Авторизация
 

Да 85-гадовага юбілею Аркадзя Шарага: у падарунак – добрае здароўе і шчасце родных

 Першы сняжок толькі прыцерушыў зямлю, а Аркадзь Мікалаевіч ужо падмёў дарожкі ў двары. Кажа, любоў да чысціні і парадку ў яго з дзяцінства. На падворку ні галінкі, ні парушынкі. У склепе акуратна расстаўлены слоічкі з кансерваванай гароднінай і скрыні са свежымі яблыкамі. Сваё месца ёсць у кожнага рабочага інструмента. І так ва ўсім. За якую б справу ні браўся, імкнецца рабіць яе дасканала.

 

Нагодай для сустрэчы з жыхаром вёскі Арханава Мікалаёўскага сельсавета Аркадзем Шарагом стала значная падзея ў яго жыцці. Учора сустрэў свой 85-гадовы юбілей. Прымаў віншаванні ад дзяцей, унукаў, сваякоў.
– Дні нараджэнні ў мяне два, – смяецца Аркадзь Мікалаевіч. – Маці заўсёды казала, што я з’явіўся на свет у праваслаўнае свята Уводзін у храм Прасвятой Багародзіцы, якое адзначаецца 4 снежня. А тата – ён працаваў сакратаром у сельсавеце – чамусьці запісаў мяне 16 снежня.

 

Піражкі з крухмалу

Амаль усё жыццё Аркадзя Мікалаевіча звязана з невялікай вёсачкай Арханава. Тут прайшло маленства, у якое вераломна ўварвалася вайна са страхамі, голадам і нястачай.

 
– Бацьку немцы ў палон забралі, пад Полацк гналі. Але ён змог уцячы яшчэ з чатырма мужчынамі. Аднаго з іх дагнала куля. Тату толькі пінжак прадзіравіла. Ён вярнуўся дадому, – расказвае субяседнік. – Памятаю, як ворагі прыйшлі ў хату і загадалі маці курыцу цэлую ім зварыць. Са страху яна забылася валлё вынуць. Прымусілі яго з’есці, пагражаючы зброяй. Цяжка ў вайну жылося, ежы не хапала. На палетках збіралі перамерзлую бульбу, крухмал дадавалі ў муку і піражкі пяклі.

 
У сям’і Шарагоў гадавалася восем дзяцей – трое сыноў і пяцёра дачок. З малых гадоў, як вялося ў вёсках, іх прывучалі да працы ў хаце, на зямлі, у хляве.
Аркадзь Мікалаевіч, скончыўшы сямігодку ў Мікалаёве, летам пасвіў авечак у гаспадара ў Касабуках, у калгасе працаваў. Заробак зернем плацілі.

 

 З радыстаў у сувязісты

Дакладна запомніў дату прызыву ў армію – 22 жніўня 1954 года. Служыў у Германіі ў батальёне сувязі. Быў радыстам, перадаваў паведамленні азбукай Морзэ.
– Умовы былі камфортныя для службы, але яна падавалася турмой, бо за тры гады амаль не пускалі ў звальненні. Гэта магло пагражаць нашай бяспецы. Толькі ў першы год сімфонію хадзілі слухаць, – успамінае Аркадзь Мікалаевіч.

 
Дадому вярнуўся ў канцы 1957 года. Уладкаваўся працаваць сувязістам. Праводзіў радыё і тэлефоны ў арганізацыі і дамы сяльчан. Тэрыторыя абслугоўвання была вялікай – калгасы «Запаветы Леніна» з цэнтрам у Мікалаёве, «Шлях да камунізму» (Сіцькова), імя Гастэлы (Папшулі), «1-е Мая» (Шарагі). Дабіраўся да самых аддаленых вёсачак. Летам на веласіпедзе, зімой пешшу. У сувязі адпрацаваў 38 гадоў. На пенсіі пяць гадоў быў старэйшынай у Арханаве, яшчэ пяць гадоў малоў зерне ў мясцовым калгасе.

 

У спадчыну – старанне і працавітасць

Амаль два з паловай гады Аркадзь Мікалаевіч жыве адзін. Працяглая хвароба забрала жонку Галіну Іосіфаўну, разам з якой 57 гадоў пароўну дзялілі турботы і радасці. Выхоўвалі дзяцей, былі для іх прыкладам узаемапавагі і адказнасці. Трымалі ўласную гаспадарку – трывалае падспор’е матэрыяльнага дабрабыту. Старанна спраўляліся са службовымі абавязкамі, што не раз адзначала ўзнагародамі кіраўніцтва розных узроўняў. Галіна Іосіфаўна працавала на пошце ў Мікалаёве з 16 гадоў. Першыя шэсць – тэлефаністкай, затым да выхаду на пенсію ўзначальвала аддзяленне.

 
Сумленнасць і працавітасць бацькоў перанялі дзеці. Раіса атрымала вышэйшую педагагічную адукацыю, выкладала матэматыку вучням Мілашоўскай школы, цяпер на адпачынку. Мікалай 33 гады заняты токарам у ААТ «Мікалаёўскі». Валянціна – медык. Больш за 20 гадоў працавала ў паліклініцы ў Дзісне, штодня дабіраючыся на працу з Мікалаёва на веласіпедзе. З нядаўняга часу ўладкавалася медсястрой у бальніцу сястрынскага догляду, дзе больш зручны рабочы графік.
Дочкі і сын стварылі моцныя дружныя сем’і. У Аркадзя Мікалаевіча пяць дарослых унукаў і пяцёра праўнукаў.

 

«Я ж малады!»

Пра гэта не раз заўважыў рухавы і жвавы сяльчанін падчас размовы. Ён не любіць скардзіцца на цяжкасці, акцэнтуе ўвагу на станоўчых момантах і не ўмее сядзець без справы. Даглядае дом і падворак, ката Мурзіка і кабылу Зорку. У цёплую пару запрагае яе часцей, каб дапамагчы дзецям звезці сена, салому ці ўраджай з агародаў.

 

– Тут слівы раней былі, толькі варэнне з іх не палюбілі – прыбраў дрэўцы. А тут 12 яблынь у два рады раслі, але камбайну на агарод праехаць заміналі, таксама ліквідаваў, – расказвае пра свой падворак Аркадзь Мікалаевіч. – Вось тут агарод. Цяпліцу сёлета купіў.
– І каня трымаеце. Так?
– А як жа. Я ж малады! – бадзёра заўважае гаспадар у адказ.

 
На сваёй сядзібе за лета разоў шэсць абкошвае тэрыторыю, абавязкова прыбірае траву. Нарыхтоўвае венікі для лазні. Дорыць іх дзецям і ўнукам. І родныя пра тату і дзядулю не забываюць. Часта тэлефануюць, наведваюцца, дапамагаюць з клопатамі.
Цікаўлюся ў юбіляра, пра які падарунак на сваё свята ён марыць.
– А чаго мне жадаць?.. – задумваецца.

 
І сапраўды. Сур’ёзных праблем са здароўем не адчувае. Відаць, гэтаму паспрыялі жыццёвы аптымізм, працавітасць і адсутнасць шкодных звычак. Не паспрабаваў ніводнай цыгарэты, не злоўжываў алкаголем. Шчасліва склалася жыццё ў дзяцей і ўнукаў, падрастаюць праўнукі.
Жыві ды радуйся, з удзячнасцю азіраючыся на мінулае і са светлымі надзеямі гледзячы наперад.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Именины 16 апреля 2021
Никита

Госці краін

free counters
Партнеры сайта