На праздник в Минск отправятся трое девятиклассников с Миорщины
gazeta 26-12-2018, 08:00 1 737 Моладзь
На навагодняе свята ў Мінск 26-27 снежня адправяцца трое дзевяцікласнікаў з Міёрскага раёна. Пад Новы год здараюцца цуды. Перш-наперш тыя, што створаны сваімі рукамі. Стараннем, актыўнасцю, поспехамі ў вучобе, перамогай у рэспубліканскіх конкурсах заслужылі пуцёўку на галоўную елку краіны Дзяніс БАЙЧУК з Чапукоўскай школы, Вераніка ЖЫЛЕВІЧ з Дворнасельскай і Валерый ЧАЛАЛА з Туркоўскай.
СЯРОД любімых прадметаў Валерыя Чалалы на першым месцы — інфарматыка. Поспехі ў вывучэнні вымяраюцца не толькі адзнакамі. Дыплом ІІІ ступені атрымаў школьнік на рэспубліканскім конкурсе “Патрыёт.by”. Удзельнічаў у намінацыі “Люблю цябе, мой родны край”. Распрацаваў сайт аграгарадка Туркова.
— На сайце размешчана інфармацыя пра гісторыю населенага пункта, яго вядомых жыхароў і адметнасці, шмат фотаздымкаў, — гаворыць Валерый. — Рады, што работа ў ліку пераможцаў. Трэба імкнуцца да большага.
Азнаёміцца з сайтам школьніка можна па адрасе vlanti.wallst.ru. Вольны ад урокаў час Валерый бавіць не толькі за камп’ютарам. Чытае фэнтэзі і прыгоды.
ПАЛЮБАВАЦЦА на навагодні Мінск Вераніка Жылевіч ездзіла ў мінулым годзе з мамай. Сёлета яна ў ліку лепшых школьнікаў краіны, якіх у сталіцы чакаюць падарункі і забавы. Значная падзея 2018 года для Веранікі — перамога ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па выкананні нарматываў фізкультурна-аздараўленчага комплексу.
— Спортам захапляюся з малых гадоў, — гаворыць дзевяцікласніца. — Брала прыклад з мамы, якая пастаянна займалася дома фізкультурай. Падабаецца бегаць на кароткія дыстанцыі. Магу адціснуцца 50 разоў ад падлогі.
Вераніка ўпэўнена адчувае сябе і ў спартзале, і на сцэне. Спявае на школьных мерапрыемствах і раённых конкурсах. Вучыцца маляваць у школе мастацтваў. Добрыя адзнакі ў дзённіку. Толькі матэматыка даецца складаней.
ДЫПЛОМАМ ІІІ ступені ацэнены на рэспубліканскім этапе конкурсу фотаработ “Запаведная Беларусь” здымак школьніка з Чапукоў. Дзяніс Байчук даслаў работу ў намінацыі “Дзікарослыя расліны”.
— Здымак зрабіў падчас экскурсіі на Ельню. Мяне ўразіла і зацікавіла балотная флора, — расказвае Дзяніс. — Аднак фотаздымка не галоўнае захапленне.
Хлопец ахвотна ганяе футбольны мяч на стадыёне і ў спартзале. Любіць баскетбол. Лёгка падцягваецца на турніку. Па фізкультуры атрымлівае дзявяткі, выступае за школу на раённых спартыўных спаборніцтвах.
Сябруе з іншымі прадметамі. Падабаюцца інфарматыка, працоўнае навучанне. На 9 балаў ведае рускую літаратуру. Акрамя твораў па праграме чытае фантастыку.
Дзянісу даводзілася бываць на навагодняй елцы ў Віцебску. Упэўнены, што са сталіцы прывязе шмат добрых уражанняў.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.