — пад’ём у 7.00, а адбой у 22.00, адводзіцца некалькі гадзін на выконванне дамашніх заданняў, — дзеліцца ўражаннямі Уладзіслаў.
Яго малодшы брат Віктар таксама ў гэтым годзе працягвае вучобу ў іншым месцы — у Полацкім кадэцкім вучылішчы. Займаецца ў дзевятым класе і таксама выбраў спартыўны накірунак.
Падтрымлівае Уладзіслава і Віктара ва ўсіх справах самы дарагі чалавек, нязменны сябра і першы дарадца, педагог па адукацыі — іх маці Жанна Францаўна Кліпацкая. Каб быць бліжэй да сваіх кадэтаў, тым больш, што малодшаму пакуль не выдзелілі месца ў інтэрнаце, пераехала ў Полацк, дзе і працягвае сваю настаўніцкую працу ў адной з сярэдніх школ горада.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.