Авторизация
 

Удзельнікі мастацкай творчасці Мікалаёўскага клуба

 Удзельнікі мастацкай творчасці Мікалаёўскага клуба – маладыя людзі розных прафесій. Выступаюць на раённых аглядах, рыхтуюць канцэрты для вяскоўцаў. Дадаюць у ціхую сельскую паўсядзённасць забаў і мелодый.

Што аб’ядноўвае медыка, паштавіка, электрыка, бухгалтара? У мікалаёўскай працоўнай моладзі варыянт адказу – сцэна.

ЧАЦВЁРТЫ год з Дзісны ў Мікалаёва прыязджае на працу загадчык сельскай установы культуры Ігар Мятла. Часам не адзін. На рэпетыцыі і мерапрыемствы разам з ім едзе жонка Анастасія. Прафесія мужа для настаўніка-дэфектолага Дзісенскай школы стала дадатковым заняткам. Выступае вядучай на канцэртах, спявае ў вакальным гурце.


Да мастацкай творчасці загадчык клуба далучыў мясцовую працоўную моладзь. Спачатку гэта былі педагогі Сіцькоўскай школы, пасля кола артыстаў-аматараў пашырылася. Цяпер у камандзе Мікалаёўскага СК – начальнік аддзялення паштовай сувязі Вольга Пяцько, загадчык ФАПа Анастасія Ганебная, бухгалтар і інжынер па ахове працы ААТ “Мікалаёўскі” Анастасія Жук і Андрэй Галыня, супрацоўнікі ЛВДС “Дзісна” Руслан Пазік і Іван Кабяк.


МЯСЦОВЫЯ жыхары Руслан і Іван – аднакласнікі. Іван са школьнай пары спявае на канцэртах і конкурсах. Руслан у старэйшых класах навучыўся іграць на гітары, у аглядах мастацкай творчасці раней удзельнічала і яго жонка Аксана. Пакуль занятая дома, падрастаюць трое сыноў, малодшаму нядаўна споўнілася паўгода.


Па размеркаванні трапілі ў аграгарадок дзяўчаты. Анастасія Жук пражывае ў Туркове, малая радзіма Анастасіі Ганебнай – суседняе Сіцькова, родны дом Вольгі Пяцько ў Шаркаўшчынскім раёне. У школьныя гады кожная выступала на сцэне. Хто танцамі займаўся, каму роля вядучай падыходзіла.


– Гэта наша прыгажосць, – гаворыць у адрас дзяўчат Андрэй Галыня. – Ігар і Ваня – нашы галасы, а мы з Русланам ствараем настрой.
Андрэй са сваёй сям’ёй пераехаў у Мікалаёва два гады таму. Да гэтага выступаў у Цвецінскім СДК. Яго фішка – тэатралізаваныя пастаноўкі і мастацкая дэкламацыя вершаў. Падчас вучобы ў Лужаснянскім каледжы наведваў тэатральную студыю пры ўстанове, перамог у рэспубліканскім конкурсе.


– Талент чытальніка ў мяне заўважылі, падтрымалі і развілі ў школе. За гэта ўдзячны настаўнікам-філолагам Ірыне Трафімавай і Алене Ільічовай, – гаворыць Андрэй. – Выступаць на сцэне – маё хобі, магчымасць праявіць сябе. Калі хвалююся, нават лепш атрымліваецца. Што чытаць, выбіраю ў залежнасці ад настрою. Удаюцца і камічныя, і драматычныя вобразы.


ПА выніках сёлетняга агляду мастацкай творчасці Андрэю Галыню ў намінацыі “Лепшы чытальнік” прысудзілі першае месца. Выйшаў пераможцам і змешаны вакальны гурт Мікалаёўскага клуба. Прычым выступалі не на звыклых пляцоўках сельскіх устаноў культуры, а на сцэне Міёрскага РДК. Разам з дзісенцамі рыхтавалі канцэрт да свята 1 Мая. Гэта ўдвая адказна і хвалююча.


Загадчык клуба Ігар Мятла адзначае, што поспеху папярэднічаў месяц рэпетыцый. Збіраліся пасля работы, працавалі над выкананнем і рухамі.


– Узважана падыходзім да выбару нумароў, з якімі выступаем. Трэба ўлічваць вакальныя дадзеныя кожнага, граматна падзяліць кампазіцыю на мужчынскія і жаночыя партыі. Адчуваю адказнасць за свой калектыў, таму хвалююся перад кожным выступленнем, – расказвае кіраўнік.

– Стаўку на моладзь раблю невыпадкова. Лёгкія на пад’ём, актыўныя і энергічныя, прапаноўваюць новыя ідэі. Ёсць у нашай камандзе вяскоўцы больш сталага ўзросту. У вакальным гурце спявае Фёдар Кубліцкі, рыхтаваць дзіцячыя харэаграфічныя нумары дапамагае педагог Валянціна Любакова. Усім удзячны за плённае супрацоўніцтва. Апаратура ў клубе можа падвесці, а каманда – надзейная.


ПАКЛАПАЦІЛІСЯ артысты пра знешні выгляд. Выступаць у касцюмах, якім за трыццаць год, не пажадалі. Старамодныя камізэлькі і доўгія спадніцы не для маладых прыгажунь. У мясцовым пункце бытавога абслугоўвання сцэнічныя ўборы перашылі на сучасны стыль. Апранулі дзяўчат. На чарзе мужчынскія мадэлі.


Сельская ўстанова культуры для мясцовай працоўнай моладзі стала месцам сяброўскіх сустрэч, дзе ў перапынку паміж рэпетыцыямі дзеляцца навінамі, прыгадваюць цікавыя гісторыі, жартуюць. У цёплую пару ладзяць пікнікі.


– Чым запоўніць вольны час у вёсцы? Варыянтаў няшмат, – кажуць яны. – У клубе весела – творчасць, зносіны, пазітыў, разнастайнасць.
У наступную суботу, 6 ліпеня, мікалаёўскія артысты выступяць з чарговым канцэртам. Чакаюць сяльчан на свята вёскі. Пакуль рэпеціруюць нумары. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 97 126
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 79 361
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 55 885
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 40 563
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 353
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 885
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 884
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 20 июля 2019
Герман, Лукьян, Павел, Сергей, Евдокия

Именины 19 июля 2019
Александр, Анатолий, Андрей, Антон, Архип, Валентин, Василий, Виктор, Ефим, Иннокентий, Лукьян, Федор, Марфа, Ульяна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта