Авторизация
 

З любоўю да працы, з павагай да дзяцей

 С любовью к работе, с уважением к детям
7 кастрычніка — Дзень настаўніка

—   Я не магу ўявіць сябе ў нейкай іншай сферы, на работу кожны дзень іду з радасцю. За водпуск нават сумаваць па ёй пачынаю, — кажа Раіса Аркадзеўна Бунта, настаўніца матэматыкі Мілашоўскай школы. Гэты навучальны год у яе працоўнай біяграфіі дваццаць восьмы. А сумненняў у тым, што правільна выбрала прафесію, не ўзнікала ніколі.

 

Любімымі прадметамі ў школе былі матэматыка і фізіка. Цікавасць да дакладных дысцыплін узрастала яшчэ таму, што выкладалі іх цудоўныя настаўнікі. У роднай Мікалаёўскай васьмігодцы матэматыку вяла Галіна Баляславаўна Спасібёнак, у Туркоўскай сярэдняй школе вучылі фізіку разам з Людмілай Панцялееўнай Бяззубенак.

 

Паспяхова здаўшы ўступныя экзамены, Раіса Аркадзеўна стала студэнткай матэматычнага факультэта Мінскага педінстытута. Гэта быў 1980-ы год. Самы яркі ўспамін таго часу — алімпійскі агонь, які неслі па сталічнай вуліцы.

—   У аўдыторыі ішоў экзамен, — расказвае субяседніца, — але нам дазволілі падысці да акна і паглядзець на гэту ўрачыстасць.

 

У студэнцкім жыцці было яшчэ шмат разнастайных падзей. Потым іх змянілі не менш цікавыя настаўніцкія будні. Спачатку працавала ў Крукаўскай васьмігодцы. Да асноўнай нагрузкі дабавілася работа піянерважатай, і разам з планамі ўрокаў рыхтавала сцэнарыі школьных мерапрыемстваў. А наступны год пачаўся ў новай школе і з новымі абавязкамі.

 

— Намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце была 20 год, — расказвае жанчына. — У Мілашоўскай школе мяне сустрэлі цёпла. Калектыў складаўся з вопытных педагогаў, многія з якіх раней займалі адміністрацыйныя пасады. Усе падтрымлівалі і дапамагалі.

 

Работа патрабавала высокай працаздольнасці і значнага запасу цярплівасці. А дома ўвагі і пяшчоты чакалі муж і двое сыноў. З ролямі намесніка дырэктара школы і захавальніцы сямейнага ачага Раіса Аркадзеўна спраўлялася аднолькава добра. Дапамагалі ўласцівыя ёй адказнасць, сумленнасць, разважлівасць і любоў. Любоў да сваёй сям’і, да школы, да вучняў. І гэта заўсёды было ўзаемным.

— Я вельмі люблю дзяцей, — кажа настаўніца. — Мне з імі цікава і проста. І не толькі на ўроку, але і пасля званка. Кожнае дзіця — гэта асоба, да якой трэба адносіцца з павагай. І не трэба імкнуцца навязаць яму сваё меркаванне.

 

Напэўна, матэматыка — адзін з любімых прадметаў у многіх вучняў Мілашоўскай школы. Матэматычныя фокусы, тэсты, цікавыя задачы і прыклады… Заданні на любы густ для кожнага класа і кожнага вучня. На ўроках пануе атмасфера супрацоўніцтва і добразычлівасці, а пры падвядзенні вынікаў кожны дае ацэнку сабе, класу і… настаўніку.

 

Як лічыць Раіса Аркадзеўна, разам з ведамі вучні павінны ўзяць з сабой са школы самастойнасць. А таму і сваіх дзевяцікласнікаў, некаторым з якіх хутка давядзецца рабіць першыя крокі ў дарослае жыццё, і астатніх дзяцей яна вучыць думаць, разважаць, самім прымаць рашэнні, даваць аб’ектыўныя ацэнкі ў першую чаргу сабе і сваім учынкам. Кабінет матэматыкі не пустуе і на перапынках.

— Дзеці прыходзяць да мяне проста пагаварыць, часам пра свае праблемы раскажуць, параду папросяць, — гаворыць педагог. — Стараюся ім дапамагчы.

Таму і не дзіўна, што віншаванні ад сваіх выхаванцаў яна атрымлівае не толькі на прафесійнае свята. Так, адзін з выпускнікоў Крукаўскай школы кожны год звоніць з далёкага Санкт-Пецярбурга, каб сказаць цёплыя словы ў дзень нараджэння сваёй настаўніцы.

 

У партфоліа Раісы Аркадзеўны шмат раённых і абласных грамат. Нядаўна з’явілася яшчэ адна — ад Міністэрства адукацыі. Але, як прызналася жанчына, самая лепшая ўзнагарода для яе — увага і любоў вучняў.

 

Кацярына СУРАВЕЦ.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 12 мая 2021
Арсений, Артем, Василий, Иван, Федот

Именины 11 мая 2021
Виталий, Кирилл, Максим, Анна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта