Прощай, школа! Выпускные на Миорщине в новом формате
gazeta 9-06-2020, 11:56 548 Моладзь
Кожнаму вучню дзень развітання са школай хочацца захаваць у памяці як самы хвалюючы і непаўторны. Прыгожыя ўбранні, кранальныя словы і музыка, пажаданні настаўнікаў і бацькоў. З гэтага пачынаецца шлях у дарослае жыццё. Сёлета выпускныя вечары пройдуць у іншым фармаце: ўрачыстае ўручэнне атэстатаў і канцэрт на свежым паветры. Спыталі ва ўчарашніх школьнікаў, як яны да гэтага ставяцца.
Ксенія МІЛЬЯНОВІЧ, Дзісненская СШ:
– На шчасце, цалкам выпускны баль не адмянілі. Аднак увялі некаторыя абмежаванні. Нават не ўяўляю, наколькі крыўдна тым, у каго выпускнога не будзе наогул. Наш клас невялікі – усяго шэсць чалавек. Хоць і не плануецца пышных урачыстасцей, адказна да ўсяго ставімся. З-за эпідэміялагічнай сітуацыі шмат планаў давялося памяняць. Перанесліся тэрміны цэнтралізаванага тэсціравання і, адпаведна, – пазней запрацуе прыёмная камісія.
Кожны раз штосьці мяняецца, што крыху выбівае з каляіны. Але расстройвацца часу няма, бо наперадзе вельмі важныя і цікавыя этапы жыцця.
– Да рашэння Міністэрства адукацыі абмежавацца ўрачыстым уручэннем атэстатаў мы з аднакласнікамі аднесліся нейтральна, бо разумеем няпростую эпідэміялагічную абстаноўку. Так, смутак канешне ёсць, што не атрымаецца «разгуляцца». Убранні не куплялі, так вырашылі яшчэ ў пачатку мая. На той момант ужо амаль месяц рыхтавалі сцэнарый выпускнога. Аднак асаблівага расчаравання ці шкадавання няма. Бацькі нас падтрымалі. Наконт паступлення і цэнтралізаванага тэсціравання не хвалюемся – усе карыстаемся антысептыкамі і сродкамі індывідуальнай аховы.
Паліна НЯХАЕВА, СШ № 3 імя Я. Томкі:
– Вельмі чакала свайго выпускнога. Мяркую, як і большасць дзяўчат. Сукенку пачала шыць зімой, калі яшчэ не ведалі пра каронавірус. Запісалася на прычоску, макіяж. Была ўпэўнена, што ўсё пройдзе ідэальна. Апошнія некалькі тыдняў у нас панавала нестабільная сітуацыя: выпускны то планавалі, то адмянялі. Таму адсутнасць традыцыйнага балю для нас ужо была чакаемая. Крыўдна, але ўсё ж больш непакоіць паступленне. Я запісалася на тры ЦТ: па беларускай мове, хіміі і біялогіі. Першыя іспыты пройдуць 25 чэрвеня, але калі хтосьці захварэе 20-га і пазней, то мы не маем права ўдзельнічаць у тэсціраванні. Тады давядзецца губляць год ці выбіраць іншы шлях.
– Сёлета ўрачыстае ўручэнне атэстатаў пройдзе на вуліцы перад школай. Спадзяюся, уся цырымонія зойме не больш за дзве га- дзіны. Потым разам з аднакласнікамі і бацькамі ўспомнім школьныя гады, наладзім фотасесію. Галоўнае – цёплыя зносіны, а не шыкоўныя балі. Тым больш, наперадзе ўступная кампанія. Здаваць ЦТ не планую, бо паступаю ў каледж. Многія мае аднакласнікі, нягледзячы на пандэмію, грунтоўна рыхтуюцца да экзаменаў. Усім жадаю поспехаў, каб тое, што загадалі, збылося.
– Ужо ў пачатку навучальнага года мы з класам пачалі прадумваць сцэнарый свята. Каронавірус перакрэсліў планы, але не адабраў у нас магчымасць праводзіць час разам. Многія дзяўчаты, хто купіў вячэрнія сукенкі, засмуціліся, што выпускны будзе ў нязвыклым фармаце. Хацелася нейкага чараўніцтва. Не проста патанцаваць у прыгожым убранні, а запомніць цудоўную цёплую атмаферу добразычлівасці. Адчуваю, што мне будзе не хапаць нашых школьных перапынкаў, на якіх паспявалі абмеркаваць свае справы, ад душы пасмяяцца. Але наперадзе новы вопыт, новыя знаёмствы. Няхай ва ўсіх, хто цяпер выбірае сваю дарогу, усё атрымаецца. А баль у кожнага з нас абавязкова будзе, толькі пазней.
Фотаматэрыял з сацыяльных сетак.
Падрыхтавала Алена ВАРОНІНА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.