Галоўная > Навіны > Паклапоцімся пра ручкі

Паклапоцімся пра ручкі


21-06-2013, 09:44. размясціў: gazeta

Як лічаць касметолагі, больш за ўсё нашы рукі старэюць менавіта за некалькі летніх месяцаў. Пастаянныя перапады тэмператур, вада, ультрафіялетавае выпраменьванне, клопаты ў садзе і на агародзе — чаго толькі не вытрымлівае скура рук у гэты час. І, безумоўна, ёй патрэбна рэабілітацыя. Вазьміце на заметку наступныя парады.

 

Мыем з вадкім мылам

Вадкае мыла не перасушвае скуру. У ім добра захоўваюцца ўсе біядабаўкі (экстракты раслін, садавіны, морапрадуктаў). У цвёрдым мыле ад залішняй шчолачнасці яны хутка разбураюцца. Да таго ж, вадкае больш выгаднае для кашалька. Праўда, у параўнанні з цвёрдым, у ім больш фарбавальнікаў. Чым ярчэй афарбоўка, тым больш там "лішніх" хімічных кампанентаў. Таму лепш выбіраць мыла празрыстага колеру.

 

Праводзім рэгулярную чыстку

Скура рук будзе мяккай і пяшчотнай, калі хаця б раз на тыдзень праводзіць ачышчальныя працэдуры. Лепш за ўсё рабіць іх з дапамогай скраба для цела.

Цудоўны сродак — звычайны цукар. Змяшайце яго з вадкім мылам і дабаўце крыху цёртай яблычнай мякаці. Памасіруйце запясці і кісці, праз 5-7 хвілін змыйце маску. Пасля змажце рукі крэмам.

 

Крэм абавязкова

Старайцеся карыстацца крэмам для рук не радзей за два разы на дзень. Летам гэтае правіла суперактуальнае. Дарэчы, у гэты час патрэбны крэмы з УФ-фільтрам.

 

Надзяваем пальчаткі

Любой работай, звязанай з зямлёй, вадой ці бытавой хіміяй, трэба займацца ў гумовых пальчатках. Калі гэта нязручна, можна выкарыстоўваць крэм, які ўтварае на скуры ахоўную плёнку і абараняе яе ад знешняга разбуральнага ўздзеяння.

 

Наносім маскі

1-2 разы на тыдзень пажадана рабіць маскі для рук. Самы просты спосаб — нанесці тоўстым слоем крэм і змыць праз 10-15 хвілін.

Адбяліць рукі дапаможа маска з белага хлеба. Мякіш размачыце ў цёплым малацэ і нанясіце на скуру, праз 20 хвілін змыйце цёплай вадой.

 

Увага харчаванню

Прыгожы выгляд скуры ў многім залежыць ад правільнага, разнастайнага і паўнацэннага харчавання. Свежыя салаты, малако, яйкі, мяса, тварог, фрукты і гародніна—крыніцы неабходных арганізму вітамінаў В, D, жалеза, кальцыю, бялкоў. Сачыце за тым, каб яны часцей былі на вашым стале.


Вярнуцца назад