На мінулым тыдні Міёршчыну наведалі намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр КОРБУТ, старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар ГАЛАНАЎ, Пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН Анастасія САЛАЎЁВА і яе намеснік Армен МАРЦІРАСЯН, кіраўнік праекта «Ветландс» Аляксей АРЦЮШЭЎСКІ. Падчас візіту адбылася сустрэча з кіраўніцтвам раёна, дзе абмеркавалі перспектывы развіцця зялёнай эканомікі ў рэгіёне. Госці пабывалі ў візіт-цэнтры «Ельня», на экасцежцы, у заказніку «Жада».
Рабочы візіт быў прымеркаваны да Сусветнага дня біяразнастайнасці, што адзначаецца 22 мая, і меў за асноўную мэту наведванне адноўленага тарфяніка на балоце Жада. Аднаўленне гідралагічнага рэжыму на балоце – адно з мерапрыемстваў «Ветландса». Гэта праект Праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду. Рэалізуецца сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Як заўважыў падчас сустрэчы ў райвыканкаме кіраўнік праекта «Ветландс» Аляксей Арцюшэўскі, на Міёршчыне станоўчы вопыт па рэалізацыі ініцыятыў Праграмы развіцця ААН. Паспяхова дзейнічае візіт-цэнтр «Ельня», уладкаваны ў 2013 годзе ў рамках аднаго з праектаў
ПРААН. Вабіць турыстаў экасцежка, што вядзе да ўнікальнай прыроды і дазваляе ўбачыць на шляху розныя тыпы балотных экасістэм. Яшчэ ў выніку супрацоўніцтва з ПРААН на Ельні пабудаваны 46 плацін, што істотна зніжае рызыку пажараў на тарфяніках. Папоўнілі спіс добрых вынікаў работы па паўторным забалочванні ў заказніку «Жада».
Упершыню пабывала ў Міёрскім раёне Пастаянны прадстаўнік ПРААН Аляксандра Салаўёва. Адзначыла адметнасць мясцовай прыроды, заўважыла, што важна шукаць шляхі, пры якіх развіццё эканомікі не будзе ставіць пад пагрозу навакольнае асяроддзе. З яе слоў, у Праграме развіцця ААН на 2021 – 2025 гады прадугледжаны не толькі праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі, але і прыцягненне інвестыцый у беларускія рэгіёны, таму адсюль чакаюць перспектыўныя ідэі эканамічнага развіцця.
Старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў згодны з тым, што прыроду трэба берагчы. Разам з тым указаў на эканамічныя плюсы здабычы торфу. Распрацаваны адпаведны праект. На думку кіраўніка раёна, мэтазгодна праводзіць паўторнае забалочванне тэрыторый пасля здабычы каштоўнага прыроднага матэрыялу. Старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў заўважыў, што прапанова патрабуе комплекснай ацэнкі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.