Авторизация
 

Салодкі бонус для кандытара – добрыя водгукі, лічыць Ірына Лукоўская з Міёр

 Раней у лексіцы Ірыны Лукоўскай пераважалі словы «актывы», «баланс», «калькуляцыя», «улік». Яна працавала бухгалтарам. Цяпер штодня гучаць словы «бісквіт», «глазура», «крэм-чыз», «маскарпонэ». Распачала ўласную кандытарскую справу.

У кубачках – духмяная кава, на стале – апетытны мерэнгавы рулет, аздоблены міндальнымі пялёсткамі і натуральнымі ягадамі. Шкада наразаць гэту прыгажосць, але кандытарскія вырабы гатуюць не толькі для эстэтыкі.

– Частуйцеся, – усміхаецца гаспадыня. – Дарэчы, гэта любімы ласунак мужа. Дзецям больш даспадобы булачкі.

 У сям’і Ігара і Ірыны Лукоўскіх растуць двое сыноў. Ільі хутка споўніцца 14 гадоў, Мікіту будзе тры. Менавіта дзень нараджэння малодшага хлопчыка стаў для Ірыны нагодай задумацца пра сваю кулінарную справу.


 – На годзік заказалі торт. На смак нядрэнны, а вось знешняе афармленне мне не спадабалася. Дэкор зусім не адпавядаў дзіцячаму святу, – расказвае субяседніца. – Торт, канешне, з’елі. Аднак непрыемны асадак у мяне застаўся.


Наступным знакам заняцца прыгатаваннем салодкіх ласункаў стаў распродаж кандытарскіх прылад у інтэрнэт-магазіне. Адыграла сваю ролю падтрымка мужа. У выніку другі водпуск па доглядзе дзіцяці стаў для Ірыны і кандытарскай школай.

 Вучыцца пачынала самастойна, карыстаючыся падказкамі з інтэрнэту. Спробы не заўсёды былі ўдалымі. Ірына з усмешкай прыгадвае, што давялося папсаваць нямала прадуктаў.


 Дэгуставалі ласункі родныя і сябры. Прапаноўваць сваю салодкую творчасць іншым Іра не спяшалася. Хацелася набіць руку, набрацца вопыту і ўпэўненасці.


Праз «Інстаграм» пазнаёмілася з работамі майстра кандытарскай справы Ганны Жыхаравай з Полацка. Пабывала ў яе на майстар-класах па вырабе тортаў, пернікаў і дэсертаў.


 – Навучанне платнае, але цалкам апраўдвае затраты, – заўважае Ірына. – Атрымалі сем рэцэптаў тортаў, навучыліся іх упрыгожваць. Да гэтага часу я думала, што не ўмею ляпіць з масцікі. Аказалася, наадварот.

 На практыцы масціку для афармлення тортаў Ірына не выкарыстоўвае. Выбірае крэм-чыз. Для дэкору гатуе шакаладныя шары, ледзяшы, безэ. Лічыць, што ў торце ядомымі павінны быць усе кампаненты.


– Часам просяць упрыгожыць торт жывымі кветкамі. Асабліва сярод моладзі гэта папулярна. Канечне, выконваю пажаданні, – гаворыць яна.


 У арсенале кандытара 18 відаў тортаў, а яшчэ дэсерты: капкейкі, чызкейкі, эклеры, мерэнгавы рулет.
– Прыгатаванне аднаго торта займае тры дні, – расказвае майстрыца. – Перш-наперш выпякаю бісквітны корж, які абавязкова трэба суткі патрымаць у халадзільніку. На другі дзень «збіраю» торт: прамазваю каржы начыннем. Трэці этап – знешняе афармленне.

 Кожны торт – асобны твор мастацтва. Для любой творчасці патрэбны асаблівыя настрой і атмасфера. Займаючыся на кухні, Ірына ўключае для фону добрыя савецкія фільмы. Апошнім часам гатуе пад «Служебный роман» і «Девчат».


Любое мастацтва, і кулінарнае не выключэнне, патрабуе ахвяр. Спякотнай парой Ірына працавала па начах. Удзень і без духоўкі душна, пры +25 градусах пачынае хутка застываць глазура, ды і ўвогуле прадукты могуць сапсавацца.


Ёсць месца ў творчым працэсе хваляванням і перажыванням за вынік. Справіцца з імі дапамагае падтрымка мужа, якую Ірына адчувае і на адлегласці. Ігар працуе вадзіцелем міжнародных рэйсаў і дома бывае разы два на месяц. Заўсёды знаходзіць словы, каб падбадзёрыць, Ганна Жыхарава, адносіны з якой перараслі з дзелавых у сяброўскія.

Дзень нараджэння, хрэсьбіны, вяселле. Вось тры асноўныя нагоды, для якіх у Ірыны заказваюць торты. Звычайна выбіраюць ласунак вагой у два – два з паловай кілаграмы.


 Нядаўна гатавала вясельны торт на восем кілаграмаў. Гэта быў першы вопыт. Аказаўся ўдалым, хоць і вельмі клопатным у плане часавых і эмацыянальных затрат.


Па словах Ірыны, да вынікаў сваёй работы ставіцца крытычна. Таму асабліва радуюць станоўчыя водгукі кліентаў.
Плюсам уласнай справы лічыць магчымасць самастойна планаваць свае дні.


– Бухгалтарскія клопаты займалі шмат часу, у тым ліку і нерабочага. Можна сказаць, не бачыла, як сын старэйшы вырас, – гаворыць Ірына. – Цяпер сама сабе гаспадыня.


Эканамічная адукацыя да месца ў кандытарскай справе. Разлічыць кошт прадукцыі для Ірыны не праблема. Як і ў рабоце з паперамі, у прыгатаванні тортаў патрэбны цярплівасць, уважлівасць, засяроджанасць. Іх таксама можна назваць складнікамі арыгінальнага на выгляд і смак ласунка.

Фотаматэрыял аўтара і з архіва Ірыны ЛУКОЎСКАЙ.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 14 мая 2021
Герасим, Ефим, Игнатий, Макар, Нина, Тамара

Именины 13 мая 2021
Василий, Игнатий, Климент, Максим, Никита, Яков, Ефрем

Госці краін

free counters
Партнеры сайта