Авторизация
 

Працаўнікі пошты «Мікалаёва» - выконваць патрэбы сяльчан, захоўваць імідж аддзялення

 Выпісаць газеты, адправіць грашовы перавод, атрымаць пасылку, аплаціць камунальныя… Розныя патрэбы прыводзяць на пошту. Звяртаючыся за паслугамі, разлічваем на належнае абслугоўванне. У аддзяленні паштовай сувязі «Мікалаёва» якасць, аператыўнасць і ветлівасць – адно цэлае.

 

Асартымент патрэбных прапаноў

– Добрыя ў нас работнікі, уважлівыя і ветлівыя. Заўсёды прыемна да іх звяртацца, – гаворыць мясцовая жыхарка. – І асартымент тавараў багаты. Напрыклад, прадукты тут купляю, у магазіне толькі хлеб бяру.

 
– Хутка тавары разбіраюць, не паспяваем заказваць. Крупы, макароны, мука ў нас каштуюць танней, гэта прываблівае пакупнікоў, – пацвярджае словы сяльчанкі начальнік аддзялення Вольга Пяцько. – Нават каробачкі з навагоднімі цукеркамі ўжо разышліся. Віншаванні ад Дзеда Мароза з падарункамі цяпер папулярныя.

 
Што да будзённых спраў, то іх у аддзяленні штодня хапае. У перыяд складанай эпідсітуацыі наведвальнікі прыходзяць радзей, але не бывае такіх дзён, каб зусім не пераступілі паштовы парог. Адным трэба пакласці грошы на тэлефон, другім купіць свежыя сканворды ці часопісы для дзяцей, трэціх чакае пасылка з інтэрнэт-магазіна, чацвёртыя вырашылі папоўніць запас прадуктаў. На паліцах з яркімі паштоўкамі, канвертамі «1 клас», прывабнымі часопісамі суседнічаюць кава і чай, розныя ласункі, посуд, сродкі гігіены і бытавой хіміі, ручнікі і пасцельная бялізна.

 – Кожны наведвальнік штосьці для сябе знойдзе, – заўважае Вольга, разлічыўшы мужчыну, які зайшоў купіць віншавальную паштоўку.

 

 На першым месцы затрымалася

У мікалаёўскім аддзяленні сувязі Вольга Пяцько занята чацвёрты год. Гэта яе першае працоўнае месца, куды ўладкавалася ў ліпені 2017-га пасля Віцебскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі паштовай сувязі.

 
– Падабаецца работа, – гаворыць малады начальнік. – Да людзей прывыкла, абавязкі свае добра ведаю. З дакументацыяй люблю працаваць. Цяпер яе больш, чым раней было. У зону абслугоўвання ўвашлі вёскі Шарагі, Сіцькова і населеныя пункты ў іх ваколіцах. Пачынала працаваць з адным паштальёнам, цяпер іх чатыры. Рабочы дзень кожнага трэба аформіць на паперы. Аб’ём работы немалы, але спраўляюся.

 
У аграгарадку Вольгу ведаюць не толькі як начальніка паштовага аддзялення. Бачаць яе на сцэне мясцовага клуба падчас святочных канцэртаў. Выступае ў ролі вядучай і ўдзельніцы вакальнага гурта. Мастацкая самадзейнасць дадае ў сельскія будні яркіх вясёлых нотак.

 

Паштальёна чакаюць з ягадным кампотам

Прыемна пахне свежай перыёдыкай у кабінеце паштальёна Інгі Станджэнайтэ. Для яе гэты водар незаўважны – прывыкла амаль за сем гадоў. Як і да капрызаў надвор’я, і да сцежак-дарожак, што вядуць у дамы вяскоўцаў, якім носіць газеты, пенсіі, тавары. Маршрут даўжынёй у 13 кіламетраў праходзіць па вуліцах аграгарадка Мікалаёва, вёсках Федарцы, Арханава, Баслакі, Барсукі. Асабліва чакаюць паштальёна пажылыя сяльчане.
– Ягадным кампотам частуюць, – усміхаецца Інга. – Прыемна адчуваць сябе патрэбнай людзям.

 
Да работы на пошце яна была хатняй гаспадыняй. Калі ў аддзяленні з’явілася вакансія паштальёна, прапанавалі паспрабаваць.
– Думала, не спраўлюся, – гаворыць субяседніца. – Лічыла, што паштальён толькі газеты разносіць. Аказалася, трэба і падпіску афармляць, і плацяжы прымаць, і тавары рэалізоўваць. Усяму навучылася.

 
Цяпер Інга добра ведае, якія выданні выпісваюць вяскоўцы і якія ласункі выбіраюць да чаю. Стараецца задаволіць іх патрэбы. Любіць сваю работу і ніколі не спазняецца. Наадварот, прыходзіць загадзя, каб не спяшацца і ўсё паспець.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 12 апреля 2021
Захар, Иван

Именины 11 апреля 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Корнилий, Марк, Михаил, Филипп

Госці краін

free counters
Партнеры сайта