Авторизация
 

Сяброўскімі зносінамі, пазнавальнымі заняткамі, творчымі справамі напоўнены дні наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Міёрскага ТЦСАН

 Выкарыстоўвайце тыя здольнасці, што вам дадзеныя: у лясах было б вельмі ціха, калі б у іх спявалі самыя таленавітыя птушкі. Гэтае сцвярджэнне належыць амерыканскаму дыпламату Генры ван Дайку. Здольнасці ёсць у любога чалавека. І яны не залежаць ад запісаў у медыцынскай картцы.

 Старанныя вучні таленавітых
настаўнікаў

«Лаўка цудаў». Так называецца творчая майстэрня пры аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут сапраўды адбываюцца цуды. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі ствараюць керамічныя вырабы, пішуць карціны. Яны паверылі ў сябе, у свае здольнасці і з упэўненасцю бяруцца за новыя справы.


 За рабочым сталом вольных месцаў мала. Юрый Савуць размінае кавалак гліны.
– Аддзяленне наведваю чатыры гады. У цяпліцы быў заняты. Затым захапіўся керамікай. Розныя рэчы раблю. Маме на дзень нараджэння падарыў керамічную скрыначку, – расказвае малады чалавек. – І адзін аднаму на святы таксама дорым падарункі, зробленыя сваімі рукамі.
Зацікавіўся керамікай Сяргей Сушко. Раней засвоіў камп’ютарныя праграмы, у якіх ствараюць буклеты, каляндарыкі, памяткі і іншую друкаваную прадукцыю. Гэтаму можна навучыцца ў «Паліграфічнай майстэрні».


 Асенні пейзаж выводзіць пэндзлікам Дзмітрый Віткоўскі. Маляваць – любімы занятак. З асаблівым натхненнем піша храмы Беларусі. Адну з работ падарыў у Дзісну, другую ў Глыбокае.
Развівае свае мастацкія здольнасці Максім Жугар.


 – Спрабаваў па дрэве выразаць, але любоў да жывапісу мацней, – заўважае ён.
Супрацоўнікаў аддзялення здзіўляе і радуе імкненне Максіма расці ў творчым плане. Займаецца ў майстэрні, знаходзіць майстар-класы па жывапісе ў інтэрнэце.


Работы хлопцаў можна пабачыць на раённых мерапрыемствах і не толькі. Напрыклад, 27 лістапада ўдзельнічалі ў фестывалі творчасці інвалідаў «Зорка надзеі» ў Лепелі. Не раз станавіліся прызёрамі конкурсаў.


Навічок у аддзяленні Кірыл Дзямідка. Спрабуе сябе ў кераміцы. Яшчэ вучыцца плесці з газетных трубачак. Гэты навык асвойвае ў майстэрні «Займальная працатворчасць», дзе пад кіраўніцтвам інструктара па працоўнай тэрапіі Міраславы Плотнікавай ствараюць рэчы з падручных і прыродных матэрыялаў.


Гаспадыня «Лаўкі цудаў» – Алена Плехтан. Падапечныя называюць яе настаўніцай.
– Вучні старанныя? – цікаўлюся ў Алены.
 –Вельмі. Вучацца з ахвотай, – з усмешкай адказвае яна. – Разам з імі час праходзіць весела і незаўважна. За работай шмат размаўляем на розныя тэмы. Нядаўна за салодкім сталом віншавалі імяніннікаў. Максім Жугар частаваў нас пірагом. Ён не толькі мастак, але і добры кулінар.


Актыўныя наведвальнікі аддзялення – Людміла Бакевіч, Наталля Мядзелец, Юрый Рынкевіч, Ігар Шук, Васіль Кайнараў, Сяргей Севасцьянаў, Дзіяна Мельнікава. У якасці валанцёраў прыходзяць сюды Наталля Дубік, Анастасія Кулянок, Яўгеній Дзіянаў. Дапамагаюць добраўпарадкоўваць тэрыторыю, праводзіць заняткі і самі асвойваюць новыя віды творчасці. Так, Анастасія захапілася вырабам чайнікаў-падставак для чайных пакецікаў. На паліцы іх ужо міні-выстава сабралася. Яшчэ Насця прадстаўляе ўстанову на конкурсах самадзейнасці. Яўгеній прыязджае ў Міёры з Чапукоў. Ні разу не спазніўся. Усё лета даглядаў цяпліцу і клумбы.

 Камп’ютарная грамата, светлая вера, 

здаровы лад жыцця

Аддзяленне для інвалідаў дзейнічае ў тэрытарыяльным цэнтры з 2008 года. Спачатку сюды прыходзіла моладзь. Пасля ўзроставыя рамкі сцёрліся. Цяпер самай старэйшай наведвальніцы 76 гадоў. Вучыцца працаваць на камп’ютары.


– Навучанне камп’ютарнай грамаце асабліва запатрабавана ў пажылых. Звяртаюцца з просьбамі дапамагчы разабрацца з планшэтам ці новым мабільным тэлефонам, – расказвае загадчыца аддзялення Таццяна Шульга. – Цяпер у нас 36 падапечных. Большасць прыходзіць на заняткі ў цэнтр. Некаторых наведваюць на даму спецыялісты па сацыяльнай рабоце Марына Кайнарава і Наталля Батарчук. Заняткі таксама з ухілам на творчасць – лепка, маляванне і так далей.


 Акрамя супрацоўнікаў аддзялення займаецца з інвалідамі валанцёр клуба «Азбука праваслаўя» Таццяна Пацеенак. Праводзіць майстар-класы па прыгатаванні посных страў і велікодных кулічоў, расказвае пра іконы і царкоўныя кнігі, вучыць паводзіць сябе ў царкве.


– Мы вельмі ўдзячны Таццяне Міхайлаўне за супрацоўніцтва. Дарэчы, штогод 3 снежня разам з нашымі падапечнымі ідзём у храм памаліцца аб здароўі, – гаворыць загадчыца аддзялення. – Яшчэ адзін клуб – «Падарожнік». З мая па жнівень ладзім паездкі. Традыцыйныя маршруты – на крыніцу Святога Яна ў Язна і на свята Адзігітрыі ў Дзісну. Актыўна супрацоўнічаем з клубам «Відушчае сэрца» раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Удзельніца аб’яднання Сафія Гуз прадстаўляе раён на абласным конкурсе «Я самы рэабілітаваны» і займае прызавыя месцы.


Фізкультурай з наведвальнікамі аддзялення займаецца Ганна Ліскова. Шмат расказвае пра здаровы лад жыцця. Адзін хлопец пасля лекцый перастаў курыць і пачаў наведваць трэнажорную залу.
Любяць актыўны адпачынак. Спаборнічаюць у настольным тэнісе, дартсе, арм- рэстлінгу, шашках. Трэба расслабіцца? Калі ласка – у пакой рэлаксацыі. Для яго адвялі невялікую частку гасцёўні. Тут акварыум, водара- і пескатэрапія.


 Супрацоўнікі аддзялення зацікаўлены ў паляпшэнні ўмоў для падапечных. Распрацоўваюць праекты і шукаюць спонсараў. Адзін з пастаянных – дабрачынная арганізацыя «Карытас».


– Ад іх атрымалі муфельную печ для «Лаўкі цудаў». Марым пра ганчарны круг, – працягвае Таццяна Шульга. – Распрацавалі праект «Здароўебус». Гэта абсталяваны сучаснай медыцынскай тэхнікай і спортінвентаром аўтамабіль, на якім можна дабірацца нават у самыя аддаленыя куточкі раёна і аказваць дапамогу інвалідам. Таксама накіравалі заяўку ў «Карытас».


Аддзяленню дзённага знаходжання для інвалідаў не хапае прасторы. У некалькіх памяшканнях няпроста разгарнуцца актыўным заняткам і творчым ідэям. Цэнтру перадалі будынак былога дзённага стацыянара раённай бальніцы. Тут будзе новы дом аддзялення. Плануюць адвесці асобныя памяшканні для майстэрняў, спартыўнай залы, пакоя рэлаксацыі, сацыяльнай кухні. Каб ажыццявіць планы, патрэбны немалыя сродкі. Спадзяюцца на падтрымку дабрачынцаў.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 апреля 2021
Алексей, Георгий, Марк, Николай, Платон, Семен

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта