Галоўная > Навіны >


6-11-2010, 09:21. размясціў: gazeta
Вынікі перапісу насельніцтва сведчаць, што дэмаграфічная сітуацыя ў Міёрскім раёне застаецца складанай, колькасць жыхароў працягвае памяншацца. Па стану на 14 кастрычніка 2009 года на Міёршчыне жыло 24,4 тыс. чалавек. Гэта на 7,7 тысячы ці на 24% менш, чым было пры папярэднім перапісе 10 гадоў таму. Для параўнання: у перыяд паміж перапісамі 1989 і 1999 гадоў абсалютнае скарачэнне колькасці жыхароў склала 1,3 тыс. чалавек ці 4%.

Пастаяннага насельніцтва стала менш як у гарадах, так і сельскай мясцовасці. Аднак доля гараджан за дзесяцігоддзе, якое папярэднічала перапісу 2009-га, вырасла з 36 да 41,7%. На час перапісу ў Міёрах жыло 8,2 тыс. чалавек, у Дзісне—амаль 2000.

На вёсцы пражывае 14,2 тыс. чалавек ці 58,3% усяго насельніцтва. У параўнанні з папярэднім перапісам вяскоўцаў паменела на 6,3 тыс. чалавек ці на 30,7%. Гэта звязана як з міграцыйным рухам у гарады, так і з асаблівасцямі ўзроставага складу сельскага насельніцтва.

Для рэспублікі характэрны працэс “старэння”, бо более людзей ад 65 гадоў і старэй. У адпаведнасці з класіфікацыяй ААН насельніцтва лічыцца старым, калі доля асоб ва ўзросце ад 65 гадоў і старэй складае 7% і больш. А іх было на Міёршчыне ў 1999 годзе 19,7%, летась—20,8%, сярод сяльчан нават больш 24%.
Адначасова назіраецца тэндэнцыя памяншэння колькасці дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў. За дзесяцігоддзе яно дасягнула 43,5%, у тым ліку на вёсцы—на 49%.
У раёне доля дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў зменшылася з 20,5% у 1999 годзе да 15,2% у 2009-ым. Ды і жанчын у найбольш актыўным дзетанараджальным узросце (20-34 гады) за гэты час паменела на 2,2%.

Удзельная вага моладзі ва ўзросце 16-30 гадоў у агульнай колькасці насельніцтва скарацілася ў параўнанні з папярэднім перапісам на 2,2% і склала 14,2%. Пры гэтым сярэдні ўзрост жыхароў раёна павялічыўся з 40,4 года ў 1999-ым да 43,5 гадоў летась.

У раёне намеціўся спрыяльны рост долі насельніцтва ў працаздольным узросце: у 1999 было 49% агульнай колькасці, летась—53,3%. На 1000 працаздольных прыходзіцца 875 непрацаздольных.

Жанчыны складаюць 53,6% насельніцтва раёна. На 1000 мужчын прыходзяцца 1154 жанчыны (у 1999 годзе—1148). Сярод гарадскога насельніцтва гэты паказчык вышэйшы—1207.

На вёсцы па-ранейшаму не хапае “нявест”. На тысячу сельскіх мужчын ва ўзросце 20-29 гадоў, калі найбольш актыўна ствараюцца сем’і, прыходзіцца толькі 841 жанчына (па выніках папярэдняга перапісу былі 872). Гэты працэс праявіўся і ў гарадах. Калі ў 1999 годзе на 1000 гарадскіх мужчын прыходзіліся 1084 жанчыны ва ўзросце 20-29 гадоў, то летась толькі 981.

У адпаведнасці з рэкамендацыямі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН збор дадзеных аб шлюбным стане ажыццяўляўся ў адносінах асоб ва ўзросце 15 гадоў і старэй. Апошні перапіс падцвердзіў, што ў раёне захоўваюцца традыцыйныя нормы шлюбна-сямейных паводзін. У шлюб уступае большасць мужчын і жанчын: па перапісу 2009 года адпаведна 66% і 55,4% ва ўзросце 15 гадоў і старэй. 10 гадоў таму гэты паказчык быў крышку меншы: у шлюбе знаходзілася 65,1% мужчын і 54% жанчын. Аднак за такі ж час паболела мужчын і жанчын, якія не зарэгістравалі адносіны. Доля мужчын у так называемым “грамадзянскім” шлюбе вырасла з 5% у 1999 годзе да 8,1% летась. Сярод жанчын адпаведна 4,1% і 6,8%. Найбольшая колькасць незарэгістраваных шлюбаў у мужчын прыпадае на ўзроставую групу 35-44 гады, у жанчын—35-39.

Высокая смяротнасць сярод мужчын павялічыла ўдзельную вагу ўдоў сярод жанчын. Іх доля ў агульнай колькасці жанчын ва ўзросце 15 гадоў і старэй склала 27% і павялічылася ў параўнанні з дадзенымі папярэдняга перапісу на 1,2%.
У раёне каля 7% разведзеных і разыйшоўшыхся мужчын і жанчын.
Для рэспублікі ў цэлым характэрна невысокая ўдзельная вага асоб, якія на працягу ўсяго жыцця не ўступаюць у шлюб: для мужчын 5,9%, для жанчын—3,1%. Менавіта столькі і на Міёршчыне ва ўзросце 50 гадоў і старэй.

У цэлым па раёну доля асоб, якія ніколі не знаходзіліся ў шлюбе, сярод мужчын 22,2%, сярод жанчын—10,9%. Разам з тым каля 63% мужчын, якія ніколі не знаходзіліся ў шлюбе, і больш 73% жанчын—маладзейшыя 30 гадоў.
Адукацыя. На 1000 працаздольнага насельніцтва на час перапісу прыходзілася 987 чалавек з вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, агульнай сярэдняй і базавай адукацыяй.

Да беларусаў аднеслі сябе 93% жыхароў Міёршчыны, да рускіх—каля 4%, да палякаў—1,7%, да ўкраінцаў—0,7%. Беларускую мову назвалі ў якасці роднай 81,8%, рускую—17,1%. Асноўнай мовай узаемаадносін з’яўляецца беларуская. На ёй звычайна размаўляюць дома 63,9% насельніцтва раёна. Рускую выкарыстоўвалі для зносін 32,8% жыхароў. Аднак большасць гараджан (55,9%) размаўляе дома на рускай мове, а 82,4% вяскоўцаў—на беларускай.

Н. НОВІК,
начальнік аддзела статыстыкі.


Вярнуцца назад