Вынікі конкурсу бізнес-ідэй па прадпрымальніцтве сярод школ “Ад А да Я” падвялі ў Шаркаўшчыне 24 красавіка. На фінал з’ехаліся ўдзельнікі з Шаркаўшчынскага, Пастаўскага і Міёрскага раёнаў. Нашу каманду прадстаўлялі вучні 9 “А” класа СШ № 3 імя Я. Томкі Ігар Баран і Вераніка Шамёнак з настаўнікам Уладзіславам Кашкурам.
Вучань-бізнесмен – гучыць па-сучаснаму. На развіццё школьнага эколага-арыентаванага бізнесу і прадпрымальніцкіх здольнасцей навучэнцаў скіроўвалася спаборніцтва. Конкурс праходзіў у рамках праекта “Пашырэнне маладзёжнага прадпрымальніцтва з мэтай устойлівага развіцця сельскіх рэгіёнаў”. Рэалізуе яго сацыяльна-інфармацыйная ўстанова “Развіццё Шаркаўшчынскага рэгіёна” пры фінансавай падтрымцы Праграмы малых грантаў Пасольства ЗША.
Фінальнаму этапу папярэднічаў навучальны.
– Тры разы мы прыязджалі ў Шаркаўшчыну на трэнінгі. Два з іх прайшлі на вясенніх канікулах, адзін у пачатку чацвёртай чвэрці, – гаворыць дзевяцікласніца з Міёр Вераніка Шамёнак. – Нам расказвалі, якія якасці неабходны прадпрымальніку, вучылі шукаць ідэі для бізнесу, складаць бізнес-план, размяркоўваць фінансы. Атрымалі карысную інфармацыю.
У ліку бізнес-трэнераў, якія займаліся з дзецьмі і іх педагогамі-куратарамі, – трэнер міжнароднага курса па фінансавай граматнасці “Плануй сваю будучыню”, член Міжведамаснага каардынацыйнага савета пры Савеце міністраў і Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь па фінансавай граматнасці насельніцтва Ігар Мікульчык.
Навучанне прайшлі 35 дзяцей і настаўнікаў з адзінаццаці школ. На першыя два трэнінгі прыязджалі вучні з Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.
Дамашняе заданне – знайсці бізнес-ідэю для рэалізацыі ў сваёй школе, распрацаваць бізнес-план і даслаць на электронны адрас арганізатарам конкурсу.
З 12 прадстаўленых работ адабралі пяць лепшых. Фіналісты рыхтавалі творчыя прэзентацыі сваіх праектаў.
– Ад пяцёркі лідараў аддзяліў адзін бал. Памылкі прааналізуем і зробім вывады, – гаворыць настаўнік СШ № 3 імя Я. Томкі Уладзіслаў Кашкур. – Мы распрацавалі бізнес-план па адкрыцці на базе школы спартыўна-забаўляльнага комплексу з вяровачным гарадком і скаладромам для дзяцей і дарослых. Такі накірунак выбралі невыпадкова. У нашым райцэнтры падобных забаў няма, таму на паслугі будзе попыт. Цікава паглядзець, што пакажуць фіналісты.
Практычна, экалагічна, запатрабавана
Крэатыўна падышлі ўдзельнікі да прэзентацыі бізнес-ідэй.
Кампанія “ПамідорСо” з СШ № 1 г.п. Шаркаўшчына прапаноўвала расаду памідор. Што не рэалізуюць, высадзяць у школьныя цяпліцы і самі збяруць ураджай. У сталовай карыснаму прадукту прымяненне знойдзецца. Журы ацанілі на смак таматны сок і кансерваваныя памідоры.
Замяніць бессмяротныя пластыкавыя пакеты на экасумкі прапаноўвалі бізнесмены з шаркаўшчынскай СШ № 2. Нагадалі, што за год адзін чалавек выкідвае 200 пакетаў. А пашытыя са старых джынсаў, фетру і іншай тканіны сумкі праслужаць доўга. Наколькі стыльна глядзіцца аксэсуар, прадэманстраваў модны паказ.
Пусціць другасную тэкстыльную сыравіну на пашыў тэхнічных сурвэтак і абцірачнага матэрыялу вырашыла кампанія “Экарэсурс” з Юнькаўскай школы Пастаўскага раёна. Разлічваюць, што спажыўцамі прадукцыі стануць прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу, мясцовыя жыхары.
Кампанія “ГерКамЭкспа” з Германавіцкай школы плануе прадаваць насельніцтву і фермерам кампост, які самі будуць нарыхтоўваць.
Станіславоўская базавая школа Шаркаўшчынскага раёна выступіла з бізнес-ідэяй, якую ўжо рэалізуюць на практыцы. У лістападзе мінулага года ў рамках праекта “Пашырэнне маладзёжнага прадпрымальніцтва з мэтай устойлівага развіцця сельскіх рэгіёнаў” атрымалі грант на стварэнне школьнага эколага-арыентаванага бізнес-інкубатара па вырошчванні буякоў вузкалістых.
– Пакуль на гранцы ля школы расце 30 кустоў. Пасадзілі іх тры гады таму пасля экскурсіі на балота. Саджанцы прадаставіла Полацкае лясніцтва, з якім узаемадзейнічае школа. Заручыліся падтрымкай выкладчыка БДТУ Дзмітрыя Гардзея, што цікавіцца вырошчваннем буякоў вузкалістых, – расказвае прадстаўнік школьнай бізнес-каманды, настаўнік фізкультуры Аляксандр Лаўрыновіч. – На выдаткаваныя сродкі набылі тэхніку, пабудуем інкубатар для вырошчвання саджанцаў. Асобную плантацыю адвя- дзём пад буякі высакарослыя. Даглядаюць расліны педагогі, работнікі школы, дзяцей да працы прывучаем. Буякі некапрызныя. Ім патрэбна кіслая глеба, перыядычныя паліў і дзве – тры падкормкі.
“Памідоры паспрабаваць далі, а сумкі – не”
Пажартаваў, падводзячы вынікі, адзін з членаў журы Ігар Мікульчык. Пра- аналізаваў кожнае выступленне, указаў на недахопы і плюсы. Падкрэсліў, што ўбачанае пераўзышло чаканні. Каманды ўмела і творча прэзентавалі бізнес-ідэі, іх задумкі цікавыя, нацэленыя на вынік.
Узначальвала журы намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама па эканоміцы Ірэна Буко. Дапамагалі вызначыць лепшых дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра маркетынгу Ірына Макаранка і прадстаўнік Праграмы малых грантаў Пасольства ЗША Галіна Паўлоўская.
Узнагароды і падарункі атрымалі ўсе ўдзельнікі. Паўфіналістам уручылі флэшкі. Прыз за другое і трэцяе месца – планшэт. Пераможцам – кампаніі “ГерКамЭкспа” Германавіцкай шко-лы – дастаўся ноўтбук.
Як заўважыла прадстаўнік Праграмы малых грантаў Пасольства ЗША Галіна Паўлоўская, у Амерыцы прадпрымальніцтва – матор развіцця эканомікі, а за маладзёжным прадпрымальніцтвам – будучыня.
ДЛЯ ДАВЕДКІ
Сацыяльна-інфармацыйная ўстанова “Развіццё Шаркаўшчынскага рэгіёна” дзейнічае з красавіка 2018 года. Гэта не дзяржаўная і не камерцыйная арганізацыя з’яўляецца пляцоўкай для пошуку ініцыятыўных людзей з цікавымі ідэямі. Дырэктар – Наталля Арэшкава. Удзельнічала ў праграме прафесійна-культурнага абмену «Community Connections-2017», ініцыяванай Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці, па тэме “Роля грамадскасці ў развіцці мясцовых аб’яднанняў”. Падчас стажыроўкі ў ЗША пазнаёмілася з метадамі эфектыўнай работы з мясцовымі аб’яднаннямі і пошуку ініцыятыўных людзей.
У мінулым годзе ўстанова “Развіццё Шаркаўшчынскага рэгіёна” падала заяўку ў праграму малых грантаў Пасольства ЗША. Прайшлі адбор і распачалі работу над праектам “Пашырэнне маладзёжнага прадпрымальніцтва з мэтай устойлівага развіцця сельскіх рэгіёнаў”. Скіраваны ён на пашырэнне маладзёжнага прадпрымальніцтва ў рэгіёне, навучанне школьнікаў асновам бізнесу.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.