17 ноября исполнилось 14 лет со дня основания ассоциации «Белая Русь»

 17 лістапада споўнілася 14 гадоў з дня заснавання рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Раённая арганізацыя была ўтворана ў 2008-м. Тады яе ўзначаліла Марыя Баніфатава. На змену прыйшла і заставалася нязменным лідарам дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена ШАМЁНАК. У мінулую сераду на справаздачна-выбарным сходзе раённай арганізацыі зацвердзілі новы склад савета. А старшынёй зноў абрана Алена Венядзіктаўна.

 

Старшыня раённай арганізацыі Алена Шамёнак нагадала, што «Белая Русь» – гэта плённы саюз тых, каму неабыякавы лёс краіны і малой радзімы, хто ідзе курсам дзяржавы, гатовы далучаць у свае рады аднамыснікаў, арганізоўваць на гэтым шляху шмат добрых, карысных спраў. Яна пазнавальная сваімі акцыямі і мерапрыемствамі, якія накіраваны на выхаванне патрыятызму як найважнейшай духоўнай і сацыяльнай каштоўнасці, фарміраванне прававой культуры дзяцей і дарослых, зберажэнне здароўя, ахову мацярынства і дзяцінства, дапамогу малазабяспечаным сем’ям, дзецям-сіротам, людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

 
На 1 ліпеня ў радах рэспубліканскага грамадскага аб’яднання налічвалася 180 609 членаў ці 3,36 % ад колькасці працаздольнага насельніцтва рэспублікі, у ліку якога нямала моладзі. Раённая арганізацыя яднае 293-х чалавек, усе творчыя, умелыя, кампетэнтныя ў сваёй прафесіі. Актыўна ўдзельнічалі ў палітычных кампаніях. На выбарах працавалі ў складзе ўчастковых камісій, былі назіральнікамі на выбарчых участках, уваходзілі ў склад ініцыятыўных груп, арганізоўвалі пікеты. 14 членаў абраны дэпутатамі райсавета. Выступаюць на Днях інфармавання, удзельнічаюць у мітынгах, аўтапрабегах, урачыстых сходах, прысвечаных дзяржаўным святам.

 
Накіравана дзейнасць членаў раённай арганізацыі на падтрымку сацыяльных ініцыятыў. Стала традыцыяй акцыя «Белая Русь з любоўю да дзяцей», падчас якой сумесна з аддзелам загса, райкамам БРСМ наведваюцца ў радзільнае аддзяленне Міёрскай ЦРБ павіншаваць жанчын, што нарадзілі дзетак напярэдадні Дня маці, Дня Незалежнасці. Шырокі водгук у жыхароў раёна атрымалі акцыі «Белая Русь – ветэранам» з наведваннем іх дома і ўручэннем падарункаў. А мерапрыемствы пад назвай «У школу з добрым сэрцам», «Нашы дзеці» даюць магчымасць дапамагчы падрыхтавацца да навучальнага года і аформіць навагоднія падарункі дзецям-інвалідам, сіротам, а таксама непаўналетнім, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы.

 
Пералік добрых спраў раённай арганізацыі вялікі. Усюды, нягледзячы на тое, што асноўнай крыніцай яе сродкаў з’яўляюцца членскія ўзносы, знаходзіць магчымасць узнагародзіць прызамі, сувенірамі найлепшых і дастойных, нават спансіраваць мерапрыемствы. Пры падтрымцы і ўдзеле «Белай Русі» праходзілі аўтапрабегі, свята для адораных дзяцей «Зорны россып», конкурс маладых сем’яў «Валадар сяла», турзлёты моладзі, спартакіяды для пярвічных ветэранскіх арганізацый. Для бяспечнага пражывання пажылых за кошт арганізацыі «Белая Русь» набыты і ўстаноўлены сто пажарных аўтаномных апавяшчальнікаў. Выдаткоўваліся сродкі на пакупку капсулы для закладкі глебы з воінскіх і пахаванняў ахвяр вайны. Падчас эпідэміі каронавіруса аказана фінансавая дапамога Міёрскай ЦРБ у 1610 рублёў. Для аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, карэкцыйнага цэнтра набыты бактэрыцыдны выпраменьвальнік і бескантактныя тэрмометры.

 
Задачы, якія стаяць перад «Белай Руссю», – гуманныя, высокамаральныя, зроблена шмат добрага і карыснага, што трэба прапагандаваць, часцей і больш пра тое расказваць. Гэта заўважылі пры ацэнцы дзейнасці намеснік старшыні раённай арганізацыі Марыя Баніфатава, намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба. Кола ініцыятыўных нераўнадушных людзей з імкненнем і жаданнем зрабіць шмат для нашай будучыні – моцнае, але яшчэ ёсць куды пашырацца.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.