Авторизация
 

Прыемныя моманты захоўваюцца ў калекцыі паштовак і каляндарыкаў Анжэлы Кірыковіч з Міёр

 Больш за 1 200 паштовак і звыш 500 каляндарыкаў у калекцыі міярчанкі Анжэлы КІРЫКОВІЧ. Калекцыянерам сябе не лічыць. Між тым са школьных гадоў збірае каляндарыкі і паштоўкі. Знаходзіла іх на гарышчы ў доме бабулі, дарылі сябры, аддавалі знаёмыя. 

Свае папяровыя каштоўнасці Анжэла Кірыковіч захоўвае ў трох кардонных каробках. Адна для каляндарыкаў, дзве – для паштовак. Часта дастае іх, перабірае. Гэта рэлаксацыя, псіхалагічная разгрузка.


– Такія моманты дораць асалоду. Пераглядаю паштоўкі – і так хораша на душы становіцца. Не ведаю, як апісаць словамі гэтае пачуццё, – дзеліцца Анжэла.
Гаспадыня паказвае калекцыю, і я пачынаю разумець, што мела яна на ўвазе.
– Тут паштоўкі да дня нараджэння, – дастае абгорнуты папяровай стужкай стосік.


– Мне вось такую з гномікамі дарылі аднакласнікі, – заўважаю. – І гэтую – салатавую з ружамі – памятаю. У нас на пошце шмат такіх было.
Ахінае прыемная настальгія па далёкай пары, калі паштоўкі прыносілі радасць.


Асаблівай цеплынёй вее ад навагодніх савецкіх паштовак з Дзедам Марозам і Снягуркай, зайчыкамі, елкамі. Адметныя малюнкі ўпрыгожваюць віншаванкі да Дня нараджэння, 8 Сакавіка. Іх цяперашнія гламурныя «нашчадкі» шчырых эмоцый чамусьці не выклікаюць.


Самая старэйшая паштоўка ў калекцыі – да 8 Сакавіка – датуецца 1959 годам. Ёсць навагоднія 1968-га, 1970-га, 1976-га. Прывабнасці не страцілі. Чым далей ідзе час, тым больш набываюць унікальнасці.
– Берагу іх, – заўважае Анжэла. – Дочкам гуляць не даю. Калі просяць паглядзець – толькі пад маім кантролем.


Пяцікласніцы Маргарыце, першакласніцы Мілане і трохгадовай Аліне таксама цікава перабіраць маміны паштоўкі і каляндарыкі. Ім больш даспадобы сучасныя яркія разнавіднасці. Часам мама купляе дачушкам паштоўкі, якія пасля становяцца часткай калекцыі.
Папаўняюць скарбонку паштовак і каляндарыкаў сябры і знаёмыя. На святы не дораць, а калі натрапяць на іх выпадкова – дома ці ў родных – прынясуць Анжэле.


  Нядаўна калега з хлебазавода аддала паштоўкі з партрэтамі савецкіх акцёраў. Уладзімір Гусеў, Людміла Яфіменка, Ірына Акулава, Марыянна Вярцінская, Яўгенія Сабельнікава. Іх імёны сучаснай моладзі, можа быць, незнаёмы. Аднак пра фільмы, у якіх акцёры здымаліся, – «Москва слезам не верит», «Ошибка резидента», «Как закалялась сталь», «Одинокая женщина желает познакомиться», «Семь невест ефрейтора Збруева» – хутчэй за ўсё чулі ці нават глядзелі.


Ёсць у калекцыі віншаванкі з нагоды 1 Мая, Дня Перамогі, 1 верасня, нават да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. У продажы такіх даўно не знойдзеш.


– Хтосьці не разумее майго захаплення. Пытаюцца, навошта гэта трэба. А мне падабаецца. Некаторыя паштоўкі паўтараюцца. Падзялюся з іншымі аматарамі, – гаворыць Анжэла. – Бывае, калекцыя доўгі час не папаўняецца. Аднак пераглядаю яе раз на месяц, а то і на тыдзень. Гэта адначасова супакойвае і сілкуе энергіяй.

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ

Дакладна невядома, калі ў свеце з’явілася першая паштоўка. Прайшло шмат часу, пакуль яна набыла звыклы нам выгляд.
Кітайцы мяркуюць, што паштоўкам папярэднічалі візітныя карткі. Яны былі шырока распаўсюджаны ў Старажытным Кітаі. Згодна з этыкетам, калі наведвальнік не заставаў дома чалавека, якога хацеў павіншаваць, то на парозе пакідаў сваю візітку з напісанымі на ёй пажаданнямі.
 У Брытанскім музеі ў Лондане захоўваецца віншавальная картка XV стагоддзя. Прысвечана дню святога Валянціна. У 1795 годзе ў Англіі выпусцілі серыю калядных паштовак па малюнках мастака Добсана.
У Аўстра-Венгрыі першую паштоўку выпусцілі 1 кастрычніка 1869 года.
У Расіі паштоўкі ўвялі ў абарот 1 студзеня 1872 года. Ілюстрацый на іх не было. На адным баку пісалі адрас і наклейвалі марку, другі – для пісьмовага паведамлення.
Першымі ілюстраванымі лічаць фатаграфічныя відавыя паштоўкі з выявамі адметнасцей Масквы. Вядома серыя з пяці такіх паштовак з надпісам: «Дозволено цензурой. Москва. 18 ноября 1895 года».
Музычная паштоўка з’явілася ў Францыі ў 1989 годзе.

Фотаматэрыял аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 апреля 2021
Алексей, Георгий, Марк, Николай, Платон, Семен

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта