Закон уступіць у сілу
gazeta 28-10-2011, 16:12 2 160 У рэспубліцы
18 ліпеня 2011 года дэпутаты прынялі Закон Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”, які ўступае ў сілу з 22 студзеня наступнага года і накіраваны на комплекснае і сістэмнае рэгуляванне парадку рэалізацыі грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі права на звароты ў дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі. Хаця да пачатку дзейнасці новага закона ёсць яшчэ нейкі прамежак часу, аднак ужо цяпер неабходна на месцах прымаць меры для рэалізацыі яго палажэнняў.
Дзеянне закона распаўсюджваецца на звароты грамадзян і юрыдычных асоб, за выключэннем зваротаў, якія трэба разглядаць у адпаведнасці з грамадзянскім, грамадзянска-працэсуальным, гаспадарча-працэсуальным, крымінальна-працэсуальным заканадаўствамі. Ёсць звароты, у дачыненні якіх заканадаўчымі актамі ўстаноўлены іншы парадак іх падачы і разгляду.
Дзеянне закона не распаўсюджваецца на перапіску дзяржаўных органаў пры выкананні імі функцый, ускладзеных на іх нарматыўнымі прававымі актамі.
Грамадзяне краіны, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства маюць права на звароты ў арганізацыі і да індывідуальных прадпрымальнікаў шляхам падачы пісьмовых, электронных або вусных запытаў, а таксама шляхам унясення запісаў у кнігу заўваг і прапаноў.
Юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам Беларусі, прадстаўнікам замежных дзяржаў таксама прадастаўлена такое права за выключэннем запісаў у кнігу заўваг і прапаноў.
Акрамя пісьмовых і вусных зваротаў законам уводзіцца новая форма — электронная. Новаўвядзенне абумоўлена тым, што ў дзеючым заканадаўстве аб зваротах грамадзян адсутнічае рэгуляванне такой формы зваротаў. У той жа час, паколькі ў многіх дзяржаўных органаў, іншых арганізацый маюцца афіцыйныя інтэрнэт-сайты, электронныя адрасы, электронная форма зваротаў атрымлівае шырокае прымяненне на практыцы. Новым нарматыўным актам гэты недахоп у заканадаўстве ўхілены. Патрабаванні да афармлення электронных зваротаў такія ж, як і да пісьмовых, толькі неабходна ўказваць у іх зваротны электронны адрас. У законе дакладна вызначана, што электронны зварот адрасуецца не канкрэтнай службовай асобе, а павінен быць накіраваны на афіцыйны электронны адрас арганізацыі. Разгляд электронных зваротаў носіць абавязковы характар для ўсіх кіраўнікоў, што абумоўлена гарантаваным Канстытуцыяй правам нашых грамадзян карыстацца адной з дзяржаўных моў. Адначасова законам прадугледжваецца, што пісьмовыя адказы на звароты робяцца на іх мове. Такая норма ўводзіцца ў мэтах забеспячэння права кожнага грамадзяніна на самавызначэнне, у тым ліку шляхам ужывання толькі беларускай мовы.
Заканадаўча замацавана, што тэкст пісьмовага звароту павінен добра чытацца, рукапісы пішуцца выяўным, разборлівым почыркам, не дапускаецца ўжывання нецэнзурных або зневажальных слоў ці выразаў.
Устаноўлены адзіныя тэрміны адказаў на ўсе віды зваротаў — яны павінны быць разгледжаны не пазней 15 дзён, а калі патрэбны дадатковае вывучэнне і праверка — не пазней аднаго месяца. Па-ранейшаму, калі пад заявай падпісаліся 30 і больш чалавек, то разгляд указаных праблем будзе абавязкова праходзіць з выездам на месца. А вось ананімныя звароты можна нават не прымаць, калі толькі ў іх няма інфармацыі пра тое, што рыхтуецца або ўжо ўчынена злачынства.
Пашыраны паўнамоцтвы арганізацый па пакіданню скарг без разгляду іх па сутнасці, без адказу і па спыненню перапіскі па іх. Гэта датычыць паўторных зваротаў, якія ўжо былі разгледжаны па сутнасці, на іх былі дадзены адказы і калі ў іх не ўтрымліваюцца новыя абставіны, якія маюць значэнне для разгляду. Не сакрэт, што некаторыя грамадзяне злоўжываюць сваімі правамі і становяцца “прафесійнымі скаржнікамі”. Яшчэ адно новаўвядзенне. Прадугледжваецца, што пры ажыццяўленні асабістага прыёму па рашэнню кіраўніка могуць прымяняцца тэхнічныя сродкі (дыктафоны, відэазапіс, кіно- і фотаздымкі), аднак наведвальнік павінен быць папярэджаны аб гэтым да пачатку асабістага прыёму. Значыць, аўдыё- і відэазапіс на прыёмах будуць магчымы, толькі калі сам наведвальнік не супраць. Гэта норма накіравана на абарону правоў грамадзян і інтарэсаў дзяржаўных органаў, арганізацый, дазволіць выяўляць злоўжыванні ў ходзе правядзення асабістага прыёму і, магчыма, засцеражэ людзей ад некарэктных паводзін у адносінах да кіраўніка, які вядзе прыём.
Таксама заканадаўствам устаноўлена адказнасць арганізацый, кіраўнікоў за парушэнне тэрмінаў, няякасны разгляд зваротаў. Будуць адказваць перад законам і грамадзяне, калі ў іх зваротах утрымліваецца паклёп або знявага.
Ж. СУШКО,
загадчыца сектара
па рабоце са зваротамі
грамадзян і юрыдычных асоб.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.