Суботнім восеньскім днём гул байкаў абудзіў маршрут Павяцце – Міёры і вуліцы райцэнтра. На ўрачыстую цырымонію заключэння шлюбу ў аддзел загса ў суправаджэнні дзесяці байкаў і некалькіх аўто накіроўвалася маладая пара – Яўген Казакевіч і Кацярына Бабышка.
Як расказаў Яўген, ідэя запрасіць на вяселле суправаджэнне байкераў нарадзілася не спантанна. Жаніх захапляецца мотатэхнікай амаль 20 гадоў. За гэты час змяніў некалькі двухколавых памочнікаў. Каля года таму прыжыўся ў гаражы «Хонда-Афрыка-Твін».
Нявеста Кацярына захапленне жаніха падтрымлівала са знаёмства. Часта разам выпраўляліся ў далёкія паездкі. Удзельнічалі ў рок-фестывалі пад Лепелем, у злётах байкераў пад Мінскам, Барысавам, Віцебскам на «Лысай гары» і іншых. Мотааматары Міёршчыны стварылі ў вайберы групу і актыўна кантактуюць. Пра суправаджэнне вясельнага картэжа Казакевічаў таксама дамовіліся праз перапіску.
Гараджане і вяскоўцы з цікавасцю і захапленнем праводзілі позіркамі вясельную калону. Пасля вянчання ў Ідолтаўскім касцёле байкеры паставілі для маладажонаў «рагатку». Новаспечаным мужу і жонцы жадалі доўгіх гадоў жыцця.
Фота з сямейнага архіва сям'і КАЗАКЕВІЧ.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.