22 вучні 4-6 класаў з Язненскай СШ разам з настаўніцай Наталляй Мікалаеўнай Жойдзік зрабілі паездку ў Міёры. У райцэнтры наведалі музей кнігі і друку Міёрскай СШ №3. Заглянулі і ў краязнаўчы.
Убачыўшы мноства экспанатаў, захацелася нізка пакланіцца чалавеку, які затраціў шмат сіл і часу на стварэнне музеяў, даў магчымасць хлопчыкам і дзяўчынкам Міёршчыны датыкнуцца да гісторыі краю. Удзячны Вітольду Антонавічу Ермалёнку, які праводзіць вялікую краязнаўчую работу. Да справы бацькі далучыўся і сын Антон. Шмат гадоў у школе дзейнічае гурток “Арганаўты мінулага”. Дзеці, якія ў ім займаюцца, не застаюцца раўнадушнымі да гісторыі. Пяцікласніцу Дашу Кавалеўскую ўразілі старадаўнія прылады працы, а вучаніца 4 класа Святлана Кавалёнак звярнула ўвагу на тое, што нашы прадзеды чыталі кнігі на розных мовах.
У гарадскім краязнаўчым музеі хапіла ўражанняў. Цікавасць выклікалі вырабы з лёну і воўны. Дзеці затрымліваліся ля фотавыставы. Зацікавіў той факт, што раней па Дзвіне плаваў параход.
Удзячны адміністрацыі хлебазавода, дзе мы таксама пабывалі. Школьнікі паглядзелі на працу хлебапёкаў. Зразумелі, што яна складаная і цікавая. Паспрабавалі прадукцыю, якую выпускае прадпрыемства.
Вяртаючыся назад, у аўтобусе працягвалася размова пра ўбачанае. А яшчэ Наталля Мікалаеўна гаварыла з дзецьмі аб правілах паводзінаў, падкрэслівала, што хлопчыкі ў дачыненні дзяўчынак павіны паводзіць сябе па-рыцарску.