У чацвер 29 кастрычніка Міёршчыну наведаў старшыня рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Сяргей ХАЛЯВА (на здымку). У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбылася сустрэча з прафсаюзным актывам раёна. Дзейнасць яго ацэньваецца як зладжаная і эфектыўная. Адзначана мужнае пераадольванне цяжкасцей работнікамі сацыяльнай сферы ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі. І не толькі на словах. Найбольш актыўныя прадстаўнікі пярвічак узнагароджаны граматамі галіновага прафсаюза, некаторым аб’яўлены падзякі. А тры найлепшыя сацыяльныя работнікі паедуць да сваіх падапечных на новых веласіпедах. Сертыфікат на агульную суму падарункаў Сяргей Фадзеевіч уручыў дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра Алене ШАМЁНАК.
На сустрэчу з лідарам Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Сяргеем Халявам завіталі старшыні пярвічных арганізацый райвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, міжгаліновага цэнтра для забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, работнікі сацыяльнай сферы і іншыя. У мерапрыемстве прыняў удзел старшыня Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў Сяргей Догель. З гасцямі пазнаёміў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вячаслаў Бялько – лідар галіновага прафсаюза Міёрскага раёна. У яго складзе цяпер каля 800 членаў.
Усяго ў радах Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, які прадстаўляе Сяргей Халява, звыш 4 мільёнаў чалавек ці 96 % эканамічна актыўнага насельніцтва краіны.
Галоўная задача аб’яднання – адстойваць правы і інтарэсы работнікаў. Працоўныя калектывы павінны ведаць, што прафсаюзы заўсёды гатовы слухаць і чуць грамадзян, якія жывуць па законе і сумленні. Дапамагаюць і падтрымліваюць у цяжкай жыццёвай сітуацыі, ушаноўваюць з нагоды прафесійных і асабістых святаў. Калі лідар неабыякавы, аўтарытэтны і паважаны чалавек, то так і ёсць. Сяргей Фадзеевіч пацікавіўся, як арганізавана работа на месцах, чым заклапочаны, які настрой у людзей. Абмеркавалі эпідэміялагічную сітуацыю. У раёне яна не крытычная, але захварэлых больш, чым у вясенні перыяд. Гэта заўважыў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба. У інфекцыйным аддзяленні ЦРБ лечацца ад пнеўманіі каля 30 чалавек. Медыкі гатовы маральна і фізічна супрацьстаяць эпідэміі, для гэтага ў дастатковай колькасці медыкаментаў і сродкаў аховы.
Сяргей Халява звярнуў увагу на інфармацыйную работу па прафілактыцы каронавіруса, якой павінны займацца ў тым ліку прафсаюзы. Грамадству трэба пастаянна нагадваць пра элементарныя санітарныя правілы: трымаць дыстанцыю, карыстацца санітайзерамі, насіць маскі ў месцах масавага знаходжання людзей. У клопаце пра іншых не забывацца і пра ўласную бяспеку.
Задача прафсаюзных лідараў – надалей падтрымліваць ініцыятыву дапамагаць медыкам, якія лечаць пацыентаў з COVID-19. Федэрацыя прафсаюзаў яшчэ падчас першай хвалі пандэміі праводзіла такую акцыю. Прысутныя таксама прынялі ў ёй удзел, што пацвердзіла лідар раённага аб’яднання Аксана Падзява.
Падтрымлівае прафсаюз сацыяльных работнікаў, якія, як і медыкі, працуюць ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі. Дзісненскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання, каб абараніць падапечных ад каронавіруса, вясной пераходзіла на вахтавы метад работы. Гатовы да гэтага і цяпер. Тут працуюць чулыя, адказныя людзі, усе заслугоўваюць добрых слоў. Пісьмы-падзякі Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў з грашовым дадаткам адрасаваны малодшай медсястры аддзялення кругласутачнага знаходжання Таццяне Лагун і медыцынскай сястры Таццяне Пучкоўскай. Адзначаны заслугі лідара пярвічкі раённага выканаўчага камітэта Наталлі Густавай.
За высокі прафесійны ўзровень, плённую працу па сацыяльнай абароне грама- дзян ва ўмовах пандэміі спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Людміла Астукевіч і Ганна Ліскова ўзнагароджаны Ганаровай граматай рэспубліканскага камітэта. На новых веласіпедах паімчаць да сваіх падапечных найлепшыя сацыяльныя работнікі: Жанна Каравацкая, Яўгенія Андруковіч і Ганна Быкоўская.
Перад ад’ездам паважаныя госці пабывалі ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і прыйшлі ў захапленне ад сувенірнай прадукцыі, якую тут вырабляюць. Асабліва ім спадабаліся гліняныя рэчы і сумкі, вязаныя з бялізнавага жгута. На сувеніры будзе заказ. А творцаў назвалі дастойнымі канкурэнтамі ў конкурсах прафесійнага майстэрства сферы сацыяльнага абслугоўвання. Сумесных планаў шмат, плённае супрацоўніцтва па прафсаюзнай лініі прадоўжыцца.
Наталія СТАНКЕВІЧ
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.