Галоўная > У рэспубліцы / Грамадства > У зале міёрскага Дома культуры прайшоў канцэрт «Когда зажигаются елки»

У зале міёрскага Дома культуры прайшоў канцэрт «Когда зажигаются елки»


14-01-2021, 09:48. размясціў: gazeta

 Пра хараство чараўніцы-зімы, казачную атмасферу навагодніх святаў, веру ў цуды, пра цёплыя пачуцці, якія сагрэюць у самую халодную пару, спявалі 8 студзеня са сцэны раённага Дома культуры. У святочныя выхадныя дні артысты парадавалі гледачоў канцэртам «Когда зажигаются елки».

 

Калі верыць у цуд, то ён абавязкова здзейсніцца, а лепш самому падарыць людзям радасць, заўважылі вядучыя Аляксей Рачыцкі і Алеся Барысоўская. Радасныя эмоцыі і прыемныя ўражанні дарылі публіцы салісты. У песенным карагодзе і сучасныя маладзёжныя матывы, і старыя добрыя песні мінулых гадоў. Цёпла віталі гледачы дуэт Юрыя Казлова і Святланы Ішчук з лірычнай кампазіцыяй «Падал снег», гучна апладзіравалі салісту Мікіту Дабравольскаму з песняй «Звездочка моя ясная», весела напявалі разам з Сяргеем Ішчуком «Потолок ледяной, дверь скрипучая…»

 
Надзея Кухцінская і студыя ўсходняга танца «Фазія», Таццяна Бялевіч, Сафія Шук, Арцём  Карандзей, Тамара Якімёнак і іншыя артысты выходзілі на сцэну кожны са сваім прыемным музычным падарункам. У святочнай праграме знайшлося месца для гумарыстычных мініяцюр. Гледачы ад душы пасмяяліся.

 
Ёсць толькі два спосабы пражыць сваё жыццё. Першы – так, нібы ніякіх цудаў не бывае. Другі – так, нібы ўсё на свеце з’яўляецца цудам. Словы Альберта Эйнштэйна як напамін пра тое, што шчасце і казка ў нашых руках і думках, прывялі на развітанне вядучыя. «А давайте мы будем здоровыми и счастливыми будем», – спявалі ў фінале Валянціна Пундзіс і Дзіяна Маляўка разам з гуртом маленькіх артыстаў. Слушная музычная парада!

 
Давайце будзем шчаслівымі. І не толькі ў святочныя дні.

 

Запіс святочнага канцэрта «Когда зажигаются елки» даступны для прагляду ў суполцы Міёрскага РДК у сацыяльнай сетцы «УКантакце».

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.


Вярнуцца назад