На слёте юных миротворцев побывали школьники с Миорщины
gazeta 17-04-2019, 11:24 1 098 Моладзь“Беларусь — цудоўны дом!” Пад такім дэвізам у Мінску ў канцы сакавіка прайшоў злёт юных міратворцаў. Пабывалі на ім школьнікі з Міёршчыны.
Месца сустрэчы — дзяржаўны цырк. 1600 вучняў з усёй краіны запрасіў на яркае прадстаўленне Беларускі фонд міру. Гэта ўдзячнасць школьнікам за іх добрыя справы і актыўнасць у мерапрыемствах, якія праводзіць арганізацыя. Завітаў на злёт юных міратворцаў старшыня праўлення Беларускага фонду міру Максім МІСЬКО.
ДЭЛЕГАЦЫЮ ад Віцебскай вобласці прадстаўлялі 215 школьнікаў. З Міёрскага раёна адправіліся сямёра ўдзельнікаў. Гэта Іван Кавалеўскі з Дзісенскай школы, Лізавета Шчарбіцкая з Узмёнскай, Вячаслаў Ку- куць з Дворнасельскай, Ксенія Грыгор’ева, Сяргей Малец, Алеся Зінькевіч, Паліна Няхаева з СШ № 3 імя Я. Томкі.
— Запрашэнні на цыркавое прадстаўленне, прысвечанае 60-годдзю Белдзяржцырка, дзеці атрымалі невыпадкова, — заўважае старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Ала Смерцьева. — Вучні СШ № 3 імя Я. Томкі — актыўныя ўдзельнікі школьнага клуба ЮНЭСКА “Адраджэнне”, які ў сваёй дзейнасці арыентуецца на ідэі дабра і міру. У нашай камандзе — пераможцы конкурсаў сачыненняў і паэзіі, што праводзіць Беларускі фонд міру.
Паездка ў сталіцу стала запамінальнай падзеяй вясенніх канікул. Школьнікі падзяліліся ўражаннямі.
Іван Кавалеўскі, вучань 11 класа Дзісенскай СШ, пераможца конкурсу “Шчасце жыць у мірнай краіне”:
— Прыемна, што мяне запрасілі на такое мерапрыемства. У беларускім дзяржаўным цырку пабываў упершыню, з цікавасцю сачыў за прадстаўленнем сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы. Эмоцыі не перадаць словамі. Акрабаты, дрэсіроўшчыкі, жанглёры з розных краін проста пераварочвалі свядомасць. Атрымаў зарад пазітыву і натхненне для творчасці. Удзячны Беларускаму фонду міру за такі падарунак. Цудоўна, што ў нашай краіне ёсць арганізацыя, якая згуртоўвае моладзь, дапамагае ёй развівацца. Спадзяюся, супрацоўніцтва працягнецца.
Паліна Няхаева, вучаніца 10 “А” класа СШ № 3 імя Я. Томкі, удзельніца школьнага клуба ЮНЭСКА “Адраджэнне”:
— Хочацца падзякаваць Беларускаму фонду міру за магчымасць пабываць у нашай сталіцы, наведаць дзяржаўны цырк. Падчас прадстаўлення расказвалі яго гісторыю, закраналі тэму Вялікай Айчыннай вайны. Асабліва спадабалася выступленне гімнастаў. Самы мілы, на мой погляд, нумар з мядзведзем, які ўмее ездзіць на самакаце, веласіпедзе, мапедзе і нават аўтамабілі. Думаю, цікавае і пазнавальнае прадстаўленне надоўга запомніцца кожнаму, каму пашчасціла яго пабачыць.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.