Галоўная > У рэспубліцы > Праводзіцца дзень прафілактыкі інфекцый

Праводзіцца дзень прафілактыкі інфекцый


1-04-2019, 13:40. размясціў: gazeta

 Штогод у Беларусі праводзіцца рэспубліканскі дзень прафілактыкі інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. У Віцебскай вобласці рэгіструецца звыш 20 тысяч новых выпадкаў захворванняў за год. На Міёршчыне сітуацыя стабільная.

Колькасць вядомых інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, перавышае 30. У іх ліку сіфіліс, ганарэя, трыхаманіяз, хламідыёз, мікаплазмоз, кандыдоз генітальны, урэаплазмоз, востраканечныя кандыломы, гепатыт “В” і “С”. Самая небяспечная ВІЧ-інфекцыя, адзін з асноўных шляхоў перадачы якой — палавы.


Найбольш характэрныя сімптомы ІППШ:
- выдзяленні з мочаспускальнага каналу або прамой кішкі, незвычайныя выдзяленні з похвы (жаўтаватыя або тварожыстыя з пахам);
- крывяністыя выдзяленні з похвы ў перыяд паміж менструацыямі;

- рэзі, сверб і паленне або дыскамфорт пры мочаспусканні, пачашчанае мочаспусканне;
- болі ў вобласці жывата і паясніцы ў жанчын, у яечках у мужчын;
- болевыя адчуванні падчас палавога акта;
- язвачкі, бурбалкі, эрозіі на палавых органах, у вобласці задняга праходу, поласці рота;
- сып на целе, палавых органах, далонях, падэшвах;
- павелічэнне лімфатычных вузлоў (часцей у палавой вобласці).


Пры гэтых сімптомах, асабліва калі яны з’явіліся пасля выпадковай палавой сувязі, абавязкова неабходна звярнуцца да ўрачоў: гінеколага, уролага, дэрматавенеролага. Толькі пасля агляду і лабараторнага даследавання можна сказаць, ці ёсць інфекцыя.


У Міёрскім раёне даследаванне арганізавана на сучасным узроўні. Адабраны матэрыял дастаўляюць у абласную цэнтралізаваную лабараторыю для ПЦР-дыягностыкі ІППШ. Метад дазваляе вызначыць узбуджальніка інфекцыі ва ўзоры.


Несвоечасовае лячэнне прыводзіць да цяжкіх наступстваў і ўскладненняў — развіваюцца хранічныя запаленні мочапалавых органаў, зніжаецца патэнцыя ў мужчын, у жанчын могуць быць выкідышы, невыношванне цяжарнасці або пазаматачная цяжарнасць, бясплоддзе і нават рак палавых органаў.
Самы надзейны сродак ад інфекцыі — прэзерватыў. А яшчэ — каханне і вернасць аднаму сексу- альнаму партнёру, клопат пра сваё і яго здароўе.


Калі сумняваецеся, адразу звяртайцеся да ўрача. Палавыя інфекцыі не праходзяць без лячэння. Пракансультуюць у скурна-венералагічным кабінеце раённай паліклінікі.

Фота для ілюстрацыі.
Валянціна ГАЙБОВІЧ,
урач-дэрматавенеролаг.


Вярнуцца назад