Ответственная — за старших ...
gazeta 5-01-2015, 11:29 0 У рэспубліцы5 студзеня — Дзень работнікаў сацыяльнай абароны
Чалавек, у якога добрая душа, валодае найвялікшым у свеце багаццем. Дабрыня, чуласць і спагадлівасць запальваюць святло ў вачах і мілую ўсмешку на твары, дадаюць нотак бадзёрасці ў голасе, дапамагаюць пераадолець уласныя жыццёвыя цяжкасці і справіцца з імі іншым. Гэтыя якасці важныя не толькі ў маральна-этычным, але часам і ў прафесійным плане. Без іх наўрад ці ўдасца належным чынам выконваць абавязкі сацыяльнага работніка.
Пайшоў сёмы годы, як Зоя Ільдэфонаўна Балабан спяшаецца да падапечных пенсіянераў, каб зрабіць бытавыя справы, паслухаць іх успаміны, падба-дзёрыць добрым словам. Абслугоўвае яна сем чалавек. Графік для кожнага свой. Адных наведвае кожны дзень, іншых — два ці тры разы на тыдзень.
Прыбраць у хаце, згатаваць ежу, схадзіць у магазін за прадуктамі і ў аптэку за лякарствамі — гэтыя і іншыя клопаты за дзень паўтараюцца некалькі разоў.
— Яна ўсё робіць акуратна і добрасумленна, — расказвае пра сацыяльнага работніка пенсіянерка Ніна Пятроўна Латышава. — Што ні папрашу, усё выканае. Прыходзіць заўсёды своечасова. Я 45 год адпрацавала галоўным бухгалтарам у банку, шмат людзей пабачыла, умею ў іх разбірацца. Зоя — вельмі добры чалавек. Пакуль буду жыць, не адпушчу яе.
Ніна Пятроўна — адна з першых падапечных у Зоі Ільдэфонаўны. За шэсць год сацыяльны работнік стаў родным чалавекам, чый візіт жаданы і радасны. Сама Зоя Ільдэфонаўна прызнаецца, што сваіх падапечных любіць і шкадуе, таму на заслужаны адпачынак не спяшаецца, хоць нядаўна ёй споўнілася 55.
Пачуўшы гэтую лічбу, шчыра здзівілася. Складана паверыць, што маладая на выгляд і бадзёрая жанчына дасягнула пенсійнага ўзросту. Адказ на пытанне пра сакрэт маладосці яна і сама не ведае. Расказала, што ў свой час давялося зведаць сямейныя цяжкасці, муж рана пайшоў з жыцця…
Крыніцай задавальнення для Зоі Ільдэфонаўны была і застаецца швейная справа.
— Па спецыяльнасці я швяя-закройшчыца, — расказвае жанчына. — Працяглы час у Міёрскім КБА працавала, потым у прыватным атэлье "Пралеска" у Яўгеніі Вячаславаўны Грэцкай. Займалася б гэтым і далей, але прынялі ўказ, згодна з якім індывідуальным прадпрымальнікам дазвалялася наймаць на працу толькі сваіх родных, таму з "Пралескай", на жаль, давялося развітацца. У тэрытарыяльным цэнтры была вакансія сацыяльнага работніка, яе і заняла.
Працоўныя дні запаўнялі клопаты пра падапечных, а ўвечары—любімае рамяство. Наўрад ці прыгадае жанчына, колькі ўбораў пашыла на сваёй машынцы. Напярэдадні Новага 2015-га года стварала святочныя касцюмы і свайму пяцігадоваму ўнуку Яраславу, і ўнукам сябровак. Шые адзенне для сябе, знаёмых, і атрымлівае ад гэтага працэсу сапраўдную асалоду.
У выхадныя дні чакае ў госці дачку Маю з сям'ёй, якая жыве ў Міёрах, стараецца парадаваць чымсьці смачным любімага Ярыка. Другая дачка — Юлія — у Віцебску, часта прыязджаць не атрымліваецца. Рада маці, што дочкі маюць вышэйшую адукацыю, прычым Юля нават дзве: выкладае ў школе беларускую мову і літаратуру і займаецца перакладамі з англійскай мовы. У Маі адукацыя эканамічная, яна працуе ў белаграпрамбанку.
Яшчэ адна справа, што дорыць станоўчыя эмоцыі, — збор ягад. Летам і восенню жанчына адпраўляецца па чарніцы і журавіны. Карпатлівы і фізічна цяжкі занятак для яе — задавальненне. Відаць, у актыўным ладзе жыцця, любімай справе, поспехах родных, спагадлівасці да людзей і схаваны сакрэт знешняй маладосці, якая, безумоўна, сілкуецца унутраным настроем.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.