У дзесяцікласнікаў Дзісенскай школы Таццяны ШАРАБАЙКІ, Івана КАВАЛЕЎСКАГА і Уладзіміра СТАЦЭВІЧА добрыя адзнакі ў дзённіках, незвычайныя захапленні і смелыя планы. З цікавасцю вучацца, удзельнічаюць у конкурсах, пашыраюць кругагляд.
Інтэлектуалка марыць пра медыцыну
ЛЮБІМЫ прадмет Таццяны Шарабайкі — біялогія. Захапілася адразу, як толькі дысцыпліна з’явілася ў раскладзе. Удзельнічае ў алімпіядах па прадмеце. У гэтым навучальным годзе на раённым спаборніцтве атрымала дыплом ІІІ ступені. З такім жа поспехам выступіла на алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры.
Свет раслін, жывёл і людзей Таня глыбока вывучае таму, што гэта захапляльна і спатрэбіцца ў абранай прафесіі.
— Планую паступаць у медыцынскі ўніверсітэт. Мару стаць стаматолагам. У любым выпадку буду займацца медыцынай, — упэўнена дзесяцікласніца. — Чаму такі выбар? Мая мама працуе фельчарам хуткай дапамогі. З дзяцінства спазнаю асаблівасці медыцынскай справы. Гэта цікава.
ІНТАРЭСЫ ў Таццяны рознабаковыя. Яна выдатніца. Гаворыць, што школьная праграма даецца без цяжкасцей. Дапамагаюць добрая памяць і зацікаўленасць. Займаецца эстраднымі танцамі ў аб’яднанні “Натхненне” Дзісенскага ГЦК, асвоіла фартэпіяна ў мясцовым філіяле школы мастацтваў, піша сачыненні на літаратурныя конкурсы, наведвае школьныя секцыю па валейболе і аб’яднанне па інтарэсах “Эрудыт”. Сёлета Таня адзіная з раёна ўдзельнічала ў рэспубліканскім тэлевізійным праекце “Я ведаю!”
— Калі прайшла абласны адборачны тур, нават не паверыла, што паеду на гульню. Гэта новы вопыт і яркія ўражанні. У Мінск адправіліся разам з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце і кіраўніком гуртка Аленай Паўлаўнай Красоўскай. Удзячна ёй за веды і падтрымку,—расказвае школьніца.—На здымачнай пляцоўцы прыемная добразычлівая атмасфера. Перад запісам растлумачылі, як паводзіць сябе ў студыі. Вядома, хвалявалася. Шкада, што пакінула гульню пасля першага тура. Спадзявалася трапіць у другі. Некаторыя пытанні аказаліся для мяне складанымі, не на ўсе змагла адказаць хутка.
ВЫПУСК “Я ведаю!” са сваім удзелам Таццяна глядзела дома разам з бацькамі і малодшым братам. Гульня стала яшчэ адным стымулам пашыраць кругагляд. Чытае розныя кнігі. Заўважае, што раман “Война и мир” — захапляльны твор.
Сябры па школе і сцэне
ДУЭТ Івана Кавалеўскага і Уладзіміра Стацэвіча добра вядомы журы раённага фестывалю міжкультурных камунікацый. Сёлета ім прысудзілі першае месца ў намінацыі “Я — гід”, дзе патрабавалася расказаць гісторыю вядомага музычнага твора. Выбралі кампазіцыю “Zombie” ірландскага рок-гурта “The Cranberries”. Песня напісана як водгук на тэракт, што здарыўся ў 1993 годзе ў Ірландыі. Тады загінулі два хлопчыкі і пацярпела шмат людзей. З выступленнем, падмацаваным відэарадам, дзесяцікласнікі адправіліся на абласны этап конкурсу і атрымалі дыплом ІІІ ступені.
— У тым, што паспяхова выступілі на фестывалі, не толькі наша заслуга, — заўважаюць хлопцы. — У нас добрыя настаўнікі. Раней англійскую мову выкладала Ірына Сцяпанаўна Крыўко. Цяпер з намі працуе Вікторыя Вікенцьеўна Ляшкевіч. Замежная мова — адзін з любімых прадметаў.
На роднай беларускай мове хлопцы пішуць вершы і празаічныя творы. Адсылаюць іх на конкурсы. Работы не застаюцца незаўважанымі. На раённым свяце “Зорны россып” Ваня разам з падарункам атрымаў кнігу “Дзеці за мір”, у якой надрукавана і яго сачыненне. Там жа Вову прэміравалі за перамогу ў абласным конкурсе “Творчы калейдаскоп”. Багаты слоўнікавы запас дапамагае сябрам весці школьныя мерапрыемствы, гуляць у КВЗ.
У АКТЫЎНЫХ вучнёўскіх буднях вылучаюць час на захапленні. Ваня едзе на секцыю па тайскім боксе ў Полацк. Вова малюе на графічным планшэце і марыць навучыцца іграць на гітары. Сустракаюцца з сябрамі, дапамагаюць дома з гаспадарчымі клопатамі.
Са справай, якой хацелі б займацца прафесіянальна, хлопцы вызначыліся.
— Пасля школы буду паступаць у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. Як і тата, жадаю стаць праваахоўнікам. Планую працаваць у фінансавай міліцыі, — гаворыць Іван.
— Думаю перакладаць тэхнічную літаратуру з англійскай мовы. Трэба пацікавіцца, дзе можна атрымаць такую прафесію, — дзеліцца планамі Уладзімір.
ХУТКА летнія канікулы. Дзесяцікласнікі збіраюцца сумяшчаць адпачынак з самаразвіццём.
Фота аўтара.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.