Память о поэте

Памяць пра песняра

 

З нагоды 120-годдзя Максіма Багдановіча ў нас прайшоў тэматычны тыдзень, падчас якога ў кожным класе праведзены пэўныя мерапрыемствы. Рэдкалегія падрыхтавала спецыяльны выпуск газеты. Аформлены тэматычныя стэнды ў кабінетах беларускай мовы і гісторыі, а ў бібліятэцы з’явілася выстава твораў самога паэта і кніг пра яго, прайшлі конкурсы дэкламатараў. Вучаніца 11 “А” класа Вольга Калачова стала ўдзельніцай раённага конкурсу сачыненняў, прысвечаных жыццю і творчасці М. Багдановіча. А Іван Кавалеўскі з 4 класа паспрабаваў сілы ў паэтычным конкурсе, які арганізавала газета “Віцебскі рабочы”.

 

Самая вялікая ўрачыстасць адбылася ў суботу, 10 снежня. На вечарыну, прысвечаную юбілею беларускага паэта, усіх запрасіў 9-ы клас. Разам з класным кіраўніком В. Ф. Кавалеўскай вучні падрыхтавалі цікавую праграму. Крысціна Пілюшанка спявала песні на словы М. Багдановіча і іншых беларускіх паэтаў, дзяўчаты танцавалі “Лявоніху” — любімы танец песняра, гучалі вершы Максіма і пра яго. Усё гэта суправаджалася прэзентацыяй “Страцім-лебедзь беларускай паэзіі”, якую склала намеснік дырэктара А. П. Красоўская. Напрыканцы Валянціна Фёдараўна правяла віктарыну на лепшага знаўцу жыцця і творчасці М. Багдановіча.

 

Трэба адзначыць, што Сабіна Набіева і Марыя Паршонак па-мастацку аздобілі актавую залу. Выдатна чыталі вершы Ілля Слізкі, Вераніка Капцюг, Анастасія Шастакова, Арцём Вяль, Яўген Наркевіч, Вольга Кузняцова і іншыя. Пранікнёна гучалі словы вядучых Ганны Сіцька і Уладзіслава Гіржды.

Гледачы атрымалі сапраўдную асалоду ад сустрэчы з прыгожым.

 

А. КРАСОЎСКАЯ,

намеснік дырэктара па выхаваўчай

рабоце Дзісенскай СШ.

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.