Авторизация
 

Старшыня Міёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў сустрэўся з калектывам Дзісненскага лясгаса

 У сераду, 20 студзеня, у рамках Дня інфармавання старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў сустрэўся з калектывам Дзісненскага лясгаса. Аналізуючы дасягнутае ў раёне за мінулы год, адзначыў імкненне да развіцця ўсіх сфер дзейнасці. Добрыя вынікі і ў лясгасаўцаў, за гэта заслужылі асобных слоў падзякі. 2020-ы выдаўся складаным, але яны вытрымалі выпрабаванне пандэміяй, спрацавалі нядрэнна і па выручцы, і па экспарце. Заробак падрастаў, сярэдні па прадпрыемстве склаў звыш 900 рублёў. Усяго на вытворчасці занята 306 працоўных. 

 

На гэтым тыдні вынікі работы лесагаспадарчай галіны абмяркоўваліся ў Палацы Незалежнасці, на што звярнуў увагу старшыня райвыканкама. Лясы займаюць амаль палову тэрыторыі нашай краіны. Беларусь моцна замацавалася ў дзясятцы самых лясных дзяржаў Еўропы. Прычым, толькі за гады незалежнасці такія плошчы павялічыліся амаль на мільён гектараў. Каранёвы запас драўніны – амаль два мільярды кубічных метраў.

 

Так што ўся ўвага стратэгіі развіцця. У аснове – сучасныя падыходы ў вядзенні гаспадаркі. Ад таго, як граматна распараджацца ляснымі рэсурсамі, у многім залежыць і рост эканомікі, і баланс экалогіі. Перапрацоўка лесу павінна быць максімальнай – такая задача кіраўніка дзяржавы.

 
Тое, што фінансавая і эканамічная сітуацыя ў лясной гаспадарцы краіны добранадзейная, пацвердзіў на канкрэтных прыкладах дырэктар Дзісненскага лясгаса Дзяніс Леановіч. Тут даўно вызначыліся, што ім трэба вырабляць, з чаго і на чым. Робяць стаўку на мадэрнізацыю і тэхнічнае пераўзбраенне, часам без вялікіх фінансавых затрат. Менавіта такім чынам пераабсталявалі лінію на лесапункце, якой пацікавіўся кіраўнік раёна (на здымку).

 

 Да піларамы Р-63 далучылі набыты за ўласныя сродкі шматпільны станок (у простанароддзі «белая акула»), дзякуючы чаму значна павысіліся вытворчасць працы, якасць выпускаемай прадукцыі. З’явілася магчымасць перапрацоўваць мяккія ліставыя пароды дрэў, выпускаць палетныя нарыхтоўкі на экспарт, дошку абразную для МТЗ на выраб транспартнай тары для перавозкі тэхнікі. Гатовая прадукцыя карыстаецца попытам і ў насельніцтва раёна, сельгасарганізацый, якім патрэбны матэрыялы для рамонту гаспадарчых пабудоў.

 
Паступова абнаўляецца і папаўняецца машынна-трактарны парк лясгаса. У хуткім часе чакаюць два МАЗы і дзве лесавозныя цялежкі. За кошт свайго прыбытку і сродкаў на развіццё з інвестфонду міністэрства лясной гаспадаркі. Не хапае толькі кваліфікаваных кадраў. У лясгасе патрэбны трактарысты, вадзіцелі.

 
 Пасля абмеркавання вытворчых пытанняў старшыня райвыканкама выслухаў жыццёвыя. Адно звязанае з экалогіяй. Дзісненцаў хвалюе, ці захаваецца чыстай вада ў рацэ Дзісна, дзе купаюцца летам іх дзеці. Менавіта сюды выведзены бытавыя сцёкі, што прадугледжана праектам па мадэрнізацыі каналізацыйнай сістэмы пасёлка ЛВДС.

 
У адказ пачулі, што ўстаноўленая станцыя ачысткі сцёкавых вод імпартнай вытворчасці, з абеззаражвальнай функцыяй, цалкам адпавядае жорсткім санітарным нормам, што будуць пастаянна кантраляваць спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Магутная: праектны аб’ём перапрацоўкі бытавых сцёкаў удвая большы за тыя, што паступаюць з пасёлка. Усё прадугледжана для захавання экалогіі навакольнага асяроддзя, таму падстаў для хвалявання не павінна быць. 

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта