11 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Сочы ўдзельнічаў у пасяджэннях Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД і Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.
Лідары краін СНД разгледзелі далейшае развіццё супрацоў-ніцтва ў палітычнай, эканамічнай, культурна-гуманітарнай і іншых ключавых сферах дзейнасці Садружнасці.
Прынялі рашэнні аб'явіць у СНД 2019 год — Годам кнігі, у 2020-ым адзначаць 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама рэалізаваць міждзяржаўную праграму "Культурныя сталіцы Садружнасці" ў 2018 годзе ў Арменіі, у 2019-ым — у Беларусі, у 2020-ым — у Казахстане.
Разгледзелі пытанні інфарматызацыі, мытнага рэгулявання, канкурэнцыі, натуральных манаполій, прамысловага супрацоўніцтва і міжнароднай дзейнасці.
Падмацаваць запатрабаванасць СНД
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што мінуў год з дня прыняцця ў Бішкеку рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў аб адаптацыі СНД да сучасных рэалій. Дакумент змяшчае дакладныя ўстаноўкі па развіцці і ўмацаванні Садружнасці. Лідары ўсіх краін пагадзіліся з неабходнасцю захаваць арганізацыю. "Заяву аб запатрабаванасці Садружнасці трэба падмацаваць канкрэтнымі дзеяннямі",—заклікаў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што мэта практычна кожнага рэгіянальнага аб'яднання—узаемная адкрытасць рынкаў і роўныя ўмовы гаспадарання.
"Мы маем для гэтага добрую аснову—дагавор аб зоне свабоднага гандлю. Ён прадугледжвае, што адным з наступных крокаў павінна стаць забеспячэнне роўных умоў доступу да дзяржзакупак. У мінулым годзе пяць дзяржаў падпісалі пратакол аб правілах і працэдурах рэгулявання дзяржзакупак. Ідзе работа па яго рэалізацыі. Пад гэтым дакументам няма подпісаў кіраўнікоў Казахстана, Малдовы і Украіны. А гэта значыць, што мы зноў будзем мець выключэнні, —канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.—З аднаго боку, заяўляем аб адкрытасці ў гандлі, з іншага—не дапускаем адзін аднаго да закупак у дзяржсектары, які фарміруе значную долю рынку".
Прынялі заяву аб падтрымцы інстытута сям'і
Кіраўнікі дзяржаў-удзельніц СНД прынялі заяву аб падтрымцы інстытута сям'і і традыцыйных сямейных каштоўнасцей.
Лідары краін Садружнасці адзначылі важнасць выпрацоўкі сацыяльна-эканамічных мер, накіраваных на фарміраванне спрыяльных умоў для стварэння сям'і, аховы здароўя маці і дзіцяці, развіцця інстытута ўсынаўлення, падтрымкі маладых бацькоў, клопату аб старэйшых пакаленнях.
Прэзідэнты падкрэслілі неабходнасць узаемадзеяння ў вырашэнні праблем, звязаных з парушэннем правоў дзіцяці. У дакуменце таксама гаворыцца аб падтрымцы міжнароднай супольнасці ў забеспячэнні гендарнай роўнасці, захаванні балансу паміж работай і сям'ёй.
Развіваць адносіны з Узбекістанам
Беларусь гатова максімальна хутка развіваць адносіны з Узбекістанам. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў у час сустрэчы з Прэ-зідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым.
"Беларусь гатова да актыўных дзеянняў у гандлёва-эканамічнай сферы. Калі дзяржава не будзе падштурхоўваць, калі мы з вамі не будзем кантраляваць гэтыя працэсы, не будуць вырашацца пытанні", — заўважыў прэзідэнт.
Па словах Аляксандра Рыгоравіча, Беларусь па многіх напрамках была самай развітай рэспублікай у Савецкім Саюзе. Краіне ўдалося захаваць і развіць усе неабходныя вытворчасці, якія ствараліся дзесяцігоддзямі, арыентаваць іх на экспарт.
"Мы прадаём цяпер і тэхналогіі, і тавары. Па цане і якасці яны пераўзыходзяць замежныя. Вось у чым сакрэт таго, што мы можам і ў Венесуэле працаваць, і ў Егіпце, і ў Судане — усюды", — адзначыў беларускі лідар.
Сумесная барацьба з тэрарызмам і карупцыяй
Прэзідэнты адобрылі Канцэпцыю супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння легалізацыі (адмыванню) даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарызму і распаўсюджвання зброі масавага знішчэння. Яна вызначае прынцыпы і задачы, асноўныя напрамкі і формы, інфармацыйнае і навуковае забеспячэнне ўзаемадзеяння ў гэтых галінах.
Лідары краін узгаднілі Канцэпцыю супрацоўніцтва ў процідзеянні карупцыі, распрацаваную ў мэтах выканання Міждзяржаўнай праграмы сумесных мер барацьбы са злачыннасцю на 2014-2018 гады.
Распрацоўваюць спадарожнік
Краіны ЕАЭС плануюць распрацаваць і запусціць уласны малы спадарожнік. Гэта абмяркоўвалі кіраўнікі дзяржаў на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Пытанні супрацоўніцтва краін ЕАЭС у сферы прадастаўлення касмічных і геаінфармацыйных паслуг на аснове нацыянальных крыніц дадзеных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі былі першапачаткова ўключаны ў парадак дня. Краіны збіраюцца распрацаваць адпаведную міждзяржаўную праграму.
У перспектыве ў Еўразійскім эканамічным саюзе плануюць пачаць кааперацыйную вытворчасць і запуск першага ўзору малога касмічнага апарата. Серыйны выпуск і разгортванне сумеснай арбітальнай групоўкі такіх спадарожнікаў запланаваны да 2023 года.
Фота для ілюстрацыі.
Па матэрыялах БЕЛТА
падрыхтавала Алена ВАРОНІНА.