Журавлиной тропой прошли молодые семьи Миорщины

 У праграме фестывальнага тыдня – пасяджэнне клуба маладой сям’і «Жураўлінай сцежкай». Дата – 10 верасня. Месца сустрэчы – візіт-цэнтр заказніка «Ельня» і экасцежка на балоце. 

Назваць сустрэчу міёрскіх маладых сем’яў пасяджэннем будзе не зусім дакладна. Сядзелі толькі ў візіт-цэнтры, пакуль знаёміліся паміж сабой, і ў мікрааўтобусе, на якім скіравалі на экасцежку.


Доўга гулялі па драўляным насціле разам з дырэктарам ДПУ «Ельня» Іванам Барком, галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірынай Чарняўскай і начальнікам аддзела загса Ірынай Юхно. Любаваліся маляўнічымі краявідамі, слухалі цікавыя і пазнавальныя расповяды пра балота.


– Тут прыгожа, – заўважае Яна Шульга.
Віцябчанка ўпершыню на Ельні. Яе муж Мікіта з Міёр, але яму таксама не даводзілася бываць на экасцежцы.
– Такія цішыня і спакой, – дадае ён. – Хочацца прыйсці сюды яшчэ.


Прагулка па Ельні для Мікіты і Яны нібы невялікае вясельнае падарожжа. Іх сям’я самая маладая – тры дні, як узялі шлюб.
Цікава распавядаў пра балотны свет Іван Барок. Пра мох-сфагнум, што ўбірае ў сябе вады ў дзясяткі разоў больш за ўласную вагу.

Пра непаўторнае відовішча такавання цецерукоў. Пра шчупака ў 30 кілаграм, калісьці вылаўленага ў адным з яльнянскіх азёр. Пра драпежніцу-расянку, у якой адбіраюць корм мурашы. Пра балотную ваду, якую можна піць і не напіцца, бо не ўтрымлівае солей.


– Праз нашу Міёршчыну працякае рака Заходняя Дзвіна, тут багата азёр, у нас знаходзіцца самае вялікае ў Еўропе верхавое балота. У цудоўным месцы жывём. Гэтым трэба ганарыцца, – адзначыў Іван Іванавіч.


На зваротным шляху накіраваліся на палі, што паміж вёскамі Цілеўцы, Мілейкі і Чапукі. Тут збіраюцца ўдзень журавы. Гук машыны ўважлівыя птушкі пачулі здалёк – і вось цэлыя чароды з гучным курлыканнем узнімаюцца ў паветра.

У ТЭМУ
На памяць пра сустрэчу кожная сям’я атрымала буклеты з асноўнай інфармацыяй пра заказнік «Ельня» і сувенір ручной работы – Журавінніка.

Фота аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.