З прэзентацыяй новага альбома “Твая любоў” выступілі на сцэне РДК наша зямлячка Леся Кодуш і яе муж Слава Нагорны. Разам з імі ў канцэрце прымаў удзел шоу-балет “NEXT”, канкурсант вядомага фестывалю “Славянскі базар” і шматлікіх тэлепраектаў.
Непасрэднасць і адкрытасць артыстаў дазволілі міярчанам, а таксама тым, хто прыехаў з іншых куточкаў раёна, па-сапраўднаму адпачыць і зарадзіцца аптымістычным і светлым настроем. Дуэт падарыў зале шмат прыгожых песен пра каханне. Леся выканала дзве кампазіцыі на французскай мове. Удзячныя гледачы адорвалі спевакоў кветкамі. Праграма ўключала і нумары пескаграфіі. Выконвала кампазіцыі майстра сваёй справы Аляксандра Канафальская, якая з гастролямі аб’ездзіла вельмі шмат краін, у тым ліку і Кітай. З уважлівасцю сачылі ўсе за плаўнасцю рухаў мастачкі і за тонкімі малюнкамі, якія нараджаліся ад аднаго ўзмаху і так жа хутка — за некалькі секунд ужо пераўтвараліся ў іншы пейзаж або кампазіцыю. Шчодрыя апладысменты прагучалі ў той момант, калі на экране раптам “вымаляваўся” міёрскі герб.
На конкурсах, якія праводзілі самі артысты, разыгрываўся іх новы альбом “Твая любоў”. Напачатку самалёцікі: з усіх людзей, хто злавіў рознакаляровыя папяровыя аэрапланы, выйграў толькі той, да каго трапіў чырвонага колеру, бо сімвалізаваў каханне. Дастаткова цікава прайшоў і дыялог “Пытанне гледачоў — адказ Лесі і Славы”. Смелая трохгадовая дзяўчынка Мілана прынесла некалькі пытанняў на сцэну. Слава папрасіў яе што-небудзь праспяваць, яна не разгубілася і выканала слупок добра вядомай дзіцячай песенкі “Аблокі”, за што таксама атрымала прыз. Пытанні публікі датычыліся як сям’і, творчасці, так і быту. Адным словам, прыхільнікаў дуэта цікавіла шмат чаго. Жартам і ўсур’ёз, але адказы былі вычарпаны. Тры шчасліўчыкі атрымалі новыя кампакт-дыскі.
Танец “Любоў” у выкананні шоу-балета “NEXT” працінаў да самых тонкіх струнаў душы, у прынцыпе, як і ўвесь канцэрт. Упершыню на сцэне прагучала і новая песня дуэта “Бяжы за мной”. Шчырыя словы падзякі выказала Леся сваім родным, якія прысутнічалі на канцэрце, а таксама свайму лепшаму і першаму настаўніку, выкладчыку школы мастацтваў Сяргею Рыгоравічу Аляксееву.
Дзве гадзіны праляцелі непрыкметна, а гэта яшчэ раз пацвярджае, што канцэрт быў цудоўны. Усё добрае хутка заканчваецца, але гледачы выклікалі на біс артыстаў. Здавалася, што шчодрыя апладысменты публікі не сціхнуць. Леся і Слава паабяцалі яшчэ не раз наведаць наш край.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.