Цырымонія пасвячэння ў кадэты для тых, хто ў 2018 годзе паступіў у Полацкае кадэцкае вучылішча, адбылася ў дзень Святога Мікалая Цудатворцы. Больш за 70 хлопцаў і дзяўчат прысягнулі на вернасць Радзіме, выступілі на сцэне і атрымалі кадэцкія білеты. Сярод іх і ўраджэнцы Міёршчыны: Ілья Стрэха, Аляксандр Жабёнак і Рыма Афанасьева.
Традыцыя пасвячэння ў кадэты захавалася з часоў Полацкага кадэцкага корпусу, які ўтварыўся ў 1835 годзе. Выхаванцы вучылішча ўскладаюць кветкі да помніка герою Порт-Артура Р.І. Кандраценку і фатаграфуюцца на памяць.
Цырымонія пачалася ранішнім пастраеннем і ўручэннем пагонаў. Адметна, што іх прышпільвалі былыя выпускнікі. Пасля ў кафедральным Богаяўленскім саборы Полацка адбыўся малебен. Службу вёў Архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Уладыка Феадосій. Ён блаславіў кожнага кадэта і ўручыў крыжыкі.
Затым свята перамясцілася ў Цэнтр культуры. Падтрымаць кадэтаў, раздзяліць з імі радасць урачыстасці прыйшлі школьнікі з Полацка, Наваполацка, бацькі і прадстаўнікі грамадскіх і ветэранскіх арганізацый Полацкага раёна, вайсковых часцей Полацкага гарнізона.
Галоўная падзея для навічкоў вучылішча прайшла пад сцягам, які паўтара стагоддзя аберагае кадэтаў у вучобе і баі.
ДАРЭЧЫ.
Сцяг Полацкага кадэцкага вучылішча ўзору 1844 года знаходзіўся ў яго сценах да 1914 года. Пачаў падарожнічаць па свеце, калі ў гады Першай сусветнай вайны кадэты пакінулі Полацк. Знаходзіўся спачатку ў Сербіі, потым у Нью-Ёрку. Адноўленую копію з фрагментам старога палатна перадалі ў Беларусь. У музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны яна захоўвалася амаль год. Цяпер перадалі ў вучылішча.
На здымку: Кадэты-землякі Ілья Стрэха, Кацярына Астапковіч, Аляксандр Жабёнак, Рыма Афанасьева, Крысціна Рынкевіч і Дзмітрый Жураўскі з раённым ваенным камісарам Сяргеем Жабёнкам.
Фота прадастаўлена Полацкім кадэцкім вучылішчам.
Алена ВАРОНІНА.