Вучаніца Павяцкай школы атрымала дыплом трэцяй ступені ў рэспубліканскім конкурсе “Супергероі для супермэт”.
У звычайным жыцці людзі не так часта цікавяцца чым-небудзь, акрамя сваіх паўсядзённых праблем. Але варта расплюшчыць шырэй вочы і зразумець, што не ўсё вакол нас сумна і шэра.
Так лічыць вучаніца восьмага класа Павяцкай школы Рэната Сівакова. Увесь вольны час яна прысвячае мастацтву.
Звычайна працоўны дзень настаўнікаў пачынаецца з таго, што да іх падыходзіць Рэната, каб падзяліцца сваімі нарыхтоўкамі або паказаць гатовую работу.
Дзяўчына сур’ёзна пачала займацца мастацтвам два гады таму. Часцей свае работы стварае ў камп’ютарнай графіцы.
Калі шмат часу аддаваць любімаму хобі, то вынік не прымусіць сябе чакаць. Так здарылася і ў Рэнаты. Паўдзельнічала ў конкурсе коміксаў “Супергероі для супермэт” — на лепшага супергероя, супергераіню для першага нацыянальнага саміта па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, які праходзіў у краіне з 24 верасня па 20 лістапада 2018 года, і заняла трэцяе месца.
У сваім коміксе пра місіс Цур Рэната вялікую ўвагу надала праблеме чыстай вады, паказала чароўны свет, дзе кожны можа быць тым, кім жадае.
Рэната прымае актыўны ўдзел у творчым жыцці школы. Многія яе работы перамаглі ў раённых спаборніцтвах. Напрыклад, у конкурсе “Здравствуй, мир!” у намінацыі “Выяўленчае мастацтва” тры работы занялі першае месца, іх адправілі на рэспубліканскі этап.
Анжэла МАЛЯЎКА.