“Мару стварыць літаб’яднанне”

“Мару стварыць літаб’яднанне”Прозвішча Алены Басікірскай — неаднаразовай аўтаркі шэрагу артыкулаў і вершаваных твораў, што друкаваліся ў нашай раёнцы, значыцца ў рэспубліканскім банку адоранай моладзі. Трапіла туды дзяўчына, як пераможца рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, калі вучылася ў СШ №3. Цяпер Алена студэнтка сталічнага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Марыць стаць настаўніцай, каб выкладаць родную мову і літаратуру. Пасля школы скончыла з адзнакай Полацкі каледж. У час вучобы ў гэтай установе выклікала цікавасць у мясцовых журналістаў.

Не раз яе творы друкавалі ў “Полацкім весніку”. У 2007 годзе Алена Уладзіміраўна Басікірская была прынята ў Беларускі літаратурны саюз “Полацкая ветка”. Шэраг яе вершаў убачылі свет у анталогіі гэтага аб’яднання. Выданне змяшчае творчыя работы аўтараў з 1994 года па 2009. У літаратурным саюзе дзяўчына вызначылася актыўнасцю, за што адзначана юбілейным значком.

Цяпер Алене 21 год. Пісаць пачала з дзяцінства, калі думкам цесна станавілася ў душы, калі прасіліся яны на волю. Аднак, як лічыць сама дзяўчына, больш сур’ёзныя спробы, што цяпер у авангардзе яе творчых знаходак, узніклі пазней, пачынаючы з 17-гадовага ўзросту.

Нарадзілася Алена ў Полацку. Аднак сям’я вярнулася ў Міёры, калі дзяўчынка была яшчэ маленькай. Таму невыпадкова лічыць яна гэты гарадок сваёй радзімай. Вучоба ў СШ №3. Настаўнікі памятаюць гэтую здольную вучаніцу.

Пра сваю дзіцячую мару — дыктар тэлебачання — успамінае Алена з лёгкім гумарам. Нейкі час яе жаданнем было ўліцца ў рэдакцыйны калектыў. А потым свядомы выбар схіліўся ў бок настаўніцкай прафесіі. З вялікай любоўю былая выпускніца ўспамінае педагогаў з СШ №3.
— Разумныя, тактоўныя, здольныя наскрозь бачыць юную душу, уносіць патрэбныя карэктывы і папраўкі, — менавіта так расказвае Алена пра настаўнікаў, што клапатліва ставіліся да яе, і якіх бязмежна любіла з усёй дзіцячай непасрэднасцю, якім давярала ва ўсім, якіх вельмі паважала і паважае цяпер, стаўшы дарослай.
З Аленай можна размаўляць бясконца і на розныя тэмы. Яе выказванні, трапна чапляючыся адно за другое, ствараюць ланцужок — такі ж лёгкі, далікатны, як і сама юная паэтэса. Вершы — яе захапленне, патрэба душы. Вось як піша пра сябе дзяўчына:
“У творчы свет
трапляю неспадзеўна,
У думках не трымаючы таго,
Саспелы верш,
няўрымсліва — напеўны
Прылівам б’е
з кручастых берагоў”.
Або вось некалькі радкоў з наступнага твора:
“Не пішу я вершаў
пад прымусам,
мне загад суровы — не ўказ.
Пад бялюткім
чысценькім абрусам,
Я хаваю непаседу-сказ...”

“Мару стварыць літаб’яднанне”
Алена Басікірская жадае актывізаваць паэтычную дзейнасць літаб`яднання з удзелам раённай газеты.
— Напэўна, гэта ўдасца зрабіць на базе дзіцячай бібліятэкі, — гаворыць яна. — Там прасторныя памяшканні, цудоўныя людзі працуюць ва ўстанове. Веру, што мне ўдасца ажыццявіць задуманае. Тады мы зможам збірацца разам, гутарыць, абмяркоўваць. Прыемна размаўляць з аднадумцамі, якім не абыякава родная мова.

З нецярпеннем чакае Алена чарговай сесіі, каб зноў сустрэцца са студэнтамі, выкладчыкамі. Здаваць экзамены, як быццам, хвалюючы момант. Аднак ідзе заўсёды першай, асноўныя адзнакі — дзевяткі, дзесяткі. Вучыцца з задавальненнем, атрымліваючы сапраўдную асалоду ад пазнанняў, ад глыбокага і ўдумлівага вывучэння прадмета.

Вучоба ва ўніверсітэце не перашкаджае дзяўчыне спаўна аддавацца працы, якую паспела палюбіць. Тут, у РДК, а дакладней, у метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы аддзела культуры, яна сустрэла прафесіяналаў — апантаных , улюбёных у сваю справу, творчых і нераўнадушных. З такімі людзьмі ёй не толькі цікава знаходзіцца побач, а і карысна, бо шмат пазнавальнага і новага можна пачэрпнуць штодзённа. Інакш кажучы, Алена задаволена, што склалася менавіта так, што лёс прадаставіў магчымасць спазнаць жыццё шматбакова. А такі вопыт, зразумела, не зможа быць лішнім ні для паэтычнай творчасці, ні для будучай педагагічнай дзейнасці.

Алена лёгка сходзіцца з людзьмі, бачачы ў іх станоўчае, выказваецца ці ўспамінае пра такія сустрэчы з далікатнай мяккасцю, з тонкім асэнсаваннем і пяшчотным адчуваннем. Дзяўчына расказвае, што любіць Міёры. Жадае, каб моладзь райцэнтра далучалася да прыгожага, узвышанага, каб жыла без лаянкі, п’янства, дрэнных думак. Чыстае ўсведамленне, прыгожыя ўчынкі, светлыя думкі — усё гэта павінна спадарожнічаць кожнаму. Тады і жыццё здасца мілейшым, у такім толькі выпадку чалавек здольны адчуць сапраўдны смак шчасця.

Юная паэтэса марыць выдаць уласны зборнік вершаў, выліўшы на старонкі кніжкі чароўную паэзію думак, святло ўласнай душы. І менавіта там павінна гучаць музыка мілагучнай беларускай мовы.
— Жыццё без духоўнага адчування, — лічыць яна, — не жыццё, а так, існаванне, і не больш таго. Марыць і кахаць, усведамляць і сілкавацца пахам, водарам прыгажосці, — гэта якраз тое, што патрэбна больш усяго.
У вялізным стосе грамат і дыпломаў ёсць пасведчанне аб узнагароджанні прэміяй з уласнаручным подпісам кіраўніка краіны. Урачыста зіхацяць золатам літары, дзе значыцца — Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і дзе ёсць радкі — па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Так, Алена Басікірская — асоба адораная. Яна абрала свой шлях — будзе настаўніцай, каб закладваць у дзіцячыя душы каштоўны падмурак з дабрыні, светлых пачуццяў, ведання роднай мовы. Яна будзе спрыяць, каб юныя душы не страчвалі чысціні, каб сумленнасць і справядлівасць мелі месца ў свядомасці кожнага. Прыродны талент дапаможа ёй дасягнуць жаданага, ажыццявіць свае мары.
Эвеліна БАГДАНОВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.