Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па факце арганізацыі дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак у Гомелі. Па дадзеных следства, 28 лютага, паддаўшыся заклікам, апублікаваным у сацыяльных сетках і мэсэнджарах, ля гандлёвага цэнтра «Сакрэт» сабралася 200 чалавек ва ўзросце ад 13 да 21 года. Іх аб’ядноўвалі агульныя погляды і прыналежнасць да розных моладзевых субкультур, у тым ліку «ЧВК Рэдан» і так званых «каляфутбольных рухаў».
Масавае мерапрыемства ў Гомелі было незаконным. Групу затрымалі супрацоўнікі міліцыі. З 200 чалавек 183 аказаліся непаўналетнімі. Узбуджана крымінальная справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленне арганізатараў масавага збору.
Аналагічныя сустрэчы падлеткаў-прыхільнікаў у Расіі і Украіне заканчваліся беспарадкамі і масавымі дракамі ў грамадскіх месцах.
У сацыяльных сетках працягваюць з’яўляцца публікацыі з заклікамі да несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у розных гарадах Беларусі. Не паддавайцеся на правакацыі. Усе спробы парушэння грамадскага парадку будуць актыўна і строга спыняць праваахоўныя органы, а ўдзельнікаў такіх мерапрыемстваў абавязкова прыцягнуць да ўстаноўленай законам адказнасці, аж да крымінальнай.
Паважаныя бацькі, абараніце сваіх дзяцей ад неабдуманых дзеянняў. Іх наступствы могуць быць цяжкімі.