Галоўная > Навіны > Баявая памяць аб'ядноўвае

Баявая памяць аб'ядноўвае


7-07-2015, 15:07. размясціў: gazeta

Боевая память объединяет 5 ліпеня прайшла чарговая 56-я па ліку міжнародная сустрэча партызан і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны на Кургане Дружбы, размешчаным на стыку межаў Беларусі, Расіі і Латвіі. Міёрская дэлегацыя ў складзе прадстаўнікоў раённай ветэранскай арганізацыі, клуба "Бажэна", актыўнай моладзі, аб'яднання "Чырвоны крыж", таварыства інвалідаў па зроку, рэдакцыі аддала даніну памяці і павагі загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

У складзе іншых дэлегацый трох краін—ветэраны, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, дэпутацкага корпуса і кіраўніцтва рэгіёнаў.
Сёлета прымала гасцей Расія. Асноўныя мерапрыемствы праводзіліся на тэрыторыі Себежскага раёна Пскоўскай вобласці. Адкрыццё па традыцыі пачалося з урачыстага шэсця дэлегацый Беларусі, Расіі і Латвіі і іх сустрэчы ля Музея партызанскай славы на прымежнай тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна. Пасля братання ветэраны і прадстаўнікі дэлегацый усклалі кветкі на расійскай тэрыторыі да мемарыяла, прысвечанага партызанцы Марыі Пынто, па-зверску закатаванай фашыстамі ў маі 1944-га, на беларускай зямлі—падпольшчыкам вёскі Прошка, а таксама перадалі кошыкі з кветкамі для ўскладання на латвійскай тэрыторыі да помніка Герою Савецкага Саюза Іманту Судмалісу.
Адбыліся ўрачысты мітынг і канцэрт. Па жыцці свята і выдатнага настрою жадаў ветэранам старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. Ён узгадаў пра вялікія баявыя страты, у прыватнасці Верхнядзвіншчыны, даваенная колькасць насельніцтва якой да гэтага часу не адноўлена. Гаварылі цёплыя словы губернатар Пскоўскай вобласці Андрэй Турчык і дэпутат сейма Латвіі Артур Рубікс, які паведаміў пра адкрыццё помніка героям на латвійскай зямлі. Ветэраны нагадвалі са сцэны пра свае пакуты, якія літаральна рэхам адбіваліся ў душах прысутных. Завяршылася сустрэча ля традыцыйнага вогнішча.


Курган Дружбы быў насыпаны ў 1959 годзе на мяжы трох рэспублік—БССР, РСФСР і Латвійскай ССР у гонар баявой садружнасці партызан Беларусі, Латвіі і Расіі. Зямля для яго ўзятая з магіл партызан і воінаў Чырвонай Арміі, з месцаў гібелі Аляксандра Матросава, Клавы Назаравай, Лёні Голікава, Машы Парываевай і іншых герояў. Да Кургана пракладзены тры алеі: з Беларусі—бярозавая, з Расіі—кляновая, з Латвіі—ліпавая. На вяршыні пасаджаны дуб—сімвал непарушнага сяброўства трох народаў. На трох гранітных плітах на трох мовах напісана: "Курган Дружбы ўзведзены на стыку межаў трох братэрскіх рэспублік у гонар баявой дружбы, змацаванай крывёю ў гады Вялікай Айчыннай вайны рускіх, беларускіх і латышскіх партызан. Адкрыты 3 ліпеня 1959". На тэрыторыі комплексу працякае рэчка Сіняя, якая з'яўляецца цяпер мяжой паміж Расіяй і Латвіяй.


Алена БАСІКІРСКАЯ.
Фота аўтара.


Вярнуцца назад