Авторизация
 

Старшыня Міёрскага райвыканкама абмеркаваў з калектывам мясакамбіната планы развіцця

 Старшыня райвыканкама абмеркаваў з калектывам Міёрскага мясакамбіната перспектывы далейшага развіцця раёна і актуальныя для прадпрыемства тэмы. 

 

У раёне захавалі і памножылі набытае. Ігар Кузняцоў прывёў лічбы, якія характарызуюць сацыяльна-эканамічнае развіццё ў розных галінах за 2020 год. Да папярэдняга плюсуем амаль па ўсіх паказчыках. І па заробку з апошніх граф турнірнай табліцы перамясціліся на больш высокую пазіцыю. Сярэдні па Міёршчыне налічыў 862 рублі.

 
Адметны 2020-ы ўводам у эксплуатацыю металапракатнага завода, адпаведны акт падпісаны 30 снежня. Тут ужо заняты каля 600 чалавек. За студзень мяркуюць выпусціць 5,5 тысячы тон чорнай бляхі. У пачатку лютага – першую тысячу белай. У гэтым жа месяцы на афіцыйнае адкрыццё прадпрыемства прыбудзе кіраўнік дзяржавы.

 
Ігар Валер’евіч падзяліўся з аўдыторыяй планамі па развіцці сацыяльнай сферы ў райцэнтры, якія ўключаюць будаўніцтва важных для ўсіх аб’ектаў. Да некаторых меркавалі прыступіць яшчэ летась. Даўно гатова праектна-каштарысная дакументацыя на ўзвядзенне новай райпаліклінікі. Думалі завяршыць рэканструкцыю вуліцы Камуністычнай. Аднак планы парушыла пандэмія. Усе матэрыяльныя рэсурсы вымушаны былі скіраваць на барацьбу з каронавіруснай інфекцыяй. На медыцынскае абсталяванне, лекі, сродкі аховы для медработнікаў дадаткова з бюджэту выдаткоўвалася 1,2 мільёна беларускіх рублёў.

 
Звярнуў увагу старшыня, што каронавірус яшчэ нікуды не падзеўся, таму не варта забываць пра меры перасцярогі: сродкі індывідуальнай аховы і сацыяльнае дыстанцаванне. Урэшце, на мясакамбінаце з гэтым усё строга і без лішніх напамінаў. Так павінна быць у кожным калектыве. У барацьбе з хваробай дапаможа і вакцынацыя. На першым этапе раёну выдзелена каля двухсот доз расійскай вакцыны, яе паставяць у пачатку лютага.

 
 Галоўнае – здароўе, з ім раней ці пазней мары абавязкова збываюцца, трэба толькі імкнуцца, гаварыў кіраўнік раёна. Калектыву мясакамбіната агучыў яго галоўную задачу – ствараць паспяховае заўтра. Для гэтага задумана мадэрнізацыя прадпрыемства, у прыватнасці будаўніцтва забойнай пляцоўкі, на што выдаткаваны сродкі з інавацыйнага фонду аблвыканкама. Да работ плануюць прыступіць сёлета і справіцца за два гады. Міёрскі мясакамбінат павінен стаць сучасным, а значыць, канкурэнтаздольным. Для гэтага ўсім давядзецца працаваць закасаўшы рукавы. Менавіта такі падыход забяспечыць рост вытворчасці працы і, адпаведна, павышэнне заработнай платы.

 
Фармат сустрэчы не абмежаваўся выступленнем, перайшоў у дыялог. Супрацоўніца прадпрыемства пацікавілася, ці прадугледжаны праектам па рэканструкцыі вуліцы Камуністычнай пешаходны пераход насупраць бальніцы. Раніцай у час пік перайсці дарогу практычна немагчыма з-за транспартнага патоку ў напрамку металапракатнага завода. Ігар Валер’евіч паабяцаў, што пешаходны пераход будзе.

 
Другое пытанне таксама звязана з бяспекай жыхароў райцэнтра. Так, у напрамку да магазіна «Санта» па вуліцы Ягора Томкі не хапае тратуара. Пры разміне транспарта на вузкай дарозе пешаходам трэба сыходзіць на абочыну, месцамі нязручную і калдобістую. Як патлумачыў старшыня райвыканкама, будаўніцтва тратуараў прадугледжвалася праектам па ўзвядзенні гандлёвай установы, аднак інвестар абмежаваўся добраўпарадкаваннем навакольнай тэрыторыі. Цяпер гэта пытанне вырашыцца толькі з узвядзеннем міжраённага медыцынскага цэнтра, што стараецца паскорыць раённая ўлада.

 
Ігар Валер’евіч падзякаваў нераўнадушным да грамадскіх праблем. Іх не заўсёды адразу магчыма вырашыць, але ўсе бяруцца на кантроль.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 2 марта 2021
Михаил, Николай, Павел, Порфирий, Роман, Федор, Анна, Мария, Марианна

Именины 1 марта 2021
Даниил, Илья, Макар, Павел, Памфил, Порфирий, Самуил, Юлиан

Госці краін

free counters
Партнеры сайта