На мінулым тыдні філіял «Павяцце» першым не толькі ў раёне, нават у вобласці закончыў зяблевае ворыва. Заслуга ў тым механізатарскага звяна ў складзе Аляксея Мараза, Аляксандра Ломаша і Дзяніса Дзедушкевіча (на фота злева направа).
Справіліся з заданнямі восеньскага ўздыму глебы ў бліжэйшыя дні падсобная гаспадарка райаграсэрвісу, ільнозавод, ААТ «Туркова». Пры гэтым на раніцу 24 лістапада механізатары «Мікалаёўскага» ўзаралі толькі 7,3 % запланаваных плошчаў, «Дрыгуч» – 15,8 %, «Пад’ельцаў» – 18,4 %. У сярэднім па раёне апрацавалі 8 231 гектар ці 47,6 %.
У чым сакрэт імклівых тэмпаў восеньскага ворыва павятчан, наш карэспандэнт пацікавіўся ў дырэктара сельгаспрадпрыемства Рыгора Міны.
– Па раённай зводцы, план зяблевага ворыва для нашай гаспадаркі складаў 597 гектараў, узарана 900 га ці 150,8 %, – удакладніў Рыгор Мікалаевіч. – Гэтыя лічбы патрабуюць пэўнага тлумачэння. Наша гаспадарка па сучасных мерках невялікая, усе землі, прыдатныя для апрацоўкі, выкарыстоўваюцца ў севазвароце. Таму планам нам прадугледжвалася восенню ўзараць менавіта 597 гектараў – плошча, на якой сёлета ў асноўным вырошчваліся зерневыя і зернебабовыя культуры. Усё, што звыш гэтага, перададзена ў арэнду з былога «Гвардзейскага», які перайшоў у склад «Узмёнскага краю». Толькі ўзмёнцам складана справіцца з дадаткова набытымі землямі, нам жа яны вельмі дарэчы.
Якой стратэгіі і тактыкі прытрымліваліся пры зяблевым ворыве?
– У нас трывала склалася звяно механізатараў, якое пастаянна займаецца ворывам. У яго ўваходзяць Аляксей Мароз на «Беларусу-3522» з васьмікорпуснымі абаротнымі плугамі, на такім жа энерганасычаным 3022-ім з сямікорпуснымі заняты Дзяніс Дзедушкевіч, на меншым «Беларусу-2022» з чатырохкорпуснымі плугамі працуе Аляксандр Ломаш. Дзённы мінімум для іх 15 гектараў, а норма – 30. Яе яны не толькі выконвалі, але і перавыконвалі.
Да зяблевага ворыва прыступілі ў сярэдзіне кастрычніка, як толькі тэхніка ці механізатары вызваляліся ад іншых работ. Звяно адразу скіравалася на самыя аддаленыя – за 26 кіламетраў – угоддзі ля Лявонпаля. А гэта 330 гектараў іржышча. Рабочы дзень там доўжыўся дакладна з 8.00 да 18.30 з гарачым абедам і халодным падвячоркам для трактарыстаў.
Потым наступіла чарга 140-гектарнага поля ля Мальцаў пры такім жа распарадку дня. Толькі пасля заняліся бліжэйшымі ўчасткамі. Цяпер нашы механізатары дапамагаюць з плугамі суседзям, на гэтым тыдні ўжо працуюць у ВУПКУ «Міёрскі».
Вялікае значэнне мае акалічнасць, што на ўсіх энерганасычаных трактарах устаноўлены навігатары. У любы момант з дапамогай смартфона можна пракантраляваць, чым яны займаюцца. Вось на экране бачна, што нашы трактары цяпер (24 лістапада, неўзабаве пасля 14 гадзін) працуюць на полі «Міёрскага» паміж вёскамі Урбаны і Новае Сяло. Дзяніс Дзедушкевіч там з плугамі ўжо наездзіў 46 кіламетраў, раніцай ён заліў у бак 188 літраў паліва, з улікам учарашніх рэшткаў мае запас у 192 л. Аляксей Мароз на 3522-ім сёння заправіў 300 літраў, на гэты момант засталося ў яго 188. Калі здарыцца паломка тэхнікі, адразу даведаюся, што трактарыстам патрэбна дапамога. Такі кантроль дае магчымасць найлепш арганізаваць вытворчасць, дысцыплінуе работнікаў і дазваляе ім больш зарабляць, што немалаважна.
Сённяшняя раённая зводка сведчыла, што за мінулы дзень на ворыве працавала 16 трактараў з плугамі ў шасці гаспадарках, у астатніх работы спыніла адсутнасць паліва.
– Мы імкнёмся беражліва выкарыстоўваць гаруча-змазачныя матэрыялы, атрыманыя па размеркаванні. Яго мелі б яшчэ больш, каб тыя 330 га былі не арандаваныя, а ўласныя. Як бачылі, істотную ролю ў справе эканоміі іграюць навігатары. Немалаважна, што маем магчымасць купіць паліва за ўласныя сродкі, у абмен на зерне.
Леанід МАТЭЛЕНАК
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.