Ученики СШ №3 имени Е.Томки участвовали в международном турнире в Минске
gazeta 25-11-2017, 09:53 4 790 Моладзь
Тры дні асенніх канікул правялі па дэбатах вучні СШ №3 імя Я.Томкі Дзіма Гагалінскі, Віялета Кашкур, Паша Шаўчонак і Насця Апалька.
Першы вопыт дыскусійнай гульні міёрскія эрудыты атрымалі ў мінулым навучальным годзе на рэспубліканскім дэбат-турніры ў аздараўленчым цэнтры "Зубраня". Адтуль вярнуліся з другім месцам. З міжнароднага спаборніцтва прывезлі дыплом удзельніка, асалоду ад гульняў, інфармацыю для разваг.
У турніры ўдзельнічала 42 каманды. З Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі і Беларусі. Гулялі ў дзвюх лігах — рускамоўнай і англамоўнай.
— Мы, вядома, спаборнічалі ў рускамоўнай, — расказвае капітан каманды Дзіма Гагалінскі. — Усе ўдзельнікі — з гімназій і ліцэяў. З сярэдняй школы толькі наша каманда. Таму напачатку былі і страх, і моцнае хваляванне. Паступова адчулі сябе ў сваёй талерцы і гулялі з задавальненнем.
Адну з тэм дэбатаў удзельнікам даслалі загадзя — "Прадметы STEM павінны быць асноўнымі ў школьнай праграме".
- STEM — абрэвіятура ад Science — прыродазнаўчыя навукі, Technology — тэхналогіі, Engineering — інжынірынг, праектаванне, дызайн, Mathematics—матэматыка. Галоўнае месца ў STEM адводзіцца практыцы, якая аб'-ядноўвае разрозненыя навуковыя веды ў адзінае цэлае.
Рыхтаваліся за месяц. Разам з выказваннямі на зададзеную тэму рэпеціравалі візітоўку каманды. З казкай пра рэпку на новы лад дапамагла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Федуковіч. Цягнулі з балота скарбы для дэбатаў, галоўны з якіх — журавіны. Карыснымі ягадамі пачаставалі ўдзельнікаў турніру.
— На падрыхтаваную тэму дыскутавалі два дні з рознымі камандамі, — працягвае Дзмітрый. — У першы дзень згулялі дзве гульні. На другі — тры. Прычым тэму трэцяй гульні атрымалі ўжо на месцы і мелі на падрыхтоўку 40 хвілін. Гулялі з камандай Барысава. Спрачаліся, ці трэба легалізоўваць і заахвочваць графіці ў грамадскіх месцах. Нам выпала выступаць супраць. Згулялі ўнічыю. У фінал не выйшлі, таму на трэці дзень проста назіралі за гульнямі. Гэта таксама цікава і шмат чаму вучыць.
Як заўважаюць удзельнікі, тры дні турніру дабавілі ўпэўненасці ў сабе, навучылі спакойна ўспрымаць крытыку і паважаць апанентаў, сталі новым штуршком для самаразвіцця.
Вынік спаборніцтва для міярчан — адна перамога і адна нічыя. Па меркаванні трэнера Наталлі Будзько, гэта добры старт: "Першая сур'ёзная гульня для дзевяцікласнікаў. Паказалі сябе, паглядзелі на іншых, зрабілі вывады. На дэбатах заўсёды сяброўская атмасфера і здаровая канкурэнцыя. Дзейнічае такое правіла: "У пераможцаў трэба вучыцца". Падчас гульні ацэньваецца падача інфармацыі, структура і лагічнасць маўлення, граматнасць адказаў і пытанняў, рыторыка і эмацыянальнасць. Будзем працягваць работу па кожным з пунктаў".
Фота аўтара.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.