Напэўна, са старажытных часоў да нашых дзён самай страшнай бядой, якая суправаджае чалавецтва, з'яўляюцца пажары. На жаль, яны не мінаюць і Беларусь. У сярэднявеччы, як паведамляюць хронікі, часта ад адной іскры пасяленні выгаралі да апошняга дома.
Толькі ў 14-16 стагоддзях у гарадах, якія атрымалі Магдэбургскае права, самакіраванне пачало ўкараняць правілы пажарнай бяспекі — так званыя "вогненыя парадкі". Адначасова з замацаваннем усялякіх забарон на выкарыстанне агню ў іх было патрабаванне, што тушэнне пажараў — абавязак усіх без выключэння гараджан.
Шырокавядомая і пажарная павіннасць, якая ўскладвалася па чарзе ці па грамадскіх прыгаворах як пакаранне за неплацяжы гарадскіх падаткаў. "Клікуны" —своеасаблівыя пажарныя вартаўнікі хадзілі па начах, напаміналі пра асцярожнае абыходжанне з агнём.
У 17-м стагоддзі адбыўся прарыў наперад. Гарадскія магістраты ўводзяць выбарныя пасады "варты ад агню", на якіх ускладвалася кіраўніцтва тушэннем пажараў і кантроль за выкананнем прафілактычных мерапрыемстваў. Да вёдраў, сякер і багроў далучаюцца вазы з запоўненымі вадой бочкамі. Яны захоўваліся ў ратушы, якая была пры гэтым аглядавай вежай, падавала набат пры загаранні.
Менавіта супрацьпажарныя мерапрыемствы тых часін заклалі аснову паўсямеснага ўкаранення цаглянага будаўніцтва, планаванне гарадской забудовы, увядзенне водаправода. А Статут ВКЛ прадугледжваў і такое злачынства, як пагроза падпальваннем і падпальванне.
Спробы дзяржаўнай улады арганізаваць планамерную барацьбу з пажарамі адносіцца толькі да перыяду ўваходжання беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі. І толькі 17 сакавіка 1853 года ўказам імператара Мікалая I зацверджана "Нармальная табель складу пажарнай часці ў гарадах". Яна прадугледжвала штатны склад каманд у залежнасці ад колькасці насельніцтва ў 482 гарадах краіны, у тым ліку ў Дзісне.
13 ліпеня (25-га па новым стылі) 1853 года Мінскае губернскае праўленне і гарадская дума зацвердзілі каштарыс выдаткаў на ўтрыманне пажарнай часці ў складзе брадмайстра, двух унтэр-брандмайстраў і 48 радавых. Так пачалася прафесійная пажарная служба ў Беларусі.
С. СЛІЗЕНЬ,
начальнік РАНС.