Філіял «Міёрыводаканал» – гэта калектыў са 104 чалавек, якія абслугоўваюць аб’екты водападвядзення і водаадвядзення ў трох раёнах – Браслаўскім, Міёрскім і Шаркаўшчынскім. Гаспадарка клопатная, бо новая арганізацыя атрымала ў спадчыну старыя сеткі, асабліва на вёсцы. Іх неабходна падтрымліваць у рабочым стане і пашыраць. Галоўнае патрабаванне цяперашняга часу і насельніцтва – павышаць якасць пітной вады, зводзіць да мінімуму забруджванне наваколля сцёкамі. Як вырашаюцца гэтыя праблемы ў 2020 годзе, гутарым з дырэктарам філіяла Юрыем МЯЦЕЛІЦАМ.
– Наш філіял – адзін з трох, нядаўна ўтвораных у вобласці на базе невялікіх райцэнтраў. Гэтая абставіна і іншыя цяжкасці сучаснага перыяду стрымліваюць набыццё фінансавай самадастатковасці, да якой настойліва імкнёмся, – падкрэслівае Юрый Уладзіміравіч, – таму паступова развіваемся, вызначыліся з нішай работ і паслуг, шукаем шляхі далейшага павышэння эканамічнай эфектыўнасці. Толькі на Міёршчыне сёлета пабудаваны дзве станцыі абезжалезвання вады: у Канцэраве і Пад’ельцах. У Дзісне вадавод з цэнтра горада падведзены ў пасёлак ЛВДС. Зрабіць гэта было няпроста, бо пераадольвалі раку. Аднак аб’ект у асноўным закончылі 13 лістапада, завяршаем на ім даводку і наладку.
Бытавыя сцёкі з гэтага пасёлка па калектары ў 1,7 кіламетра ўжо трапляюць на новыя ачысныя збудаванні, што з’явіліся ля гарадской звалкі. Яны сваю ролю выконваюць добра: аналізы паказалі, што з іх выцякае вада больш чыстая, чым тая, якую нясе рака Дзісна.
Аднак асноўная нагрузка на філіял – гэта абслугоўванне даўно дзеючых водаправодных і каналізацыйных сетак і збудаванняў. Сёлета замянілі 1,8 кіла- метра падводзячых спажыўцам ваду труб, з іх 1 км у Міёрскім раёне.
Увогуле спраў эксплуатацыённікам пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па арганізацыйна-тэхнічных пытаннях Юрыя Паплаўскага і будаўнікам з начальнікам аддзела капітальнага будаўніцтва Сяргеем Курузам хапае.
У чым бачыце рэзервы для развіцця?
– Іх не толькі бачым – імкнёмся выкарыстоўваць. Наш філіял аказвае насельніцтву транспартныя паслугі, спецыяльная машына адпампоўвае сцёкі з мясцовай каналізацыі ў прыватным сектары пры аплаце 6 рублёў за кубаметр. Падключаем жыллё да водаправода і каналізацыі, дзе такая магчымасць ёсць. Забяспечваем земляныя, будаўнічыя, праектныя і іншыя работы.
Якімі аб’ектамі парадуеце землякоў у 2021-м?
– Цяпер з пэўнымі цяжкасцямі, але няўхільна ідзе праектаванне новых ачысных збудаванняў для райцэнтра. Разлічваю, што за іх узвядзенне возьмемся ў наступным годзе. Станцыя абезжалезвання павінна з’явіцца ў Даўгінаве. Ёсць магчымасць пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця пабудаваць такія ж аб’екты ў аграгарадках Ідолта, Павяцце, Туркова. Запланавана замяніць тры кіламетры водаправодных труб.
Як бачыце, намаганні накіраваны перш за ўсё на павышэнне якасці вады, пастаўляемай спажыўцам, на вырашэнне экалагічных праблем.
Што хацелі б атрымліваць ад спажыўцоў у адказ?
– Крыху большай увагі да нашых агульных клопатаў. Напрыклад, неадкладна паведамляць пра праблемы з водаправодам і каналізацыяй па нумары 115 ці дыспетчару па тэлефоне 4 83 01, яго мабільны 245 22 95 (МТС). Вялікай запазычанасці па аплаце паслуг спажыўцы, дзякуй ім, не дапускаюць, але іншы раз такое ўсё ж здараецца. Больш клопатаў дастаўляе неахайнае абыходжанне з каналізацыяй.
Маю на ўвазе змыванне ў водаадводзячыя трубы рэшткаў агародніны, анучак, дзіцячых цацак, нават касцей жывёлы, іншага, што паленаваліся аднесці ў смеццевыя кантэйнеры. Пры рамонце кватэр гультаяватыя гаспадары (а як па-іншаму іх назваць?) могуць забіць каналізацыю рэшткамі тынкоўкі і нават бетону. Усё гэта потым даводзіцца выбіраць, выдаляць. Асабліва запомнілася, як нашы рамонтнікі змагаліся з рукавом ад ватоўкі: запіхнуць яго ў трубу цяжка, а потым выявіць і намоклы выцягваць было яшчэ больш складана!
Надзейнасць эксплуатацыі зручнасцей у жыллі – наш агульны клопат.
Леанід МАТЭЛЕНАК
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.