Галоўная > Навіны > Памяць, радасць, слёзы на вачах

Памяць, радасць, слёзы на вачах


14-05-2015, 09:48. размясціў: gazeta

Память, радость, слёзы на глазах 9 мая зацяжная халодная вясна раптам адарыла ўсіх летнім надвор'ем. Яснае неба над галавой, зыркае сонейка, чаромхавы водар, што лунаў у паветры, надавалі Дню Перамогі яшчэ больш цеплыні і ўзнёсласці. Здавалася, такой масавасці плошча ля раённага Дома культуры яшчэ не ведала. З самага ранку з радасным настроем і майскімі цюльпанамі, са сцяжкамі і шарамі з усіх куткоў горада спяшаліся сюды жыхары і госці райцэнтра. Гэта нагляднае пацвярджэнне, што Дзень Перамогі велічнае і значнае для ўсіх свята.

 

 

 

 

Память, радость, слёзы на глазах Напачатку адбылася ўрачыстая цырымонія, прысвечаная Дню дзяржаўнага гімна і сцяга. Вядучы Васіль Сямёнавіч Мядзюха нагадаў, што гэта неад'емныя сімвалы суверэнітэту нашай краіны, якія пацвярджаюць яе аўтарытэт на міжнароднай арэне. Права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і выказаць тым самым даніну павагі краіне, яе гісторыі і спадчыне, а таксама усім беларусам, якія ваявалі, узнаўлялі дабрабыт краіны, памнажаюць яго багацце цяпер, прадаставілі лаўрэатам "Чалавек года Віцебшчыны"-загадчыцы малочнатаварнай фермы ААТ "Туркова" Ларысе Пятроўне Насаль і раённаму ваеннаму камісару Сяргею Іванавічу Жабёнку.

 

 

 

Память, радость, слёзы на глазах Затым старшыня райвыканкама Ігар Валер'евіч Кузняцоў узнагародзіў Граматамі перадавікоў і калектывы, якія па выніках 2014 года занесены на раённую Дошку гонару. У гэты ўрачысты дзень прымалі віншаванні і супрацоўнікі РАУС. Участковаму інспектару Андрэю Талапілу ўрачыста прысвоена званне "лейтэнант міліцыі", старшаму інспектару дарожна-патрульнай службы ДАІ Аляксандру Савейку-"капітана міліцыі".  


Память, радость, слёзы на глазах Пасля ўскладання кветак і вянкоў да абеліска воінам-вызваліцелям райцэнтра кіраўніцтва раённай улады, дэлегацыі працоўных калектываў і прадстаўнікі грамадскасці ў святочным шэсці накіраваліся на плошчу Загінуўшых барацьбітоў. Калона прайшла па Камуністычнай вуліцы, Кірава, Леніна і спынілася ў паважаным маўчанні перад Вечным агнём. Цэнтральнае месца на плошчы занялі ветэраны, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, вязні канцлагераў. Яны-галоўныя персоны на свяце, якога без іх магло б і не быць. Гэта разумеюць усе прысутныя, а галоўнае, моладзь, юнае пакаленне, якому было даверана стаць у пачэсны каравул.  
Вядучыя мерапрыемства Ігар Сардыка і Сняжана Аксёнава распачалі афіцыйную частку хронікай ваенных падзей. Яны нагадалі, што вайна не шкадавала нікога, часта выкошвала пад корань цэлыя сем'і, пакідаючы пасля сябе гора і слёзы.


Память, радость, слёзы на глазах Пралогам да мітынга-рэквіема стала чуллівая гісторыя пра жанчыну-маці, якая адправіла на фронт семярых дужых, прыгожых, разумных сыноў. Дадому з іх ніводны не вярнуўся. Усе загінулі, абараняючы Радзіму. Боль і пакуты няшчаснай салдацкай маці, ролю якой удала выканала Ніна Васільеўна Кірылава, быццам нагадваюць нашчадкам: трагедыя вайны не павінна паўтарыцца. Ніколі…

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Память, радость, слёзы на глазах -Мы будзем вечна шанаваць і берагчы памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, адстойваць яе праўду, -запэўніваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Ігар Валер'евіч Кузняцоў, звяртаючыся да ветэранаў. -Разам зробім усё магчымае, каб ні дзецям, ні ўнукам і праўнукам не прыйшлося зазірнуць у яе страшныя, мёртвыя вочы. 
Раённы ваенны камісар Сяргей Іванавіч Жабёнак таксама заклікаў шанаваць мінулае, нагадаўшы пра страты савецкага народа і яго баявы подзвіг у самай страшнай вайне:
-Вялікая Перамога ўспрымаецца як шчасце жыцця, бо дасталася дарагой цаной. 1418 дзён і начэй працягвалася тая вайна, адабраўшы больш за 27 мільёнаў жыццяў. Загінула больш трох мільёнаў беларусаў-кожны чацвёрты. Былі спалены і сцёртыя з зямлі 209 гарадоў і пасёлкаў, 9200 вёсак, знішчана і вывезена ў Германію больш за 10000 тысяч прадпрыемстваў.


Настаяцель храма Палажэння Рызы Прасвятой Багародзіцы ў Влахерне протаіерэй Віктар Вабішчэвіч таксама славіў подзвіг воінаў і гаварыў пра гераізм працаўнікоў тылу, якія набліжалі перамогу, выпякаючы хлеб, вырабляючы зброю, тэхніку.
Дзякаваў ветэранам за дзіцячыя ўсмешкі і мірнае неба старшыня раённага савета ветэранаў Часлаў Станіслававіч Кашкур. Душэўна дзякавала героям вайны за свабоду і светлую будучыню прадстаўніца маладога пакалення, вучаніца Дварнасельскай СШ Ірына Радзіхоўская. Аўтарскі верш у яе выкананні, прасякнуты душэўнасцю і патрыятызмам, наўрад ці пакінуў каго раўнадушным.


Память, радость, слёзы на глазах Мітынг завяршыўся ўскладаннем кветак і вянкоў ля падножжа помніка ў знак глыбокай пашаны і смутку пра загінуўшых у крывапралітнай барацьбе за Айчыну.
У Дзень Перамогі словы шчырай прыязнасці прагучалі ў адрас старшыні райвыканкама І. В. Кузняцова, начальніка УП ЖКГ У. І. Мяцеліцы, І. В. Лабунькі ад масквічкі, але нашай зямлячкі-Тамары Іванаўны Ляхавай. Менавіта гэтыя людзі ўвасобілі яе дабрачынную задуму-узвесці на плошчы Загінуўшых барацьбітоў капліцу ў імя апекуна ўсіх воінаў--Святога Благавернага князя Аляксандра Неўскага. Гэта сімвал еднасці народаў Беларусі і Расіі, а таксама захаванне памяці аб продках, якія загінулі на вайне. Цяпер кожны год 9 мая на плошчы будзе гучаць малітва аб супакаенні душаў воінаў.


Святочныя мерапрыемствы прадоўжылі на плошчы ля раённага Дома культуры. Тут гледачы атрымлівалі задавальненне ад канцэрта, які арганізавалі лепшыя маладыя салісты і творчыя калектывы раёна. Гучалі песні ваенных гадоў, сучасныя, але тэматычныя Дню Перамогі, які прымушалі весяліцца, перажываць і нават гараваць, бо мелодыя і словы такія, ад якіх проста немагчыма стрымліваць слёзы. Цёпла прымала публіка сясцёр Шук, Ілью Пашковіча, Святлану Бакевіч, Аляксандру Пашкоўскую, танцавальны калектыў СШ №3 "Дзьмухаўцы" і інш.
А вечарам неба над Міёрамі расквеціў святочны салют.


Наталія СТАНКЕВІЧ.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.


Вярнуцца назад