Галоўная > У рэспубліцы / Афіцыйна / Всебелорусское народное собрание > Скончыўся шосты Усебеларускі народны сход: якія вынікі падвеў прэзідэнт

Скончыўся шосты Усебеларускі народны сход: якія вынікі падвеў прэзідэнт


16-02-2021, 14:51. размясціў: gazeta

 «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць» – такі дэвіз аб’яднаў каля 2,7 тысячы ўдзельнікаў шостага Усебеларускага народнага сходу, які працаваў у Палацы Рэспублікі 11 – 12 лютага. Аляксандр Лукашэнка выступіў з дакладам, дзе абазначыў ключавыя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускага грамадства на бліжэйшую пяцігодку. Асаблівая ўвага надавалася пытанням узнаўлення звыклай якасці работы нацыянальнай эканомікі ва ўмовах глабальнай рэцэсіі і працягу будаўніцтва незалежнай дзяржавы ва ўласным вектарным развіцці. Думкі і пажаданні, выказаныя ў ходзе дыялогавых пляцовак, таксама леглі ў аснову падмурка Асноўных палажэнняў грамадска-палітычнага развіцця Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў. У дакладзе адзначаны шматлікія злабадзённыя пытанні сучаснасці. 

 

«Шматдзетная Беларусь»

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў распрацаваць праграму з сур’ёзнымі навацыямі. Па-першае, трэба пашырыць межы выкарыстання сямейнага капіталу. Па-другое, маці з трыма дзецьмі – не хатняя гаспадыня. Яе праца павінна ацэньвацца, як любая іншая. Пры нараджэнні чацвёртага малога неабходна прадаставіць шматдзетнай маці права на працоўную пенсію, нават калі ў яе няма працоўнага стажу. Трэба падтрымліваць маладыя сем’і па жыллі. За апошнюю пяцігодку насельніцтва Беларусі скарацілася на 90 тысяч чалавек. Каб не апусцела беларуская зямля, краіна квітнела і развівалася, патрэбна 15, а лепш 20 мільёнаў жыхароў. Таму ўвага да шматдзетных сем’яў і матуль, якія нараджаюць, будзе вялікая.

 

Праект «Здаровая нацыя»

Асноўнымі стануць раздзелы: «мабільная медыцына», «крокавы доступ меддапамогі», «дзень здароўя», «клапатлівая паліклініка», «адпачынак для здароўя», «высокатэхналагічная медыцына ў рэгіёнах». Што да апошняга, то размова ідзе пра 12 міжрэгіянальных цэнтраў, якія будуць абсталяваны па сталічных стандартах для аказання спецыялізаванай меддапамогі. Іх фарміруюць, каб наблізіць якасную медыцыну да людзей. Будзе рабіцца ўсё, каб ва ўмовах лічбавізацыі чалавек, напрыклад, з Маладзечна мог тэрмінова атрымаць кансультацыю прафесара з Мінска, дзе сканцэнтраваны самыя моцныя ўрачы.

 

Удасканаленне пенсіённай сістэмы

Са слоў Прэзідэнта, дзяржава абавязана прыкласці максімум намаганняў, каб жыццё чалавека ва ўзросце было паўнацэнным і актыўным, і яна выконвае свае абавязацельствы па пенсіённым забеспячэнні ў новых рэаліях. З 2018 года сярэдні рост пенсій апярэджвае інфляцыю, гэта азначае, што іх памер перакрывае дынаміку цэн. Аднак узровень не такі высокі, як хацелася б. У сувязі з гэтым прапанавана далейшае ўдасканаленне пенсіённай сістэмы, у тым ліку паэтапна ўкараняць назапашвальную.

 

Пра інфляцыю

Кантроль за цэнаўтварэннем застанецца адным з прыярытэтаў: мінулая пяцігодка паказала, што можна дабівацца нізкай інфляцыі – на ўзроўні 5 – 6 % у год. Гэта гістарычны мінімум для краіны. Але простаму чалавеку патрэбны не агульны індэкс цэн, а цэннікі, якія ён бачыць на паліцах у магазінах. За цэнаўтварэннем сочаць Камітэт дзяржаўнага кантролю і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Да работы ў гэтым накірунку падключаліся дэпутаты і прафсаюзы. Аднак скарг ад людзей нямала. Для іх, асабліва з невысокімі даходамі, цэны з’яўляюцца сацыяльнай і палітычнай катэгорыяй. Тут павінна быць справядлівасць.

 

Адукацыя

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены: сістэма патрабуе ўдасканалення. Даследаванне паказала, што людзі незадаволены, як працуе адукацыя. Трэба актыўней укараняць у навучальны працэс найноўшыя тэхналогіі. Больш дыферэнцыравана падысці да фармату ўступнай кампаніі. Не заўсёды за тэстамі можна ўбачыць добрага спецыяліста і чалавека.

 
У той жа час у Беларусі не будуць адмаўляцца ад прынцыповых падыходаў – дзяржпадтрымка, мэтавы набор, бясплатнасць, справядлівасць і роўны доступ да якаснай адукацыі, гарантаванае першае рабочае месца. Не зменіцца класна-ўрочная сістэма. Настаўнікаў неабходна вызваліць ад папяровай валакіты. Важная задача цяпер – выхаваць грамадзяніна, у тым важная роля не толькі сям’і. Школа павінна ўзяць на сябе значную нагрузку.

 

Культура

Новыя пакаленні беларусаў павінны ведаць свае духоўныя і культурныя вытокі. Задача сучаснікаў – зрабіць так, каб нашы дзеці і ўнукі сталі захавальнікамі культурнага кода нацыі. Нам жыццёва неабходны Коласы, Купалы, Караткевічы, Шагалы, Пташукі. Не проста куміры і светачы. Дзяржава гатова падтрымліваць такія таленты. Належыць сур’ёзна ўкласціся ў захаванне гісторыка-культурнай спадчыны: завяршыць стварэнне музейнага квартала Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску. Правесці ў бліжэйшы час рэканструкцыю і рэстаўрацыю Спаса-Прэабражэнскай царквы ў Полацку, палаца-паркавага ансамбля ў вёсцы Жылічы Магілёўскай вобласці, Крэўскага замка ў Гродзенскай і іншых жамчужын, якія вартыя таго, каб іх ведалі ва ўсім свеце.

 

АПК

У Беларусі пайшлі па правільным шляху, развіваючы сельскую гаспадарку. Выратавалі вёску, далі магчымасць працаваць. Сельская гаспадарка стала прыбытковым бізнесам. Але яшчэ многае належыць зрабіць. Неабходна ўкараняць новыя адаптыўныя сістэмы земляробства і тэхналагічныя рэгламенты, забяспечыць арганізацыі АПК належным абсталяваннем, паглыбіць сельгаскааперацыю. На сельгаспрадукцыі павінны зарабляць сяляне, а не пасрэднікі, гандлёвыя сеткі. Са слоў кіраўніка дзяржавы, пасрэдніцтва трэба ўбраць і выкараніць.

 

Пра перспектывы

У 2021 годзе будзе цалкам завершана мадэрнізацыя Мазырскага НПЗ і «Нафтана». Сучасныя тэхналогіі ўкараняюцца ў касмічнай галіне, ваенна-прамысловым комплексе, біяхіміі, электратранспарце. Адкрыта вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Доля беларускіх лекаў на ўнутраным рынку звыш 50 %, задача падысці да 70 – 75 %.

 
Традыцыйныя галіны і вытворчасці будуць захаваны. «Што дасталася ад Савецкага Саюза, мы нічога не зачынілі. Нават стратныя прадпрыемствы імкнёмся падтрымаць, бо там людзі, якія ўмеюць рабіць добрую прадукцыю. Проста састарэла вытворчасць, трэба яе мадэрнізаваць», – пад- крэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 

Пра стварэнне тэхнапаркаў

У Мінску і абласных цэнтрах на невыкарыстоўваемых плошчах дзяржпрадпрыемстваў пачнуць стварацца тэхнапаркі. Гэта неабходна для імпартазамяшчэння. Што мае дачыненне да выкарыстання мясцовых рэсурсаў, то ў малых гарадах і сельскіх раёнах будуць развівацца праекты па іх перапрацоўцы. Напрыклад, у Івацэвічах з’явіцца паўнацэнны мэблевы кластар на тысячу рабочых месцаў. Такіх праектаў па перапрацоўцы мясцовай сыравіны ў кожным раёне з’явіцца адзін ці два. Стрыжнем развіцця рэгіёнаў стане палітыка павышэння прывабнасці жыцця і работы за межамі сталіцы і абласных цэнтраў. У планах усебакова развіваць 11 буйных гарадоў, у тым ліку Барысаў, Маладзечна, Баранавічы, Бабруйск, Полацк і інш. Ад кожнай вобласці ўжо прапанаваны мінімум па два-тры буйныя праекты, падлічана іх фінансаванне.

 

Энергетычная інфраструктура

Атамная станцыя, замяшчэнне прыроднага газу, перавод на чыстую электраэнергію дадуць станоўчы эфект, упэўнены кіраўнік дзяржавы. Задача на пяцігодку – развіццё інфраструктуры перадачы электраэнергіі. Дзяржава знойдзе, як кампенсаваць частку тарыфа. Магчыма, у неперспектыўных сёлах не пацягнем правады, а ў аграгарадкі, буйныя вёскі трэба прыйсці. Перспектыўнае будаўніцтва і электрадамоў. Людзі ўжо апрабавалі іх і гатовы там жыць. Гэта бяспечна і вельмі зручна.

 

Праект новай Канстытуцыі

«На працягу гэтага года праект Канстытуцыі будзе гатовы, і ён будзе на працягу года абмеркаваны ўсенародна. А ў пачатку наступнага года, як мінімум, вынесем яго на рэферэндум», сказаў Аляксандр Лукашэнка. З яго слоў, пад новую Канстытуцыю давядзецца перафармаціраваць многія законы, змяніць заканадаўчую базу. Галоўнае, не наламаць дроў. І прывёў дадзеныя нядаўняга сацыялагічнага даследавання, згодна з якім 60 % рэспандэнтаў катэгарычна супраць змяненняў Канстытуцыі. Аднак ён з гэтым не згодны.

 

Па матэрыялах БЕЛТА і СМІ.

Старшыня Міёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў:
– Упэўнены, што рашэнні, прынятыя на Усебеларускім народным сходзе, пасадзейнічаюць стабільнаму развіццю краіны ў наступнай пяцігодцы. Для гэтага ўсім нам, як і раней, трэба працаваць, шмат і плённа. Хто хоча працаваць той будзе жыць варта – і на сяле, і ў горадзе. Для гэтага нам, жыхарам Міёршчыны, належыць ажыццявіць шмат задуманага, што ўвайшло ў праект праграмы развіцця краіны.

 

Начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 у Павяцці Генадзь Паршута (на здымку другі справа):
– Гэта было самае маштабнае мерапрыемства ў маім жыцці. Напэўна, яшчэ доўга буду пад уражаннем. Хочацца перадаць гэты магутны энергетычны зарад, які немагчыма атрымаць з экрана тэлевізара, калегам, блізкім людзям. Яны выглядалі мяне ў зале, а я сядзеў у прэзідыуме. Гэта стала поўнай нечаканасцю для ўсіх. Цяпер віншуюць, дасылаюць фотаздымкі. Нават абласное кіраўніцтва МНС ганарыцца вясковым прапаршчыкам. Я ў гэтай кагорце меў шчасце пазнаёміцца са многімі вядомымі людзьмі. Яны такія ж, як і ўсе мы, зямныя, даступныя, камунікабельныя, зацікаўленыя ў будучыні краіны.

 
Вялікі запал энергіі ад даклада Прэзідэнта атрымаў, бадай, кожны на сходзе. Гэта вельмі харызматычны чалавек, і выступленне жывое, эмацыянальнае, праўдзівае. Пасля пачутага хочацца працаваць яшчэ лепш і больш.

 

Аляксей МАРОЗ, трактарыст-машыніст філіяла «Павяцце» СУП «Чэрасы»:
– Для мяне народны сход стаў урачыстай падзеяй і ў нейкім сэнсе новай кропкай адліку. Упершыню бачыў нашага Прэзідэнта ўжывую. Яго энергетыка, упэўненасць у сваіх словах і справах проста ўразілі. Першыя некалькі хвілін глядзеў на яго, нават не міргаючы. У чарговы раз упэўніўся ў правільнасці выбранага нашай дзяржавай курса. Галоўны пасыл, які атрымаў на форуме – моладзь павінна вучыцца і развівацца. Кіраўніцтва нашых гаспадаркі і раёна заўсёды падтрымлівае чалавека працы. Ужо абмеркаваў з блізкімі свае планы – думаю пайсці вучыцца ў Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж на тэхніка-механіка. Расці прафесійна неабходна для будучыні маёй сям’і, нашага краю, роднай дзяржавы. Пры гэтым важна заставацца самім сабой і настойліва ісці да сваёй мэты.


Вярнуцца назад