Палёт душы і думак чысціня

Палёт душы і думак чысціняТы яшчэ асвеціш родный край...” — прыгадваюцца прыгожыя радкі Максіма Багдановіча. Менавіта такі сэнс утрымліваецца ў назве творчага журналісцка-паэтычнага гуртка “Зараначка”, створанага ў Новапагосцкай школе. Уваходзяць у яго хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прагнуць глыбей спазнаць літаратурныя творы, якія самі спрабуюць пяро і атрымліваюць асалоду ад нараджэння радкоў, што расквечваюцца фарбамі сакавітай беларускай мовы. Маленькія апавяданні, вершы, больш сур’ёзныя замалёўкі і нарысы — усё гэта падуладна юным творцам.

Кіруе аб’яднаннем настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Фёдараўна Дзямешка. Яна — малады спецыяліст, летась закончыла Віцебскі ўніверсітэт імя П. Машэрава. Родам з Туркова. Аднак стартавай пляцоўкай для росквіту яе настаўніцкай кар’еры стала Новапагосцкая СШ. Менавіта тут пачаліся першыя прафесійныя будні, тут адчула яна асалоду ад абранай прафесіі. Так, менавіта асалоду, бо займаецца Таццяна Фёдараўна любімай справай — выкладае родную мову і літаратуру. Даносіць да свядомасці юных асоб вялізны сэнс жыцця, сілкуе дзіцячыя душы і розум духоўным скарбам беларускага народа. Яна дапамагае зразумець і ацаніць творчасць класікаў, таленавітых пісьменнікаў і паэтаў, свабодна валодаць словам, умець выказваць уласныя пачуцці і думкі. І не толькі гэта, а намацаць ва ўласнай душы творчую жылку, абудзіць і прымусіць загучаць яе пявучай струной. Менавіта тады паліецца зладжаная музыка слоў. Самі сабой здольны нарадзіцца прыгожыя вершаваныя радкі, песняй ажыве проза.
— Кожнае дзіця ў чымсьці таленавітае, мае свой дар, які дачасна дрэмле — пераканана Таццяна Фёдараўна, — а задача педагогаў убачыць тыя нясмелыя парасткі і пасадзейнічаць іх росту, а яшчэ лепш — росквіту.

Палёт душы і думак чысціня
Гурток “Зараначка” аб’ядноўвае 15 вучняў 5-11 класаў. З ліку найбольш здольных — дзесяцікласніца Анжэла Апалька, якая ў дадатак займаецца ў завочнай школе Віцебскага педуніверсітэта імя П. Машэрава.

Аб журналісцкай прафесіі марыць і Юля Машара з 10 класа. Добрыя надзеі падае таксама дзевяцікласніца Кацярына Іванова. Адзінаццацікласніцы Марына Маркевіч, Лізавета Жойдзь і Юля Хахель наведваюць гурток з задавальненнем, дзяўчаты добра вучацца і мараць паступіць у прэстыжныя навучальныя ўстановы.
Шмат добрых слоў заўсёды можна пачуць пра 11-класніка Уладзіміра Юршэвіча, які адказна адносіцца да вучобы, сур’ёзны і здольны хлопец.

Эдуарда Хаспаладава хоць пакуль 5-класніца, аднак дзяўчынка таленавітая, у гурток трапіла не выпадкова. Яна з задавальненнем вучыцца і атрымлівае добрыя адзнакі.

Тым, хто наведвае школу ў якасці гасцей, можа пашчасціць на дэталёвае знаёмства з музеем, дзе сабраны багаты матэрыял пра жыццё і дзейнасць ураджэнца в. Новы Пагост, кампазітара, дырыжора, народнага артыста БССР і СССР Генадзя Іванавіча Цітовіча. У якасці экскурсаводаў здольны выдатна праявіць сябе Юля Машара і Анжэла Апалька. Да таго ж, тут прадэманструюць фільм пра славутага земляка.

Да гурткоўцаў на час сустрэчы з карэспандэнтам “Міёрскіх навін” далучыліся і іншыя вучні школы. Яны даведаліся аб жыцці рэдакцыйнага калектыву, яго планах і намаганнях. Пазнаёміліся з чарнавымі аркушамі выдання, каб паўней зразумець, як ствараецца газета, які шлях яна праходзіць, перш чым трапіць у паштовыя скрынкі чытача.
Атрымалі адказы на цікавячыя пытанні. У сваю чаргу адкрыты дыялог з вучнямі, педагогамі дазволіў атрымаць пэўныя звесткі і зрабіць адпаведныя высновы, каб скарыстаць іх у далейшай практычнай дзейнасці.

Наогул, школа жыве насычаным жыццём. У звычайны суботні дзень тут было ажыўлена. Вучняў з усіх класаў чакае шмат розных спраў — цікавых і карысных. У іх ліку — добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі, дапамога ветэранам, удзел у мерапрыемствах і г. д. Усюды стараецца паспець намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Войцехаўна Усціновіч.
Цудоўна, што педагогі навучальнай установы імкнуцца выхаваць у школьнікаў найлепшыя чалавечыя якасці. А гэта, згадзіцеся, самае каштоўнае.
Эвеліна БАГДАНОВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.