30 лістапада ў Палацы Незалежнасці адбылася сесія Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.
Кіраўнікі дзяржаў правялі перагаворы ў вузкім складзе. Абмеркавалі тэндэнцыі развіцця міжнароднай сітуацыі і меры па ўмацаванні калектыўнай бяспекі АДКБ. У фармаце пленарнага пасяджэння разгледзелі шырокае кола пытанняў, у тым ліку праекты розных дэкларацый і рашэнняў, тэматыку забеспячэння бягучай дзейнасці арганізацыі.
На саміце падведзены вынікі беларускага старшынства ў АДКБ у 2017 годзе. Наша краіна ставіла задачы ўзмацніць уплыў арганізацыі на міжнароднай арэне, павысіць аператыўную гатоўнасць Калектыўных сіл, забяспечыць эканамічную бяспеку дзяржаў-членаў, а таксама рэалізаваць комплекс дадатковых мер па супрацьдзеянні міжнароднаму тэрарызму, распаўсюджванню наркотыкаў і незаконнай міграцыі ў рэгіёнах калектыўнай бяспекі.
Пасля Беларусі старшынства ў АДКБ прымае Казахстан, і Нурсултан Назарбаеў на пасяджэнні абазначыў прыярытэты. У іх ліку пашырэнне інструментаў узаемадзеяння дзяржаў-членаў АДКБ у ваеннай сферы, арганізацыя практычнага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, удзел у фарміраванні міжнароднай сістэмы супрацьдзеяння тэрарызму. Прыярытэтамі казахстанскага старшынства стануць таксама сумесныя меры рэагавання краін АДКБ на пагрозы кібербяспецы і павышэнне эфектыўнасці барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў.
Па выніках саміту прыняты шэраг рашэнняў па розных напрамках дзейнасці АДКБ, у якіх у тым ліку знайшлі адлюстраванне прыярытэты беларускага старшынства.
Цяпер у склад АДКБ уваходзяць шэсць дзяржаў: Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Ключавыя задачы АДКБ—забеспячэнне нацыянальнай і калектыўнай бяспекі членаў, паглыбленне іх ваенна-палітычнага ўзаемадзеяння і інтэграцыі, каардынацыя знешнепалітычных пазіцый па міжнародных і рэгіянальных праблемах бяспекі, развіццё супрацоўніцтва па супрацьдзеянні выклікам і пагрозам, ажыццяўленне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.
Фота з інтэрнэта.
Па матэрыялах БЕЛТА.